Цьмяна сьвяцiла лямпа за пярэднiм сталом, за каторым стаяў ды вялымi рухамi сваiх рук падмацоўваў гутарку пра «сiсьцему», яйкi — дзяржаве, малако — дзяржаве, зярно — дзяржаве, льняное семя — дзяржаве, мёд дзяржаве, усё чыста — дзяржаве той самы сельсавецкi ўраднiк Скаруповiч. Каб людзi, баранi Божа, не забылiся якi аўтарытэт для iх дабра гутарку вядзе, Яўхiм пачаў зьверху, ад самага Крамля, назваўшы "наймудрэйшага з усiх мудрых атца ўсiх народаў", каторы, вiдаць, бяссоньнiцай морыцца, турбуючыся пра дабрабыт ня толькi лiтоўскiх сялян, але i ўсiх вялiкiх i малых народаў. Пасьля «таварышч» Скаруповiч са сьцiплага моўнага запасу свайго выцягнуў колькi абшмуляных i ўежджаных ужо эпiтэтаў пад адрасам «доблiснай», што вызвалiла й каторая ня сьпiць «сiчас» на нiякай мяжы, бо "нiаб'ятную" сьцеражэ, а ў Фiнляндыi дык i здорава-такi дае ў каршэнь "гнюсным фiнскiм мiлiтарыстам i прочым капiталiстам". Гаваркi Яўхiм спынiўся на "народнай уласьцi", значыцца ў тым лiку i людзях гацкага сельсавету, што, згодна наказу таго-ж самага "наймудрэйшага з мудрых" адно пра мясцовае народнае дабро й грамадзян дбаюць.
Ужо пасьля такога ёмiстага ўступу зьнiзiўся Яўхiм да лiтоўскiх хлявоў, аўчарняў, гумнаў, курасадняў, вульляў i назойлiва-манатонна прыгадваў, што трэба дзяржаве здаваць. Не забыўся па дарозе заглянуць у «сiсьцему», адзiна-справядлiвую i ўсiм як на даланi ясную.
Людзi сядзелi, пазяхалi, драмалi.
I нарэшце да вывазу лесу Скаруповiч дабраўся.
— У мяне тутака сьпiсок, вапшчэ… учот занчыцца вывазу дрэва дзярэўняй Лiтоўцы. На iм вiджу ўсе фамiлii й сколька хто атработаў. От iнцярэсна: нiкаторыя ня выпаўнiлi нормы й вапшчэ…
Трымаючы ў руках сьпiсаны лiст паперы, Яўхiм наўмысна затрымаўся, доўга разглядаў прысутных, быццам хочачы падчыркнуць цiкавы факт, што "нормы ня выпаўнiлi".
— Вiджу фамiлiю Пракофiя Бахмача, што выпаўнiў найменi, усяго трыццаць два працэнт нормы. Ёсьць ён тут? — спытаўся войстра.
— Я тутака, — устаў апрануты сярмягу Янукоў бацька.
— Чаму нормы ня выпаўнiў?
— Я-ж, гэта самае, стараўся, таварыш зь сiльсавету, ды жарэбную кабылу зусiм зацягаў, - пачаў дрыжачым голасам Пракоп. — Нi магла яна, бедная. От ажарабiлася раней чым трэба, нi данасiла дык жарабя, — памажы яму Божа! болi ляжыць, бо ня можыць значыцца на ногi ўстаць. I сягоньнiка сам ня ведаю, што зь iм рабiць. Надта-ж конь мне трэба, алi калi што нiдалугай нарадзiлася дык якая-ж тут рада, мае людцы добрыя? От папытайцеся, таварыш зь сiльсавету, людзей. Усе ведаюць.
Пракоп разьвёў рукамi, пацiснуў плячмi й сеў.
— Ага, ну да, — прыняў да ведама Пракопаву гутарку Скаруповiч. — Нада было кабыле ажарабiцца i вапшчэ… Ну што сiчас, стала быць пасьля таго, як ваша кабыла ажарабiлася? Вы апяць… вапшчэ… паехалi дрэва вазiць?
— Дык казаў-жа вам, — тлумачыў Пракоп, ужо не ўстаючы, — што кабыла зацiганая, ня можыць… Улегцы падзiржаць яе трэба, каб падужэла.
— Сколька врэмя таму, як кабыла ажарабiлася? — насядаў Скаруповiч.
— Дык ужо цi ня месяц будзiць… Я-ж кажу…
— Дык вы думаеце кабылу ў хлеве дзiржаць, ужо цэлы месяц дзержыце, а лесу вапшчэ ня думаеце вазiць? — павысiў Яўхiм голас.
— Я-ж кажу, — баранiўся Пракоп, — што слабая яшчо. Трэба…
— Вы мне кажаце! — крыкнуў Яўхiм, — вы мне не кажыце! Я вам буду казаць i вапшчэ… панiмаiця? А вы маўчыце i мае распаражэнiя спалняйце!
Гэткi Скаруповiчаў выбух паралiжаваў шэпты ў залi. Людзi спачувальна пазiралi на Пракопа й няпрыхаваная варожасьць да фiнагента зьявiлася ў некаторых сялянскiх вачох. Нiколi дагэтуль не давялося Пракопу быць аб'ектам публiчнага ганьбаваньня. Ён апусьцiў галаву, глядзеў як дрыжэлi рукi, тыя самыя рукi, што калiсьцi ў глыбока-засьнежанай пушчы тузалiся зь вялiзнымi чурбанамi першакляснага дубу цi бярозы, якую пасьля ў "саюзную Гiрманiю" высылалi.
Янук сядзеў побач Дунi. Яшчэ напачатку сходу паклiкала яго да сябе дзяўчын. Гутаркi як i ня было. Паўслова, мiрг вока васiлька, штурхель у бок, дробненькая ўсьмешка, кепiкi, вось i ўсё. Здавалася Януку, што быў зьдзек i падман, абяцаньне нязьведанага й таўханьне пад бок. Усё гэта адбывалася ў вялiкай цеснай грамадзе, мiж завязаных кутамi пад бароды хустак, поту ад тыднямi нямытага цела, недахопу сьвежага паветра. Вабiлi пад шаўковай сукенкай у модным пальце тугiя грудзi, прынаджвала цяпло дзявочага цела, дурманiла галаву ейнае дыханьне.
А там за сталом гаспадарыў нахабна-валадарны й дурнаваты ў гэтай ролi Скаруповiч. Збоку смуродзiў самакруткай басяк Пятух. Гарой напокуцi стаяў фiнагент i голас свой вайстрыў не на каго iншага а на яго бацьку. Пракоп стаяў пры пярэдняй лаве, азiраўся на бакi, стараўся вытлумачыць тое, што ўсiм у вёсцы даўно ясна было. Якраз як тады, перад пабiтым абразом Прадславы, бацька выглядаў скорчаны, панiжаны, прыбiты. I Скаруповiчаў крык-загад недарослага гарлапана-ўраднiка, каторы адно ў пух абрастаў, нiчога пра жыцьцё ня ведаў, выклiкаў лiтоўскага селянiна на паядынак.
Читать дальше