Дэталь 72
ПАРАСКЛЕЙВАЦЬ АБВЕСТКІ. Трэба парасклейваць абвесткі. “Маладая сям’я з аднаго чалавека здыме кватэру ў вашым доме. Цішыня й парадак гарантаваныя. Тэл. 2428677”.
Вось ужо й прысьпеў час пра асобны кут падумаць. Ён мне прост неабходны, гэты самы асобны кут. Мая сям’я расьце з кожнай крызай, з кожным новым каханкам. Мяне робіцца столькі, што я ўжо ня ўпэўненая ў дакладнай лічбе сваіх воляў оляў вольгаў волечак вальжынаў вальцісяў вольцяў... ад усіх гэтых бяздомных і напаўжыцьцяздольных дармаедак круціцца галава. Час думаць і пра самастойнае жыцьцё. Я прыклейваю адну абвестку да дзьвярэй бібліятэкі, там дзе працуе адна мая знаёмая, нечым падобная да птушкі. Другую - да дзьвярэй крамы, там заўсёды ў цябе пра нешта пытаюцца. Пытаюцца, які памер, улюбёны колер, а ваш стыль? Толькі перакроч ганак - ты адразу адчуеш як усе й усё прапахла адзіным жаданьнем - уціснуць усіх у нейкія памеры, нумары, знакі, лічбы, адрэсы, гендэры, статусы, іміджы, ня ведаю я, які ў мяне памер.
Расшпіліце-тка паліто.-.напэўна... - яна кудысьці зьбягае потым вяртаецца, я думаю толькі пра яе: якая яна прыгожая і што вось пасьля працы яна сьпяшаецца дадому гатаваць вячэру. Дзяцей у іх пакуль няма, праўда яны ўжо знайшлі рэдкаснае імя для дзяўчынкі, аднак жа хлопчыка хочацца болей. Яна дэманструе адшуканую кашулю й чакае маёй рэакцыі. У сваю чаргу, я, вядома ж, заўсьміхаюся неяк вінавата і буду стаяць і чакаць, пакуль яна будзе перабіраць усе магчымыя варыянты. Зараз я ніхто іншы як лялька, якую трэба ПЕРА-апрануць. Тут галоўнае працэс, а ня вынік. Мне робіцца сьпякотна, мне няўтульна, я ня ведаю, ці хопіць мне грошай, ня ведаю, ці хопіць мне мужнасьці, ня ведаю, ці хопіць мне часу, ня ведаю, ці хопіць табе цярплівасьці, ня ведаю, ці хопіць цярплівасьці мне. Я куляй вылятаю з крамы, бо ўзгадваю: трэба парасклейваць абвесткі, дарабіць пераклад, пад’есьці, памарыць, распланаваць свой магчымы сыход, падрыхтаваць тваё магчымае прыйсьце.
Але выкруціцца немажліва. Цябе ўсё адно заклясыфікуюць, дадуць асабісты нумар, падбяруць адпаведнае азначэньне, падпішуць цану, знайдуць пакупніка, па-сьвяточнаму запакуюць і адправяць. Куды? Куды-небудзь, лёс - ён як і нумар - ва ўсіх свой асабісты. Трэцюю абвестку я прыклею да дзьвярэй свайго дому. Буду павяртацца... - а раптам зацікаўлюся.
Дэталь За
Новы дзень
(пераклад з ангельск.)
Ад каго
...значыцца, гэта была ты. Я здолею адкрыць тваё паведамленьне пры ўмове, што ты дашлеш яго мне яшчэ раз. Гэта магчыма? Як ты? Я правёў шмат часу ў сябе на лецішчы непадалёк ад мяжы з Расеяй. Ты вучышся ці працуеш? Калі ласка, напішы мне зноўку. Выбачай, але мы па- вінны быць пільнымі з гэтымі вірусамі-крыміна-ламі.
Ад каго
...калі я вярнуся ў Хельсынкі, я абавязкова запытаюся наконт фінскай мовы. Жудасныя навальніцы амаль кожную ноч тут! Буду радая ад цябе пачуць.
Ад каго
...Дарагая Воля. Было файна пачуць ад цябе. Мне шкада што ты ў down'e, я ведаю што гэта такое. Магчыма, ты занадта сур’ёзна прымаеш некаторыя рэчы... магчыма, трэба меней зважаць на людзей. “Ёсьць кветкі, што былі народжаныя, каб квітнець незаўважанымі, непрыкметна, і дарыць свой водар паветру пустэльні”.
Ад каго
...хай, sweety, як ты там маешся?
Твой апошні ліст вельмі дзіўны. Хто можа цябе пакрыўдзіць, мо гэта я? якія ў цябе могуць быць праблемы? Што ў вас там здарылася? У мяне ўсё добра. Зараз працую на дзвюх работах: у макдональдзе з 7 аm - 3 pm, потым у другім фаст-фудзе (Арбіс), 5 дзён на тыдзень. У макдоку я працую касырам, праца дурная, увесь час заняты, у Арбіс я канструктар сэндвічаў: ляплю сэндвічы па кніжках ды схемах - прыкольна.
Ад каго
...Прывітаньне, гэта зноўку я. Сумую па ўсіх, а яшчэ я захварэла і не магу хадзіць на мора. Здаецца наш Вітал не сьпяшаецца вяртацца са штатаў, я яго заб’ю, шчыра, ня сьмейся. Спадзяюся ён не застанецца там з тымі тоўстымі амэрыканскімі дзеўкамі. Пакуль.
Ад каго
...ты даслала мне віншаваньне на дзень валянціна, а потым сышла зь кімcьці іншым. Я тэлефанаваў табе даволі позна, але цябе не было. Гэта ня добра, зусім ня добра. Калі ў цябе хтосьці ёсьць, проста скажы, навошта хавацца й хлусіць увесь час. У мяне новы нумар тэлефона, але я ня думаю, што ён табе патрэбны, і, вядома ж, табе пляваць, як мне на новым месцы.
Бывай.
Дэталь 15
Час быў класьціся спаць. Ці то прачынацца? Трэба было абіраць, зноўку абіраць, спаць-прачынацца, прачынацца-спаць. I я абіраю.
На падваконьні ўжо доўгі час не было нічога. Фартэпіянныя пальчыкі з задавальненьнем лашчылі палатняную скуру, гаспадар якой прымружваў павекі й час ад часу ўздрыгваў, падаючы прыкметы жыцьця. Пэўна, Шапэн яму падабаўся. Аднак ад доўгай практыкі пальчыкі пачалі стамляцца, блытацца й запавольваць свой pyx. Бедныя, яны ня ведалі, што хутка па іх прыйдзе дзядзька з малінавымі рукамі й прымусіць цыраваць ягоныя капелюшы, ужо неаднойчы прастрэленыя (разам з галавой) мясцовымі хлапчукамі.
Читать дальше