Аднак Алесь усё ж прыйшоў сюды. Чаму, навошта? Як ён жыў гэты час, што яны ня бачыліся?.. Што рабіў, ці пакутаваў хоць?.. І Марыйка вырашыла падыйсьці да Алеся. Што ён зробіць? Разгубіцца, шарахнецца ад яе, уцячэ, як уцёк тады?.. Ці згадвала яна гэтага хлопца за прамінулы час? Згадвала і, хутчэй, шкадавала яго, а не ненавідзела… Дакладней, спачатку ненавідзела, а потым – шкадавала… Але і цяпер яшчэ тлела ў яе злосьць на яго, за той учынак, калі ён зьбег, пакінуўшы яе адну супраць трох хлопцаў. Злосьць і неразуменьне. Добра, хлопцы аказаліся зусім ня страшнымі, а нават сімпатычнымі, пасьмяяліся разам з няўдалага кавалера і правялі да станцыі, пасадзілі на бліжэйшую электрычку да Менску… Так, злосьць яшчэ тлела, але цяпер тая злосьць перарасла ў цікаўнасьць, захацелася ёй зазірнуць яму ў вочы. Не, не прыстыдзіць поглядам, а паспрабаваць зразумець.
Ён яе ня бачыў, стаяў сярод людзей – адзін, сам у сабе, як на бязьлюдным востраве. Прынамсі, так ёй падалося. Пэўна, ён нікога не шукаў тут і нікога не чакаў. Калі Марыйцы заставалася падыйсьці да яго два-тры крокі, ён раптам павярнуўся да яе – нібы нутром адчуў набліжэньне… Яна думала – ён спалохаецца, замітусіцца… А ён засьвяціўся радасьцю: “Марыйка!..” – міла прамовіў і заўсьміхаўся. І яна ад нечаканасьці азірнулася – мо гэта не да яе…
Да пачатку мітынгу яны ўзбуджана прагаварылі, не заўважаючы нікога вакол: ён раз-пораз прасіў у яе прабачэньня і казаў, як хацеў яе пабачыць і як шукаў гэтае сустрэчы. Яна больш маўчала, але і не адпрэчвала яго.
Словам, прымірэньне адбылося нечакана проста. І для яго, і для яе. І калі да мікрафону выйшаў першы выступоўца, яны ўжо стаялі побач і Алесь трымаў руку Марыйкі ў сваёй – грэў. Можа, прымірэньню паспрыяла і агульная атмасфера, што панавала на плошчы. Калі пачаўся мітынг, людзі ўбачылі, што іх сабралася нечакана шмат. Тысячаў дваццаць, ня менш. І нястрымная эйфарыя ахапіла ўсіх, нібыта яны і сапраўды перамаглі на гэтых выбарах. Прынамсі, яшчэ не прайгралі. І калі выступоўца сказаў: мы не прызнаем вынікаў выбараў, мы будзем патрабаваць пераліку галасоў і паўторных выбараў, і над плошчай загучала магутнае: “Ганьба!”, потым: “Верым! Можам! Пераможам!” – ня толькі ў Марыйкі на вочы набеглі сьлёзы радаснага ўзбуджэньня. Яшчэ больш пачуцьці ўдзельнікаў мітынгу распаліў хлопец, які з бел-чырвона-белым сьцягам узьлез на дах маршрутнага аўтобусу, што падыйшоў да прыпынку, і так і ад’ехаў на ім, размахваючы сьцягам… Народ на плошчы адчуў сваю сілу, і што іх сёньня і тут – не спыніць, не зламаць…
Выступоўцы зьмянялі адзін аднаго, прасьвістала над плошчай небывалая сьнегавая завея, якая прыйшла ніадкуль, з чыстага, здавалася б, неба, і, казалі потым, што нідзе ў Менску і нідзе ў Беларусі, апроч гэтай плошчы, завірухі ў той час не было. Людзі, закутваючыся ў шалікі і каптуры, адразу ж загаварылі, што гэта ўлады зарганізавалі гэтую мяцеліцу, каб напалохаць мітынгоўцаў і разагнаць па дамах, што, пэўна, недзе на дахах дамоў стаяць сьнегавыя пушкі з Раўбічаў ды Сілічаў… Але завіруха гэтая раптоўная і хуткацечная яшчэ больш зьяднала людзей, узмацніла пратэст, узрушыла і адгукнулася жаданьнем прыйсьці на плошчу і заўтра…
Так, заўтра, бо на сёньня арганізатары, якія, відаць, і самі не чакалі, што на плошчы зьбярэцца столькі людзей і разгубіліся, аб’явілі мітынг закрытым і заклікалі ўсіх прыйсьці заўтра, каб падвесьці канчатковыя вынікі выбараў. Плошча выдыхнула расчараваньнем, маўляў, нас так шмат сёньня сабралася і вы ня можаце скарыстаць гэтую сілу... Адчуў, што нельга так вось ні з чым распусьціць народ, адзін з нядаўніх кандыдатаў у прэзідэнты і заклікаў пайсьці да плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі да помніка. Нічога добрага, але хоць нешта… Людзі рушылі калонамі па ходніках, аднак настрой ужо быў ня той, і Марыйка з Алесем вырашылі з імі не ісьці – павярнулі ў адваротны бок, да вакзалу: ім трэба было пабыць разам, удвох, перад тым, як разьехацца па дамоўках.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мілы Алесь… Сустрэча з табой на плошчы была настолькі нечаканай для мяне, што я не змагла пераадолець у сабе цікаўнасьць паглядзець, як ты будзеш паводзіць сябе пасьля таго, што здарылася між намі… А ты павёў сябе абсалютна натуральна. Дакладней, для мяне на той момант, можа, і не зусім натуральна, бо мне хацелася, даруй, бачыць цябе прыніжаным і разгубленым, што было б правільна, як мне думалася, а ты… мне абрадаваўся, пайшоў насустрач радасна ўсьміхаючыся. І выбіў у мяне глебу з-пад ног... Потым я зразумела, чаму так сталася: за час, які прайшоў ад нашае вандроўкі за горад, ты шмат перажыў і перадумаў. Ты зьмяніўся, урэшце рэшт. Ты стаў іншым. Ты змог зрабіць гэта, хоць на такое здольны ня кожны. Тым болей, мне здавалася, на такія зьмены ня здатны ты – той, якога я ведала… І мне стала цікава, што ж з табой здарылася?.. Да таго ж, прызнаюся шчыра, ты быў мне неабыякавы і тады, раней – і як чалавек, і як паэт. Таму я і пасябравала з табой, не адрынула адразу там, на прыпынку тралейбусным. Хоць і адчувала, як часам прасьлізгвалі ў тваім голасе ноткі зьдзеклівага стаўленьня да мовы і да тых, хто “змагаецца з рэжымам”. Цяпер, заўважыла, у цябе і гэта прайшло… Ты сказаў, што вершаў больш ня пішаш. А шкада – паэт ты быў ня з горшых... Некаторыя твае радкі я памятаю і цяперака. Асабліва той верш, пра вольных птушак у небе… І яшчэ адзін – пра чырвоных мурашоў…”
Читать дальше