Марыйка ўсьміхнулася і цяпер, згадаўшы той выступ. Улады тут паказалі сваю слабасьць і тым, мажліва, шмат у каго, хто і не зьбіраўся ісьці на плошчу, абудзілі цікавасьць…
Але сьмех-сьмехам, цікавасьць-цікавасьцю, а яна йшла на мітынг і сур’ёзна думала, што нікога на плошчы ня будзе, а тых, хто ўсё ж пойдзе да яе, пахапаюць на падыходзе. Тым болей, што ўлады сабе рукі разьвязалі: ужо вядома, што перамога на іх баку і яны застаюцца яшчэ на адзін тэрмін, а значыць, можна дзейнічаць сьмела, бязьлітасна, без аглядкі і бяз боязі, што за жорсткасьць давядзецца адказваць. Навошта ў такім выпадку ёй ісьці “пратэставаць”? Чаго тым даб’ешся, што каму дакажаш?.. Але Марыйка ішла, бо да-ста-ла ўжо, бо колькі можна дурыць народ, спадзеючыся, што ніхто не адважыцца нават пікнуць… Ішла, хутчэй, з адчаю, хоць мама і прасіла яе: не ідзі… Сяброўка маці была ў выбарчай камісіі на нядаўніх парламенцкіх выбарах і са сьлязамі на вачах расказвала, як прымушалі іх “правесьці” патрэбнага ўладам кандыдата: давялі план загадзя, колькі працэнтаў галасоў на іхнім участку ён павінен набраць, а ў іх атрымалася, што перамог апазіцыянер, а прадстаўнік уладаў не набраў і дзесяці адсоткаў, і тыя – пры папярэднім прымусовым галасаваньні… Яны падлічылі і ціха, самі сабе, парадаваліся. Старшыня камісіі павезла пратакол у раён, а сябры камісіі, як звычайна, сталі рыхтавацца адзначыць заканчэньне працы. Накрылі стол – торт, гарбата, кава, адкаркаванае чырвонае віно прытоена ля ножкі стала, а старшыні ўсё няма. Потым прыязджае заплаканая і кажа: дзяўчаты, трэба перапісаць пратакол, лічбы павінны быць вось такімі і паказвае на паперцы: 90 адсоткаў за кандыдата ўладаў… А як жа нашыя падлікі? А ніяк… А як галасы людзей? Ніяк… Трэба перарабіць і ўсё: інакш на працу заўтра можна і ня йсьці. Ды, зрэшты, што перажываць! Усе так робяць… І ніхто ведаць ня будзе, ніхто не абурыцца… А разам і бацьку ня страшна біць (тут лепш сказаць – служыць…). Перапісалі, што ж рабіць… Можна з пэўнасьцю сказаць, што і сапраўды, так было не на адным іхнім участку. І ня толькі на тых выбарах, а і на гэтых... У Беларусі з 1995 году перамагае той, хто падлічвае галасы. Аксіёма.
Так, амапаўцаў вакол плошчы не відаць, пэўна, як звычайна, сядзяць у сваіх машынах у блізкіх, навакольных, дварах, і наганяюць у сабе злосьць на праклятых апазіцыянераў, што не даюць ім па гэтым холадзе быць дома, з сям’ёй, а вымушаюць сядзець у прамерзлых аўтобусах… Было і сапраўды халаднавата, хоць другая палова сакавіка, але зіма яшчэ не адступала. Пакуль ішла, Марыйка марозчыку не заўважала, а прыпынілася трохі, і шчокі прыхапіў жарсьцьвяны сівер. Зірнула на гадзіньнік – без хвіліны дзевятнаццаць. Наперадзе, на плошчы, некалькі купак людзей – зусім мала. Сярод іх ці ня большасьць знаёмых ёй твараў – з папярэдніх акцыяў, з сустрэчаў на розных імпрэзах, вечарынах – усё больш “сьвядомыя” са студэнтаў, пісьменьнікаў, мастакоў, ёсьць і незнаёмыя, але пра іх адразу можна сказаць, што то пераапранутыя стукачы. Зрэшты, і сярод гэтых было нямала ужо знаёмых з тых жа ранейшых акцыяў. Звычайная справа: спачатку аціраюцца, прыкмячаюць актывістаў, а потым, у адзін момант, па каманьдзе “Начали!”, накідваюцца, валяць з ног, хапаюць ды цягнуць нахабную апазіцыю ў легкавікі. І там скручваюць, зьбіваюць, каб больш не хацелася пратэставаць.
19.10. Мітынг павінен быў бы пачацца ўжо – так абвяшчалі, але плошча пуставатая і, самае галоўнае, нікога з арганізатараў, нікога з камандаў прэтэндэнтаў ды і саміх кандыдатаў у прэзідэнты, няма… Расчараваньне агарнула, абхапіла і сьціснула плечы Марыйкі і згорбіла постаць яе, як ад наймоцнага сіверу. Паспрабавала супакоіць сябе надзеяй: мітынг перанесьлі на пазьней… Між тым пачынала цямнець і на ноч браўся добры марозік. Градусаў пад дзесяць. Марыйка прайшлася да знаку, дзе пачынаюцца ўсе дарогі Беларусі, азірнулася на вялізны рэкламны тэлеэкран, дзе паказвалі навіны – расказвалі пра тое, як заканчваюцца выбары. Падыйшла да месца, дзе на Новы год стаяла елка. Лёд пад нагамі – каток заліты ўзімку яшчэ не растаў… На гмаху Палацу Рэспублікі, абазваным саркафагам, заўважыла дзьве чорныя на тле неба постаці – ужо назіраюць за намі гэбісты, хто ж яшчэ можа там быць – пасьміхнулася. Пачула: людзі між сабою гавораць, што цягнікі на станцыях метро “Купалаўская” і “Кастрычніцкая”, што пад плошчай, ужо не спыняюцца. Тых, хто хацеў бы выйсьці тут і далучыцца, адвозяць да наступных станцыяў. Значыць, мо яшчэ ня ўсё страчана?
Читать дальше