Назаўтра ўжо на пачатку мітынгу, на які прыйшло ня менш людзей, чым 19-га, стала зразумела, і ня толькі Марыйцы з Алесем, што нельга вось так зьбірацца штодзень на плошчы, стаяць на холадзе “чакаючы з мора пагоды”, трэба нешта рабіць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ўладаў і ня толькі ўладаў, каб, урэшце, чагосьці дабіцца і каб зварухнуць народ… Надзея тут, у натоўпе, на перамены ажыла па новай. Пачуліся размовы сярод моладзі, што варта застацца на плошчы, паставіць намётавы гарадок, наладзіць дзяжурства і не сыходзіць дамоў, пакуль не пераможам… Нас падтрымаюць іншыя, найперш студэнты, а затым выйдуць на вуліцы цэлыя заводы – будзе кіеўскі майдан, і тады ўлады ня змогуць спусьціць цішком сваю “элегантную перамогу” і праігнараваць “волю народу”… Марыйка і Алесь адразу і разам вырашылі, што застануцца тут, на плошчы, і калі людзі расступіліся, сталі паўкругам і на вызваленым пляцы зьявіліся хлопцы і дзяўчаты ды пачалі ставіць першы намёт, яны, не згаворваючыся, а па нейкім імгненным руху сьцятых рук, першымі кінуліся дапамагаць. Разам з імі тых, хто ставіў намёты, было ўсяго дзясятак чалавек. І адразу ж да іх ірванулі дужыя хлопцы ў чорным адзеньні і чорных спартовых шапачках-пеўніках, расьпіхалі і што змаглі выхапіць з рэчаў – выхапілі, зламалі, урвалі і… зьбеглі. Бо, пэўна, убачылі, што людзей не запалохаць, бо проста фізічна адчулі такі моцны пратэст і сілу мітынгоўцаў, а плошча загула абуральна, што здрэйфілі. Людзі апамятаваліся, утварылі кола ад выхаду з метро да прыступак Палацу Прафсаюзаў, і ўжо бесперашкодна моладзь паставіла першыя чатыры намёты.
Потым, канчаткова вырашыўшы, што застаюцца тут на ноч, Марыйка і Алесь пасьпелі яшчэ зьбегаць у бліжэйшы ўніверсам, каб купіць сяго-таго з прадуктаў і сагрэцца – папіць гарачае кавы. Пабеглі ня толькі яны, і прадавачкі падазрона пазіралі на ўзбуджаных маладзёнаў, якім раптам спатрэбіліся так позна бутэрброды з сабой ды яшчэ ў такой колькасьці. Адзін мужчына сказаў: “Колькі тут у вас бутэрбродаў? Пяцьдзясят? Забіраю ўсе…” А потым, калі прадавачкі даведаліся навошта, стараліся хоць позіркам выказаць сваю падтрымку і спачуваньне. Марыйка грэла рукі гарачай кавай, паглядала на гэтых цётак і думала: большасьць у Беларусі вось такіх, шчырых і мілых людзей, якім хочацца пераменаў і якія ненавідзяць саміх сябе за тое, што скарыліся нават ня сіле, а проста нахабству і беспардоннаму хамству ды хлусьні, але нічога з сабой зрабіць ня могуць, бо іх умела разьбілі на купкі, на адзінкі, замкнулі ў сем’ях, запалохалі – кожны сам за сябе… Яны ня вераць нікому побач, у кожным бачаць ня сябра, а ворага, які хоча разбурыць іх утульны, пешчаны гадамі, хай і бедненькі, сьвет... І аб’яднаць іх у сілу, якая паўстане супраць падману і несправядлівасьці, пакуль немажліва…
Марозчык на ноч узяўся неслабы, але Марыйка і Алесь не заўважалі холаду ў намёце, які стаў для іх укрыцьцем ад усяго на сьвеце, ад усяго сьвету. Ім трэба было пабыць адным, хай і на плошчы сярод тысячаў людзей – і намёт дазваляў гэта зрабіць. Ім шмат пра што трэба было распавесьці адно адному. І выказаць тое, што перадаецца ня словамі, а толькі праз няўлоўны поціск рук, праз позірк вочы ў вочы і ніяк іначай… Што і казаць, Марыйка сумавала па Алесю і часта згадвала пра яго, хоць і не хацела сабе прызнавацца ў гэтым. А тым болей, відаць, – Алесь. Віна перад дзяўчынай, якую ён здрадніцкі пакінуў некалі, не давала яму спакою. І цяпер у яго зьявілася мажлівасьць выгаварыцца. Не апраўдацца, не… а проста выгаварыцца, нават без надзеі на дараваньне.
Праз столь і бакавіны намёту прабівалася сьвятло ліхтароў з плошчы, але было цёмна, і гэта таксама спрыяла шчырасьці і адкрытасьці. Яны бачылі толькі вочы адно аднога зусім блізка, якія гарэлі, палалі агнём, блізкасьць дыханьня і целаў узбуджала яшчэ больш, і Алесь зусім перастаў саромецца самога сябе, нядаўняга няўдалага кавалера і самагубцы. Ён баяўся толькі аднаго: быць няшчырым і каб гэтую, мажлівую, няшчырасьць не адчула Марыйка. Ага, баяўся ён яшчэ аднаго: страціць яе зноў – цяпер ужо назаўсёды.
Марыйка бачыла гэта і слухала ўважліва, не перабівала, не перапытвала, хіба тады, калі ён расказваў, як сядзеў на краі даху і глядзеў у такі блізкі і зусім нястрашны туман, мацней сьціснула ягоную руку… Ён і сапраўды шмат перадумаў і зразумеў там, у адзіноце, на даху. Чаму самагубцаў ня любяць і не апраўдваюць практычна ні ў адной з рэлігіяў? Бо здацца, скарыцца абставінам вельмі лёгка, а пераадолець іх, перамагчы – няпроста, ня кожны на тое здольны. Для таго, каб засіліцца ці скочыць уніз са шматпавярховіка мужнасьці ня трэба, значна цяжэй “зрабіць жыцьцё” (памятаеш верш Маякоўскага, прысьвечаны Ясеніну? – спытаў Алесь). Шлях да ісьціны палягае праз памылкі і выпрабаваньні, спадзяюся першыя і самыя важныя я прайшоў, казаў Алесь. Я паглядзеў у вочы сьмерці і цяпер яе не баюся. Яна сама прыйдзе ў адмераны час. Аднак важна прайсьці свой жыцьцёвы шлях ня здрадзіўшы сабе, сваім ідэалам, ня схібіўшы нідзе. Тварыць дабро – вось звышзадача. Спакойна, без мітусьні, бяз крыку. І калі хоць адзін чалавек стане лепшым, дзякуючы стасункам са мною, навучыцца заўважаць клопаты, турботы, боль іншых, як свае, калі хоць аднаму з маіх бліжніх будзе лягчэй ад таго, што я ёсьць побач, – значыць, я жыву не дарэмна… А калі я дапамагу дзясяткам, сотням…
Читать дальше