Цікавая і зусім неабходная застрахоўка, для бясьпекі жыцьця «блудных сыноў і дачок» ды іхных сваякоў у маскоўскім прыгоне, наглядалася ў эміграцыйнай прэсе. Лісты ахвяраў на выданьне газэтаў і часапісаў поўніліся рознымі ініцыяламі, скаротамі, або псэўданімамі. Шматлікія выгнаньнікі высьцерагаліся, каб ня трапіць на якія груповыя здымкі, што зьмяшчаліся з нагоды розных урачыстасьцяў ці збораў у беларускай эміграцыйнай прэсе. Яны пераканаліся, што НКВД-КДБ зьбірае ўсё ў свае архівы, студыюе кажны твар, пры помачы сваіх агентаў на эміграцыі трымае пільнае вока на найбольш актыўных антыкамуністах. Некаторых выдатных людзей, у тым ліку і зь Беларусаў, КДБ рукамі сваіх агентаў ліквідавала. Добрасумленныя суродзічы нашы, што ўжо прыжыліся на эміграцыі і матар’яльна маглі памагчы сваяком на паняволенай бацькаўшчыне, баяліся гэта рабіць, каб не сьцягнуць на сваякоў якую рэпрэсію з боку акупацыйнага рэжыму.
Як ацаніць маштаб шкоды, што бальшавікі ўчынілі беларускім нацыянальным арганізацыям грамадзкага, палітычнага, рэлігійнага, навуковага ці харытатыўнага характару на эміграцыі? Нашы суродзічы намагаліся за межамі паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыцьцё, гадаваць дзетак у беларускім духу й веры ў Бога, даваць ім магчымасьці скончыць вышэйшую асьвету, і пры гэтым памагаць народу змагацца за вызваленьне з маскоўскага ярма. І вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцігодзьдзямі бесьперапынная бальшавіцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды. Фашысьцілі эмігрантам здольныя бальшавіцкія палітрукі, што найчасьцей у завяртанскім «голасе» выступалі апосталамі вышэйшай справядлівасьці. Выдатных беларускіх патрыётаў, што былі на эміграцыі, яны называлі «мацёрымі» здраднікамі, быўшымі прыслужнікамі фашыстоўскіх гітлераўскіх акупантаў цяпер ужо «вызваленай» — пры ахвярнай помачы «братняга рускага народу», — радзімы.
Антон Шпак бачыў змаганьне за вызваленьне бацькаўшчыны з маскоўскага каляніяльнага ярма на шырокім прасторы. Канкрэтнае-ж і штодзённае заданьне: мала было адбівацца сяньня ці атакаваць тых маскоўскіх цівуноў, што няспынна прадаўжалі фашысьціць усім беларускім нацыянальным лідарам у дыяспоры; неабходна было ня толькі захаваць, але й памнажаць свае сілы, ці, — калі накш сказаць, — людзкія рэсурсы, каб мець базу для аднаўленьня нацыянальнага арганізму ў будучыні. Там-жа, у зоне, цяпер ужо пад уладай спадкаемцаў таго «вялікага й мудрага айца ўсіх народаў» адбывалася нячуванае дасюль у сваіх маштабах злачынства: ліквідаваліся апошнія беларускамоўныя школы, а русіфікацыя культурнага, навуковага і адміністрацыйнага жыцьця «сувэрэннай» псэўдарэспублікі дайшла да кульмінацыйнага пункту; ад якога ўжо няма дарогі назад да адраджэньня зганьбаванай і запрыгоненай нацыі. Пасьля страты мовы, культуры, традыцыяў, сьведамасьці свае гістарычнае мінуўшчыны, собскае і нацыянальнае годнасьці — наперадзе адно цемра: некалі ў гісторыі вялікі й слаўны народ ператворыцца ў «зямляцтва», угнаеньне для прагавітых дзярлівых чужынцаў.
Трэба, адылі, разьлічваць, што цяперашні гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час і добрыя хаўрусьнікі. Супольны фронт усіх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палітычнай каньюнктуры і падтрымцы дэмакратычных краінаў вольнага сьвету, дасьць даволі сільны штуршок, каб піхнуць «імпэрыю зла» да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькі адбівацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных «голасах радзімы», дэзынфармуюць і так ці мала зьбянтэжаных суродзічаў. Абавязкова трэба назапасіць амуніцыі і на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гісторыю Беларусі, яе культуру, традыцыі, пабудуюць для сябе рэлігійныя сьвятыні і паклічуць да аўтароў такіх сьвятароў, для якіх любоў бліжняга стане на адным узроўні з адданасьцю інтарэсам беларускае эміграцыі і паняволенай бацькаўшчыны.
У розных сваіх эміграцыйных інстытуцыях трэба новаму, ужо за межамі бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь і, у найгоршым выпадку, калі ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусі, дык прынамсі старацца ўзгадаваць нейкіх ейных сымпатыкаў і абаронцаў. Каб запрыгоненая краіна ніколі ня страціла за межамі, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нівах.
Читать дальше