— Алесь, я мушу табе расказаць, — ціха шаптала Вера.
— Расказаць што?
— Пра той першы пацалунак і чаму я проста не магла… знаеш… Была прычына… Гэта сталася даўно, калі мне ня было яшчэ шаснаццаці гадоў…
— Не! Не кажы, перастань! — Алесь закрыў ёй далоньню рот. — Я не хачу слухаць пра тое, што там было. Я хачу цябе бачыць і ўяўляць, — калі цябе няма пры мне, — такой, як цябе цяпер бачу — цудоўным пахучым рамонкам, прынаднай і чыстай прыгажосьцю. Навошта-ж усё гэта бярэшся сапсуць?
Дзяцюк уяўляў ужо, што вось гэтая цаца-ляля, што побач, зараз-жа пачне рабіць нейкія дзіўныя ці жахлівыя прызнаньні пра свае дзявочыя грахі, наводля тых, пра якія можаш прачытаць у такіх папулярных для аматараў усякай эротыкі часапісах, як True Confessions…
— Ды я ня зьбіраюся нічога сапсуць, — гаварыла ўжо ўсхваляваная Вера. — А чаму-ж я не магу нічога расказаць пра сябе? Ці гэта я ўчора нарадзілася?
Цяпер у тых прывабных вачох зьявіўся дакор.
— Віншую цябе, міс Мак, з тваім ранейшым нараджэньнем і з тым, што ты вырасла прыгожай, як ляля, але-ж я ня выклікаў цябе на нейкую споведзь. Мала што нешта там было…
— Не, Алесь, я мушу, я хачу табе расказаць!
Памаўчалі. Алесеў зрок затрымаўся на лодцы, што на возеры. І там — ён і яна. Магчыма, першае каханьне… А тут у яго каторае? Дзяўчына хоча апавядаць пра сваё мінулае… Няхай…
— Мне тады ня было яшчэ чатырнаццаці і я жыла ўжо ў другой сям’і…
Дзяўчына, нагнуўшыся, зрывала сьцяблінкі высокай травы. Навокал, у сваім росквіце, цешыўся сьвет. А гэтта Вера Януку пачынае нешта наводля споведзі. Ён уважна зірнуў на ейны твар і здалося, што яна цяпер намагаецца пазьбягаць ягоных вачэй.
— У іх быў адзін сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялікі, сільны й брыдкі, у шахце працаваў. Бацькі ягоныя любілі мяне, як сваю, часта паўтаралі, што й самі некалі хацелі мець дачку. Я таксама іх любіла; добрыя і працавітыя, ашчадныя, сумленныя людзі. Яны мелі сваю харчавую краму, працавалі доўгія гадзіны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, — калі не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора і кліентаў мець ня будзеш.
— Мы жылі наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамі. У краме было многа работы перад сьвятам і гаспадыня — яна называлася Джэйн, — папрасіла мяне, каб я пачысьціла пакоі наверсе. Я старалася ім памагчы, дык і прынукі ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу і была на каленях, калі пачула, што адчыніліся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох і баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: — Міленькая мая, не супраціўляйся, бо ніхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне і я цябе не пакрыўджу.
— Гэтак ён сказаў із такой яхідненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разінька, апамяталася што тут робіцца, ён раптам схапіў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такі неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабіць… Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусіць, укусіла тады ягоную руку ці шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кінуў на ложак і пачаў біць мяне. — Ты хочаш біцца, сука! — крычаў на мяне. Я старалася адпіхнуць яго калі ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпіхнула яго з пасьцелі, кідала на яго падушкі, але гарыла ізноў намагаўся на мяне ўзьлезьці. Мне ўдалося скаціцца на падлогу і я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапіў мяне за руку, крутнуў і я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла… Калі ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.
— Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сілы бараніцца, але неяк спрамаглася і з апошніх сілаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сілаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапіў мае абедзьве рукі, трымаў іх як клешчамі, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сілы. Ня помню добра, што было пасьля, мусіць пацямнеў для мяне сьвет… Нейкая мітусьня ў пакоі і тады ягоны, Джова, бацька нахіліўся нада мной і спытаўся ці я окэй. Маці таго гарылы старалася захінуць мяне, бо на мне была парваная сукенка…
Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладніць.
— Ну і як, удалося яму?
— Што ці ўдалося?
— Ну тое, чаго ён хацеў…
— Не, дзякуй Богу, — ціха сказала дзяўчына.
— Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, — сказаў Алесь і адразу шкадаваў сваіх словаў.
Читать дальше