— Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! — злосна сыкнула Вера. Твар ейны наліўся чырваньню а вочы глядзелі кудысьці ўбок.
— Ты-ж гэта хацела падкрэсьліць. Ці-ж ня так? — настайваў Алесь.
— Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў і моцна пакрыўдзіў. Я тады была вельмі маладая. Гэта ня жарты былі. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела ніколі бойфрэнда і ніколі нікому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца і ня прыкрашвацца, як іншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў ці якой іншай касмэтыкі таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлі, але я ніколі ні зь кім не хадзіла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай і ты бачыў як гэта выйшла.
— Ты бедная, дарагая мая, — суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбінь. Пад квяцістай сукенкай рухаліся захінутыя ў «крос-май-гарт-бра» поўныя грудзі. Адкрытасьць і поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вяліке эмоцыі і душэўнага цяжару.
— Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла… Я ніколі й нікому раней гэтага не расказвала.
— Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? — сказаў Алесь.
— Алесь, як ты можаш так казаць? — дакарала дзяўчына.
— Выбач, я не падумаўшы…
Доўга маўчалі. Лёгкі вецярок забаўляўся дубовымі лісьцямі. Непадалёку на траве спыніўся робін, нахіліў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялікага дажджавога чарвяка, пырхнуў і зьнік у гушчы лесу. Дзесьці за ўзгоркам раскрычаліся павы. Там у загарадцы гарадзкі гаспадар парку трымаў некалькі жывёлаў і птушак для малечы.
— Алесь, — ціха, ледзь чутна сказала Вера.
— Што?
— Раскажы пра сябе.
— Што ты хочаш цяпер ведаць?
— Калі я цябе раней прасіла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну…
— Ці гэта так важна? — насьцярожыўся Якімовіч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня інакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай і шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гігантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?
— Так, Алесь, я-б хацела ведаць.
Вера адчула вялікую палёгку калі падзялілася з Алесем сваім мінулым, — няхай сабе малым кавалкам яе, — нібы выспавядалася. Спадзявалася, што Якімовіч нейкім падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун і ягоная банда ня прысутнічалі ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калішнім загадам разьведаць пра гэтага «фашыста», што побач.
— А што ты хацела-б ведаць?
— Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабіў? Усё…
— Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калі мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта… Перш за ўсё дай мне цалусіка!
— Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!
— Ня маю таго настрою, — сказаў Алесь зь вялікім націскам на апошняе слова.
— Ці-ж я ў цябе чаго замнога прашу? — насядала дзяўчына. — Я-ж во расказала пра маё самае важнае…
Цяпер яна поўнасьцю ўсьведаміла моц каханьня, якое нарадзілася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, імкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такім, якім яго Капшун намаляваў.
— Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, — тлумачыў Алесь зь нецярплівасьцю ў голасе. — Скажы, навошта так насядаеш?
— Ты мне дарагі, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.
— Божа мой! Ці-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?
Недзе парвалася струна, голас павысіўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мінулым. Узьненавідзеў усякіх сьледавацеляў-інквізітараў.
— Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела…
— Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я і не хацеў слухаць…
— Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.
Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала і хуткімі крокамі пайшла прэч.
— Вера, вярніся!
Дагнаў дзяўчыну, схапіў яе за руку, але яна адпіхнула яго.
— Ідзі ад мяне! Я ніколі не хачу цябе бачыць!
У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. І ў тым — поўная фінальнасьць. Зьбянтэжаны такім нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамі да сьцежкі, кроў малаткамі бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлілася ля ног і ззаду калі той «цудоўны рамонак» зьнік за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кішэню й выцягнула сярэбраную папяросьніцу. Едкі дым ускалыхнуў лёгкімі.
Читать дальше