Лівень за вакном спыніўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркім сьвятле настольнае лямпы, у мяккім крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыі артыкулаў у «Беларусе». Калі-б Шпак не атаўбаваўся з процілежнага боку барыкады, Капшун павіншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе ніці людзкога здаровага пачуцьця спалучаліся із струнамі духовасьці, дзе вастрыё сатыры ў руках генія паралізуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнілой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася із спачувальным шкадаваньнем калішніх блізкіх сяброў і вялікіх патрыётаў паняволенага народу, якіх так ці накш прымусілі лізаць маскоўскія азадкі…
Капшун часам пісаў соцрэалістычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. «Между нами говоря» ў мясцовую «рабочую газетку», любіў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фірме «Славянская Кніга», што здабыла ліцэнцыю ад «Совиностранторг» для перасылкі тавараў у «краіну, якая, — згодна словаў Мікіткі Кукурузьніка, — у недалёкай будучыні ўжо пабудуе камунізм». Ліцэнцыя гэна — добрае карытца, пры якім можна чэсным сваім людзям пражыць і нават пажывіцца, ды ў кішэні «суайчыньнікаў», што пасылалі на бацькаўшчыну сваяком пасылкі, залезьці. Іншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускія бебурнацы, — каб на іх безгалоўе! — вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калі Капшун некалькі месяцаў назад узяўся адлучыць іхнага лідара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсі спараліжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабіць яго фізычна, пазбавіць працы, давесьці да галечы мясцовага вулічнага валацугі. Во як! Будзе нягодніку крышка! Гнілое капіталістычнае «сословие» тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсі так меркаваў.
Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Іншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымі лістамі з заклікамі «радзімы, якая ўсё блудным сыном прабачыць», атака прапагандай пра няўхільную перамогу камунізму на ўсім сьвеце дый грандыёзныя эканамічныя і тэхнічныя перамогі на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных — усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на калені паставіць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нізкаплатнай работы ў гатэлі пагнаць! Выглядала, што праціўнік змагаўся наймацней, калі яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, — разважаў Капшун, — трэба іншымі мэтадамі спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якімовіч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьціў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.
Надыходзіў крызісны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзілася да простага наказу зьверху: камітэт за вяртаньне на радзіму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхіліць ад удзелу ў грамадзкім і палітычным жыцьці беларускіх буржуазных фашыстаўскіх нацыяналістаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзіму.
— У кажным разе, — казаў важны чалавек з амбасады, — Міхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такі давер?
Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.
— Так, таварыш, дайце мне час.
— Колькі-ж часу?
— Які год. Акцыя патрабуе паступовага націску. І Міхайлаў, вядома, павінен мне памагчы.
— Не беспокойтесь. Беритесь за дело!
Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь ім без пасярэдніцтва Канадыйскай камуністычнай партыі. Калі гэта ня мела вагі, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асабліва ацаніў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галіне… Рашылі, відаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў і дасьць багаты дывідэнд.
Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калі павысяць яго на партыйнай лесьвіцы. Не за гарамі той дзень. А Шпак? Нікчэмнік! Ён лёгка з гэтым фашыстам справіцца. Лёгка? Так здавалася… Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкі. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваім практычным і вынаходлівым розумам, «практической смекалкой». Адразу пасьля прыезду ў гэтую краіну з быўшай «панскай Польшчы» яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з «краснымі». Неўзабаве падпрогся да іх. Гэтыя ведалі сваю дарогу, вызначаліся дынамізмам і накіраванасьцю ў той час, калі іншыя палітычныя партыі тузаліся ў нерашучасьці і эканамічнай дрыгве.
Читать дальше