— Магу пазычыць гэту кнігу?
— Калі ласка, бяры.
Вера ледзь не правалілася пасьля, калі ўжо выпілі віна й закусвалі каўбасой.
— Ведаеш, Верачка, — жартаваў Алесь, — я заўсёды даводзіў, што найлепш пазнаеш дзеўку, калі заглянеш у ейную сумачку, ці, як у нас дома кажуць, торбачку. Магу я заглянуць у тваю?
Гэтак гаворачы, Алесь выцягнуў руку, каб узяць сумачку Веры з кракадзілавай скуры, што ляжала побач.
— Чакай, стой! — запярэчыла перапалоханым голасам дзяўчына.
Зьдзіўлены такой нечаканай рэакцыяй на свой жарт, Алесь глядзеў на зьбянтэжаны дзяўчынін твар.
— Ты, відаць, перапалохалася, як-бы там нейкі вялікі скарб трымала.
— I am sorry, толькі… толькі я не хацела…
— Разумею. Ты там схавала тайную лісту ўсіх варожых агентаў, — паблажліва жартаваў Алесь і гладзіў Верыну руку, заглядаючы ў яе вочы. — Так што давай яшчэ вып’ем.
Ён напоўніў пузатыя кілішкі на высокіх ножках чырвоным портвіном. Вера, як выглядала, вярнула сабе поўную раўнавагу, павесялела і ўсьміхнулася, а хлапец і не падазраваў, што жартам ледзь не раскрыў ейную таямніцу.
Капшун ледзь не падскочыў з радасьці, гартаючы Якімовічаў блакнот. Ён сказаў Веры, што блакнот тымчасам затрымае, а пасьля, — не адразу, а так за дні тры ці чатыры, — трэба яго вярнуць назад. І за дні тры Грыша аддаў Веры чорную кніжачку.
— Інфармацыі цэнныя. Не магу ня выказаць з гэтай прычыны надзвычайнага задаваленьняз так удачнай работы. Але ты, — ён тут затрымаўся і ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы, — ты мусіш прадаўжаць сустракацца зь Якімовічам і дакладваць мне аб ім, як раней. Панятна? А чалавек, да якога ты далжна дабрацца гэта Антон Шпак. Чула пра яго?
— Чула. Мне Якімовіч расказваў аб ім.
— Цудоўна! Пастрайся, каб цябе зь ім пазнакоміў. Узнай як ён жыве, што робіць, якія мае планы. Надзеюсь, гэта цябе не азадачыць?
— Ды не.
Тыдзень пазьней Вера зноў зайшлася да Алеся, каб нібыта замяніць кнігі. Калі Якімовіч адлучыўся на кухню, малая кніжка з чорнымі вокладкамі апынулася пад кнігай твораў Оскара Ўайлда.
За кароткі час пісьменьнік Шпак усьведаміў сабе, што і ён, у ліку іншых выдатных Беларусаў у дыяспоры, апынуўся пад скрыжаваным агнём маскоўскіх злачынцаў і іхных бэсэсэраўскіх падхалімаў. Кагадзе меў пэўныя сумлевы, што бальшавікі неяк памаглі выкінуць яго з працы. Цяпер-жа асновы тых сумлеваў зьнікалі. Праясьнялася. Лісты прыходзілі ці ня кажны дзень. Звароты амаль пасяброўску дарагім і ласкавым тонам. Старшыня камітэту завяртанцаў з Бэрліну нейкі энкавэдыст Міхайлаў, быццам дбайны бацька, турбаваўся пра лёс суродзічаў, кінутых у эміграцыйную нядолю. Вось як яно! І ў закліках, — мотто амаль жыўцом зь бібліі: «Вяртайцеся на ўлоньне радзімы, блудныя сыны й дочкі. Калі й саграшылі, бацькаўшчына вам выбачыць».
Лісты падрыхтаваныя машынапіскай, адбітыя на рататары, а іншыя — рэгулярным кніжным шрыфтам. Ішлі-ж яны ня толькі да Антона Шпака, але й да іншых выгнаньнікаў высокае рангі. І прасілі такім мілым-прамілым тонам, каб вярталіся ў абдымкі дарагой і кахаючай іх бацькаўшчыны, якая і прыгарне, і накорміць, і…
Гэтта-ж побач, зусім адкрыта — пагрозы. Усе вылюдкі, бандыты, фашыстоўскае ахвосьце, здраднікі, каторыя й цяпер паклёпы майструюць на «родную ленінскую камуністычную партыю» і на «сацыялістычную радзіму», — усе яны ў свой час будуць трымаць адказнасьць перад народнымі судамі. Во як! Яны прападуць, як зьнікае пена ад карабля ў акіяне. Дык вось — чада мои, — вяртайцеся на радзімы ўлоньне. Хадзеце й сядайце за падрыхтаваны для вас сямейны стол, сярод радні й сяброў спажывайце плёны зямлі роднай, а заўтра, закасаўшы рукавы, станавіцеся побач, памагайце ліквідаваць ваенныя руіны.
У чым-жа сіла такіх крывадушных заклікаў? Апэлявалі яны да патрыятызму і эмоцыі людзей, што апынуліся ў нялёгкай духовай ці матар’яльнай сытуацыі. Надта добра змайстраваны падман, які вялікай моцай прамаўляў да выгнаньнікаў, што ня мелі гэтта, — за межамі Гулагу, — фізычных сілаў і духовай вытрываласьці, каб будаваць сабе нейкую больш-менш нармальную будучыню. Людзі старэйшыя, або тыя, што ня мелі тэхнічнае адукацыі, апынуліся ў цяжкой сытуацыі. Завяртанцы з таго бэрлінскага камітэту напалохалі і так званых простых сялянаў ці індустрыяльных работнікаў. Замежная сетка бальшавіцкіх агентаў таго камітэту зьбірала весткі пра ўсіх так званых суайчыньнікаў, рабіла лісты іхных сваякоў, што былі ўдома; ствараліся пры гэтым чорныя лісты так званых грахоў перад радзімай у часе «вялікай айчыннай вайны». Напалоханыя бальшавіцкім шантажом Беларусы не маглі весьці нармальнае карэспандэнцыі із сваім сваякамі, што жылі ў маскоўскім ярме. Згодна так званых правоў, ці бяспраўя грамадзянаў эсэсэрыі, сувязь з заграніцай была крыміналам. Напалоханыя бальшавіцкімі шантажамі, шматлікія Беларусы за мяжою трымаліся таксама воддаль ад беларускіх арганізацыяў. Гэта, — верыце, ці не? — калі-б бальшавікі даведаліся пра іхны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці за межамі «сувэрэннай БССР», магло-б сьцягнуць рэпрэсіі на іхных сваякоў.
Читать дальше