— Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?
— Можаш сам угадваць.
Зноў маўчалі. Алесь ня мог назваць пісьменьніку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзіць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фізычна нямоглы. Калі-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольніць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавіну цыгарэты з пачкі Плеерс.
— Закурыце маю, — прапанаваў Алесь.
— Дзякую.
Шпак падыйшоў да полкі ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.
— Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.
— Прывычка, — адказаў пісьменьнік. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылі. Здавалася, што будзільнік на камодзе галасьней пачаў лічыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.
— Занятыя моцна ў краме?
— Ага, навал працы. Я думаў…
— Што думаў?
— Чаму вы не маглі-б зарабіць на сябе пісанінай?
— Як? — зацікавіўся Шпак.
— Ёсьць такая літаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, ці як там. Рынак на яе расьце, яна дае фінансавы прыбытак.
Алесь змоўк, пасьля дадаў:
— Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьці.
— Якую гэта такую літаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс і крымінал?
— А чаму-б не?
Ізноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы і, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур’ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.
— Я запраўды не магу зрабіць табе аніякага закіду за такую прапанову, — гаварыў пісьменьнік ціха, але тым асаблівым голасам, якім заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне. — Магчыма мяркуеш, што ў маіх абставінах можна і такім спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цяміш што для мяне азначаў-бы такі творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае «я». Скажу табе адкрыта: некалі мне самому прыйшла такая ідэя ў галаву, але яе хутка адкінуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта… Гэта праўда, што так званая тут папулярная літаратура не патрабуе вялікай фантазіі. Складнікі яе даўно й шырока вядомыя, толькі бываюць розныя варыянты з рознымі дозамі накалу. Добра яшчэ мець у такім стылі набітую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, які зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкі ў такой пісаніне. Мяне параліжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за ідэя!
— А чаму-б ня пісаць пад псэўданімам? — раіў далей Алесь.
— Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.
Якімовіч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным і вельмі цэнным пісьменьнікам перадусім таму, што захаваў чалавечую годнасьць і чыстае сумленьне. Творчае літаратурнае мастацтва ставіў на высокі п’едэстал. Да тварцоў так званай вулічнай, або папулярнай літаратуры адносіўся з пагардай. Шпакавы творы — пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьці. Запрыгоненыя ішлі ў бой за свабоду. Зь іншага боку — каламуць дэспатычнае крывадушнасьці, распусты, махлярства, бязбожніцтва, забойства з боку «сільных сьвету гэтага». Суродзічы бачылі ў асобе Шпака ня толькі выдатнага пісьменьніка, але вялікага змагара за вызваленьне Беларусі зь няволі маскоўскай каляніяльнай імпэрыі.
Хаця ў некаторых творах Шпак не абмінаў эротыкі, але яна ня была самамэтай, а толькі пабочным элемэнтам высокага ідэалізму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той «літаратуры», якая гэтта за акіянам масава тварылася для шырокага рынку.
Шпакавым творам цяжкая была дарога ў іншамоўныя рынкі перадусім таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволі, у захаднім сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калі ў Аб’еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнік ад БССР, дык яго і прадстаўніка савецкай Украіны лічылі як-бы ўзнагародай у якасьці двух галасоў у міжнароднай арганізацыі за тытанічныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гітлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскіх марыянетак — савецкай Беларусі ці Ўкраіны, — на міжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: ні рыба, ні мяса! Нешта непаважнае гэта. Калі ворагі Беларусі на дыпляматычнай міжнароднай арэне не маглі цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага «не было, нет и не будет», дык усёроўна трымаліся думкі, што Беларусь ня была, ня ёсьць і ня будзе самастойнай дзяржавай.
— Так што ня будзем пра гэта гаварыць, — заключным тонам сказаў Алесь. — Ёсьць у мяне яшчэ адна ідэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.
Читать дальше