Амэрыканскія навабранцы часта дыктавалі табе розныя мудрасьці, звычайна зачэрпнутыя імі раней з розных крыніцаў белых расейскіх адзінанедзялімцаў. Яны мелі нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхі змаганьня з камунізмам… Наіўнасьць, дзе твае межы? Награмадзілася маса праблемаў у супрацоўніцтве з тымі зялёнымі амэрыканскімі экспэртамі і спэцамі, якія сваёй сьлепатой у расейскіх і савецкіх справах адпіхнулі ад супрацоўніцтва шмат аўтарытэтных людзей, якія паходзілі з краінаў паняволеных цяпер Масквою.
Славістыка пры канадыйскіх унівэрсытэтах ня мела праграмаў беларусаведы. Выкладаньне расейшчыны абсадзілі Жыды. Галоўнае, што аставалася для Антона Шпака — творчая праца ў беларускай літаратуры і журналістыка. Даходу адсюль амаль ніякага. Беларуская эміграцыя, у вялікай меры палоханая бальшавіцкімі шантажамі й пагрозамі, усё-ж жыла, стварыла свае рэлігійныя, культурныя, навуковыя і грамадзкія інстытуцыі, сваю прэсу. Антон Шпак павінен быў падтрымліваць раськіданы прынамся на чатырох кантынэнтах беларускі эміграцыйны арганізм. А з чаго самому жыць? Быццам Богам пасланы Алесь Якімовіч часта яму памагаў і Шпак ведаў, што на яго можна спадзявацца ў выпадку якой патрэбы. Хапіла адно Алесю затэлефанаваць. Праўда, — заўсёды дакучала Шпаку гэтая думка, — ён не хацеў сядзець цяжарам на чужых плячох. Балела ўсьведамленьне таго, што ня меў доступу да мільёнаў беларускамоўных чытачоў, што ня мог на сваё пражыцьцё зарабляць сумленнай творчай працай.
Калі пасьля двухгадзіннай дарогі пісьменьнік вярнуўся дамоў, у сваёй паштовай скрынцы пры дзьвярох знайшоў туга напакаваны, вялікіх разьмераў канвэрт. Мясцовы штэмгаль. Беспамылкова напісаны ягоны адрас. Адрасу высланьніка няма. Шпак доўга прыглядаўся канвэрту, выпіў шклянку сьцюдзёнай вады, сеў на канапу. Прыслалі яму газэтку «Голас радзімы». Зь пярэдняй бачыны нахабна сур’ёзным тварам нейкі там «герой працы» абяцаў выканаць і перавыканаць чарговую норму ў імя такога-то зьезду «роднай партыі». Антон Шпак нядаўна перабраўся сюды на гэтую новую кватэру. Завяртанская разьведка жыве й дбае пра аднаго Антона Шпака, ад сяньняшняга дня чалавека ў нулявой пазыцыі між грамадзтва гаргары Канады.
«Вяртайцеся, суайчыньнікі, дамоў! Радзіма вас кліча!» — крычала другая бачына. Здымкі дарагіх кажнаму беларускаму выгнаньніку гістарычных месцаў і нацыянальных сьвятыняў. Зірнуўшы на іх, нальецца сэрца болем па страчанай зямлі. Гэны-ж артыкул, што заклікаў вярнуцца на «ўлоньне дарагой радзімы» падпісала група ведамых людзей. Шпак знаў некаторых зь іх. Ці іх раіліся як зьвяртацца да «суайчыньні каў», ці яны далі згоду, каб ужывалі іхныя прозьвішчы пад заклікам? Зь некаторымі зь іх Шпак сустракаўся «за кратамі». Цяпер, як выглядае, яны, пэўне-ж не сваёй воляй, сталіся шчупальцамі ўдушлівага бальшавіцкага актопуса. Не, гэта ня быў іхны голас. Зямля бацькоў дрыжэла ў цяжкіх пакутах, а «чужак-дзікун» намагаўся загнаць у Гулаг тых сыноў і дачок забранае зямлі, каторыя за мяжой стараліся клікаць усіх на помач паняволенаму народу. Некаторыя Шпакавы сябры сталіся прыладамі маскоўскіх злачынцаў, прынадай. Шпак перажыў некалі цяжкія часы й ніколі не заламаўся духам. Дык няхай клічуць. Ведама чый гэта голас.
Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тоні, папрасіў сакратарку, каб перадала Алесю Якімовічу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пісьменьнік памыўся ў ваньне пад дожджыкам і лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкімі трывожнымі прывідамі. Разбудзіў яго стук у дзьверы. Зьявіўся Алесь. Было каля шостай гадзіны вечарам.
— Што ў вас новага? — спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпіліў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.
— Я вольны, як птушка, — адказаў Шпак.
— Звольнілі?
— Так.
— Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.
— Не, зразумела, што не.
Трывала доўгае маўчаньне.
— Ці ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьці для мяне які занятак у гэтай тваёй краме? — ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пісьменьнік.
— У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, — паволі, з націскам на кажным слове, гаварыў Алесь. — Вам трэба нешта больш лёгкае і абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнілі?
— Няма, апроч…
— Апроч чаго?
— Ня ведаю, ці мае гэта нейкае значэньне… Мяне зьдзівіў час майго звальненьня. За апошні месяц я не прапусьціў ніводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнілі Эстонца, я стараўся, разумееш… і не спадзяваўся якраз цяпер…
Читать дальше