І чаму толькі не жанчыну? Якая розьніца?.. Шведа ці рускага — розьніца, за рускага ў Швецыі меней дадуць.
Я сказаў, што не жанчыну. Спытаў, што ён за гэта, апроч шведскай псіхушкі ці турмы, хоча? Ён адказаў, што вінен брату за палову хаты...
Надта спадабаўся яму, як некалі хлапчуку піцерскаму, пісталет. Праз тое, што маленькі, на цацачны падобны. «З яго страляць, як гуляць. Сам не паверыш, што…»
Бабыб не дагаварыў: што?..
Кілераў такіх не бывае. Які з яго пасланец?.. Кончаны бабыб. «Ражон, — зьдзівіўся я з самога сябе, — з кім ты зьвязаўся? Мазгі табе адбіла?..»
Я ўзяў яго ззаду за шыю — у яго вочы на лоб узьлезьлі, я умею так за шыю браць, каб на лоб вочы ўзлазілі:
— А двух заб’еш? За двух будзеш мець, як за цэлую хату.
Ён паспрабаў крутнуць галавой, ня змог, але паспрабаваў: «Не».
— Тады ўсё, — разьняў я пальцы і падштурхнуў яго да дзьвярэй. — Вымятайся.
Ён не выходзіў. Стаяў каля дзьвярэй, паціраючы шыю і сьціскаючы павекі, намагаючыся вочы вярнуць у вачніцы. Пасьля сказаў неяк па-дзіцячы, як папрасіў на цукеркі:
— Слухай, дай мне каго-небудзь забіць. Не дасі, дык заб’ю цябе. Ны ведаю як, але заб’ю.
Апроч, як у дзяцей, гэткія жаласьлівыя да саміх сябе інтанацыі яшчэ ў блатных пракідваюцца. «Падла буду, зямлю буду жэрці, брат…» — а ў самога шыла ў рукаве.
Забіць мяне ён ны мог ні пры якім раскладзе, і ўсё ж, многае пабачыўшы і зьведаўшы ў жыцьці, я ведаў і тое, што такое зацятасьць. Перада мной — з вылезлымі на лоб вачыма і дзіцячымі размовамі — стаяў зацяты мужычок. А значыць, калі не ў гэтую хвіліну, дык у наступную — здольны на ўсё. Не скарыстаць такога было б памылкай…
З пасланцам з Піцеру яму ня справіцца. Калі адтуль паслалі чалавека, дык такога, які тузін бабыбаў пакладзе.
Я ўжо ледзь не надумаўся ўзяць яго з сабой у Капенгаген, на шведа скарыстаць, калі яму ўсё адно, каго забіваць, абы не жанчыну. І ў Капенгагене, у адрозьненьне ад Мальма, я з ім не засьвечваўся: у рэстаране з ім ня сьнедаў, за госьця свайго не выдаваў… Але ён, нібыта ўгадаўшы, пра што я думаю, мяне апярэдзіў:
— У Данію не паеду. Тут я хоць на нейкіх правах, а там на ніякіх.
На якіх ён тут правах?..
Не праз тое, што ён упёрся, а з-за таго, што яшчэ ня склалася ва ўсіх дэталях схема разборак са шведам і пасланцам, я паехаў у Капенгаген, да заўтра пакінуўшы свайго госьця ў нумары гатэлю «Хілтан», скуль адкрывалася панарама ўсёй Еўропы.
Назаўтра, вярнуўшыся ў Мальма і сьпяшаючы, бо ўжо была палова на шостую, да гатэлю, я з натоўпу каля фантану ўбачыў Бабыба, які падыходзіў да нейкага ўсяго бліскучага фацэта з пакетам, і па тым, як ён не бачком, не азіраючыся, а рашуча і ўпэўнена крочыў, я адчуў, што зараз нешта адбудзецца, але ня думаў, што яны, фацэт з Бабыбам, сышоўшыся, схопяцца за пісталеты — і Бабыб, як яно ні дзіўна, пасьпее стрэліць першым. Гэта насамрэч дзіва, што ён пасьпеў стрэліць першым, бо Наташа ў фацэце з пакетам, якога заваліў Бабыб, пазнала піцерскага пасланца…
Вось табе і Бабыб.
З вакзалу, дзе, калоцячыся, бо ўсё бачыла на свае вочы, чакала мяне Наташа, я патэлефанаваў свайму адвакату ў Стакгольм і сказаў, што для яго ў Мальма ёсьць работа.
Сьвятаслаў
Я не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага наўрад ці выглядаў, так, бадзяжнік, які падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, я не спытаў, у мяне цыгарэта была ў левай руцэ, а правай я паказаў, што прыпаліць хочу, пальцамі пстрыкнуў... Ён палез у кішэнь, каб дастаць запальнічку, такую цацку, запальнічку-пісталет, на невялікі маўзер падобную, а я з пінжака, з грудной кішэні сапраўдны пісталет вымаю, які ён, мусібыць, за цацку-запальнічку прыняў, толькі большую, чым у яго, і я нібыта сустрэчна хачу даць яму прыпаліць — ён, значыць, мне, а я чамусьці яму, таму ён падумаў, я ў вачах ягоных прачытаў: «Што за цырк? Прыпылены мужык, ці што?..» — а я роўненька пасярэдзіне лобу яму, над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў. Ён не зразумеў нічога, зьдзівіўся толькі: «Во ё-маё…»
Яму не пашэнціла. Ня толькі таму, што па шведскім горадзе Мальма ён з чырвона-зялёным пакетам, з намаляваным на ім трактарам «Беларусь» ішоў, а не пашэнціла ўвогуле. А магло б пашэнціць. Мы ніколі б маглі не спаткацца, калі б не падаўся я ў Швецыю, дзе падлавілі мяне ў Мальма на сьняданку ў рэстаране гатэлю «Хілтан» — і я пазнаёміўся з Ражном.
Мяне ў Стакгольме адзін цыган навучыў гэтаму: заходзіш нараніцы ў гатэльны рэстаран, калі там сьняданак, з выглядам, нібы ў тым гатэлі жывеш, і награбаеш са шведскага стала ежы, колькі захочаш. Яшчэ і з сабой бутэрбродаў на цэлы дзень набраць у кішэні можна, ніхто ня сочыць.
Читать дальше