Не традыцыя, а кантэкст (“пісьмо”) і ўплывае, і фармуе, і абмяжоўвае як асобнага літаратара, так і асобную літаратуру.
Панятак “традыцыя” ўзьнік у тую ж пару і тым жа шчыраваньнем, што і панятак “эвалюцыя”. Яны разам былі сфармаваныя на інтэлектуальнай фабрыцы Асьветніцтва, якое якраз і вынайшла мэханізм адбываньня руху як біялягічных, так соцыякультурных ды інтэлігібэльных фэномэнаў празь іх мэханічна-пасьлядоўную пераемнасьць і развой у выніку пярэйсьця колькасьці ў якасьць.
Адносна эвалюцыі непасрэдна, празьмерная мэханістычнасьць падобнага падыходу была выяўлена аналітыкай ужо на пачатку XX стагодзьдзя, але шмат у якіх сфэрах дзейнасьці чалавека эвалюцыянісцкая па сваёй сутнасьці ідэалёгія заставалася па-за крытыкай і адсюль — па-за пераасэнсаваньнем. Як у выпадку зь “літаратурнай традыцыяй...”.
Дарэчы, хаця ў эсэ Эліота панятак “традыцыя” базавы, але ўжо нават Эліот выкарыстоўвае яго хутчэй у значэньні кантэксту, эўрапейскага літаратурнага дыскурсу, запоўненага постацямі і творамі самых розных эпохаў і культураў. Уласна, Эліот пазначае словам “традыцыя” ўсё тое, што было адметнага раней, ніяк не зьвяртаючы ўвагі на “традыцыйнасьць” традыцыі ці, скажам так, не аналізуючы, што ёсьць у традыцыі традыцыйным (і ці ёсьць яно ўвогуле), якой такой традыцыйнасьцю задзіночаныя, да прыкладу, малюнкі на скалах у гроце Ля-Мадлен, “Боская камэдыя” Дантэ і паэзія Ляфорґа.
Традыцыя ў Эліота не рэгіяналізаваная ні геаграфічнымі, ні гістарычнымі, ні этнічнымі, ні эстэтычнымі парамэтрамі. Тым ня менш, ён улучыў у адну праблему традыцыю і індывідуальны талент, чым стварыў тэрміналягічна заблытаную (адносна сучаснага гледзішча) сытуацыю, зь якой можна выйсьці толькі пагадзіўшыся, што “літара” і “дух” у Эліота не таясамяцца, што яны разьведзеныя па розных стагодзьдзях, “літара” застаецца ў XIX, “дух” — у XX.
Між іншага, праблема стасункаў паміж “традыцыяй” (каб адасобіцца ад гэтага сымулякру, далей я буду адсланяць яго ад сябе двукосьсем) і індывідуальным талентам і ў ранейшай, традыцыйнай сыстэме каардынат (як у Эліота) схематызавалася не карэктна. Ніколі індывідуальны талент не арыентаваўся ні на сваю айчынную, ні на агульнаэўрапейскую літаратурную “традыцыю”. Заўсёды вызначальным у ягоных стасунках зь літаратурным кантэкстам быў пануючы там эстэтычны мэтад (клясыцызм, барока, рамантызм, сэнтымэнталізм, мадэрнізм, постмадэрнізм), зь якім індывідуальны талент альбо тоесьніўся, альбо ствараў апазыцыю, выяўляючы сябе ў гэтым выпадку ці то ў асобных прамінулых эстэтычных сыстэмах, ці то ў іх эклектыцы. У адрозьненьне ад “традыцыі” як лінейна-аднамернай (ці хай сабе нават дыялектычнай) пераемнасьці і пасьлядоўнасьці літаратуранга руху і развою, эстэтычны мэтад вычэрпваецца сваёй эпохай, а статункі паміж эстэтычнымі эпохамі хутчэй будуюцца на энэргіі адпрэчваньня, чым пераемнасьці, хаця адпрэчваньне гэта толькі мэханізм перамены сытуацыі. А сам новы эстэтычны мэтад паўстае з глябальных перарухаў унутры соцыякультурнага дыскурсу і выяўляецца ў непрагназуемых вэрбальных формах (тут карэнная розьніца з “традыцыяй”, у аснову якой пакладзены прынцып аб’ёмна-пасьлядоўнага нарошчваньня, а гэта значыць і дэтэрмінаванай запраграмаванасьці). Прынамсі, пакуль гісторыя літаратуразнаўства, здаецца, ня ведае фактаў, каб наступны эстэтычны мэтад быў хоць аднойчы футуралягічна абмаляваны. Новая эстэтычная сыстэма спачатку намацвае сама сябе ў стыхійна-спантанных “авангардных” практыках, і толькі пасьля замацаваньня нейкага больш-менш устойлівага агульнага абрысу пачынаецца фармуляваньне яе эстэтычных прынцыпаў, катэгорыяў, паняткаў. Так літаральна на нашых вачах адбылося з постмадэрнізмам (але дакладна так было і з рамантызмам, і з рэалізмам, і з мадэрнізмам).
Дык вось, індывідуальны талент фармуецца не літаратурнай “традыцыяй”, а той ці іншай эстэтычнай сыстэмай (некалькімі, сумай усіх), якая дэфармуецца рэгіянальным (нацыянальным) літаратурным кантэкстам адпаведна яго сучаснага стану. Мера здэфармаванасьці эстэтычнай сыстэмы пэўным кантэкстам стварае рэгіянальную (нацыянальную) адметнасьць “пісьма”, у якім творчы талент (выяўлены як стыль) адбываецца празь меру паэтычнай энэргіі індывідуальнай дзейнасьці.
І ні пры чым тут нейкая там “традыцыя”!
ЧАРГОВЫ БАБІЛЁН НА РУІНАХ ГЕАГРАФІІ
I.
Паўночная Эўропа, Паўднёвая Эўропа, Заходняя Эўропа,Усходняя Эўропа, Цэнтральная Эўропа, Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, Кантынэнтальная Эўропа, Астраўная Эўропа, Балканы, Балтыя, Расея (да Ўрала таксама, здаецца, Эўропа)... Што там яшчэ? Колькi там яшчэ “эўропаў”? I цi не зашмат iх для кавалка зямлi, якi без астачы зьмесьцiцца ў адным сэгмэнце Сыбiру?...
Читать дальше