Натуральна, будзе залiшне спрошчаным сьцьвярджаць, што iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы ўзьнiкла выключна з факту наяўнасьцi гэтай нелiнейнай апазыцыi. Безумоўна — не. У гэтай абстракцыi, акрамя геаграфiчных падставаў маецца сякi-такi гiстарычны грунт, сякое-такое супольнае культурнiцкае поле i сякiя-такiя, пакуль утоеныя ад iншых (а можа i самiх сябе), спадзяваньнi на ўласны, толькi для сябе прэзэнтатыўны гешэфт.
Нявымаўленае заўсёды абароненае кодэксам “прэзумпцыi невiнаватасьцi”. Але мне вельмi карцiць на хвiлiнку скочыць за гэты кодэкс i выказаць хоць адно, па-за славутай прэзумпцыяй, меркаваньне. Да прыкладу такое, у якiм Польшча (цi ня самы апантаны заўзятар гэтай абстракцыi), хай сабе i падсьвядома, але мроiць выкарыстаць iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы для сваiх усё яшчэ не рэалiзаваных мэсыянскiх памкненьняў, гэта значыць у “нiчэйнай прасторы” памiж Заходняй Эўропай i Расеяй стварыць на подзе самой сябе новы геапалiтычны i культуралягiчны цэнтар, дзе б ужо не Бэрлiн (Парыж) цi Масква, а Варшава ўласнаручна вяла рэй.
Ня станем далей множыць авантурныя скокi i фантазаваць пра падсьвядомыя мроi чэхаў, украiнцаў, летувiсаў... Таксама пакiнем абок гаворкi трызьненьнi беларусоў, бо беларусы, як зазвычай, патрабуюць асобнай размовы. Скажам толькi, насуперак таму скепсісу да iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, якi перасьледуе гэты тэкст ад яго пачатку, што падчас геапалiтычнай паўзы падобная iдэя ў палiтычных, эканамiчных дый сацыякультурных практыках бадай можа даць нейкiя пазытыўныя вынiкi, i высiлкi на яе рэалiзацыю не застануцца зусiм марнымi, калi... Калi яе iнiцыятары i рэалiзатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная iдэя, часовая iдэя, iдэя на перапынку ў руках актыўных iдэалёгiяў; што Сярэдне-Ўсходняя Эўропа — гэта тактыка, а не стратэгiя, “фiзыка”, а не мэтафiзыка, экзістэнцыя, а не анталёгiя.
II.
А цяпер пра тое, чаму Сярэдне-Ўсходняя Эўропа не “мэтафiзыка” i не “анталёгiя”. I чаму яна i ня можа iмi быць...
Тут наперад, пэўна, трэба было б паразважаць, з чаго гэта вiдавочна палiтычная (палiталягiчная) прыдумка патрапiла ў цэнтар культуралягiчных рэфлексiяў? Чаму ёю заангажавалiся фiлёзафы, культуролягi, тэарэтыкi? Як гэта яна зьінiцыявала самарухомы iнтэлектуальны дыскурс з уласнай праблематыкай, уласнымi мiтамi i ўласнымi героямi? Але, здаецца, нас гэтыя разважаньнi нiкуды iнш не прывядуць, як зноў жа да той самай палiтыкi, гэта значыць да таго, што “Мы Захаду не патрэбныя” i што “Нас палохае Расея” (паралельны варыянт для беларускiх i ўкраiнскiх iнтэлектуалаў: “Мы Расеi не патрэбныя”).
Незапатрабаваны знанымi iнтэлектуальнымi цэнтрамi “ўсходне-эўрапейскi” iнтэлектуалiзм змушаны быў шукаць сваю прыдатнасьць у той прасторы, дзе мясьцiўся, i ў тых формах, якiя маглi стацца хоць як актуальнымi для гэтых месьцішчаў. А што можа быць больш прыдатным i актуальным за выяўленьне гэтай прасторы ў значэньнi суб’екта гiсторыi праз намацваньне яе iдэалягемнага поля...
Бадай менавiта з гэтага, нягледзячы на сваё выразна палiтычнае (то бок прымусовае) паходжаньне iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы атрымала нечакана актыўную (для падобнай iдэi) падтрымку ў iнтэлектуалаў, што выявiлася ў нейкiм нават катаклiзьме тэкстаў, канфэрэнцыяў, выданьняў, iнстытуцыяў. На гэтую звабу непасрэдна цi ўскосна сталi працаваць ня толькi яе артадоксы, апалягеты ды сымпатыкi, але нават i скептыкi ды супрацiўнiкi. Разам з тым, як на маю думку, i першыя, i другiя, супольна будуючы новую Бабiлёнскую вежу на сярэдне-ўсходнеэўрапейскiх разлогах, неабачлiва абыйшлi ўвагай праблему “грунту”, якi мусiць утрымлiваць гэтую вежу.
Як мне здаецца, патрэбнай трываласьцi “грунту” пад такую важную пабудову тут якраз i няма. Што я маю на ўвазе? Як для “вежы”, то найперш i пераважна тое, што досыць умоўна назавём агульнай культурнай парадыгмай з выразна акрэсьленымi дамiнантамi i зафiксаванымi, легiтымiзаванымi i канстытуцыяванымi заканадаўчымi цэнтрамi.
Каб выразьней патлумачыць, з чаго складаецца гэтае “няма”, паспрабуем зьвярнуцца за прыкладам туды, дзе тое, чаго тут “няма” — “ёсьць”. А менавiта — да Заходняй Эўропы.
Культурная парадыгма — панятак настолькi зблытаны ў самiм сабе сваiмi судачыньнямi i сваiмi супярэчаньнямi, што яго немагчыма нават раскласьцi на чыстыя дамiнантныя складнiкi, таму мы пойдзем шляхам гранiчнага спрашчэньня i выдзелiм з цэлага адну-другую лiнейную дамiнанту, каб толькi прадэманстраваць, што там (у Заходняй Эўропе) “ёсьць” i чаго тут (у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе) “няма”.
Читать дальше