Зрэшты, такая шматлiкасьць “эўропаў”, падобна, ніколi i нiкому асаблiва не замiнала. Не асаблiва турбавала i тое, што ў вызначэньнi межаў кожнай з гэтых “эўропаў” адвеку не было пэўнасьцi i прыналежнасьць да той цi iншай “эўропы” спачатку апазнавалася чым заўгодна, а ўжо потым геаграфiяй.
Такое абыякавае стаўленьне да геаграфiчных пазнакаў, бадай, найперш зьвязана з тым, што фармальная ўлучанасьць у тую цi iншую “эўропу” той цi iншай дзяржавы (нацыi, супольнасьцi) сама зь сябе не выяўляла нейкага iстотнага значэньня. Скажам, Заходняя Эўропа нiколi ня мела збройных, эканамiчных, iдэалягiчных i г.д. войнаў з Паўночнай Эўропай менавiта за Заходнюю Эўропу (тое — i ў адваротны бок: тое — i для iншых “эўропаў”). I хаця ў гiсторыi Эўропы неаднойчы здаралася, што палiтычнае (эканамiчнае, iдэалягiчнае...) супрацьстаяньне ў нейкай меры супадала з “супрацьстаяньнем” геаграфiчным, але такое становiшча складвалася “выпадкова” i ўжо анiяк не геаграфiя была таму прычынай.
Як нi круцi, а нi адна з “эўропаў” (бадай, за выняткам Заходняй, дый i тут ня бяз пэўнай умоўнасьцi ) нiколi не была забясьпечана чымсьцi анталягiчным, чымсьцi такiм, што б дазволiла ёй набыць трывалы статус суб’екта ў прасторава-часавых стасунках з быцьцём. У кожную новую эпоху геаграфiя кожнай з “эўропаў” (як вечна пасыўная для Эўропы iдэалёгiя i практыка) ахвяравалася на карысьць iдэалёгiяў i практыкаў актыўных. Падчас панаваньня канфэсыйных iдэалёгiяў Эўропа падзялялася па рэлiгiйных прыкметах i адзнаках, падчас панаваньня iдэалёгiяў цывiлiзацыйных — па сацыяльна-эканамiчных .. i г.д. i да т.п.
Мiж тым, iдэя той цi iншай “эўропы”, як пэўнай iдэалёгii, што прэтэндуе надаць нейкай прасторы статус суб’екта, быццам той Фэнiкс з попелу, раз-пораз паўстае зь нябыту i пачынае вярэдзiць галовы палiтыкаў i публiцыстаў то ў адным, то ў другiм закутку эўратопу. Зазвычай гэта адбываецца на зломе эпохаў, калi структуры адных актыўных iдэалёгiяў ужо спрацавалiся, а структуры другiх — яшчэ не ўвабралiся ў сiлу... Тады адчыняецца бабчын куфэрак, адтуль выцягваецца старасьвецкая мапа, зь яе страсаецца нафталiн i ў чарговы раз распачынаецца “эпоха вялiкiх геаграфiчных адкрыцьцяў”... Раптам паспалiтае людзтва ўсьведамляе, што яно месьцiцца ня проста ў Эўропе, а ў Эўропе апрычонай якiм-кольвечы прыметнiкам. (Нешта падобнае неяк адбылося з знакамiтым мальераўскiм героем, якi ўжо сталым чалавекам раптам зразумеў, што ён ня проста размаўляе, а размаўляе прозай.)
Няма чаго i каму даводзiць (гэта навiдавоку), што мы жывём якраз на “зломе эпохаў, калi структуры адных актыўных iдэалёгiяў ужо спрацавалiся, а структуры другiх — яшчэ не ўвабралiся ў сiлу”. I таму зусiм натуральна, што ў гэтым бясчасьсi нас пацягнула прыўзьняць вечка куфэрку, каб трохi паваражыць на старасьвецкай мапе... На гэты раз у якасьцi дарунку з будучынi мы наваражылi сабе Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу (ужо аднаго гэтага грувасткага, каструбаватага словазлучэньня “сярэдне-ўсходняя” даволi, каб паставiцца з сумненьнем да таго, што iм пазначаецца)...
Здаецца, нават зацятыя апалягеты iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы не спрачаюцца адносна таго, што яна вымкнутая не сама зь сябе, не з сваёй уласнай патэнцыi да рэалiзаванасьцi ў адпаведным суб’екце, а з факту ўтварэньня нiчэйнай прасторы ў геапалiтычных зрухах памiж Заходняй Эўропай i Расеяй. Гэтая прастора, раптам пазбаўленая сфэраў уплыву двух магутных палiтычных цэнтраў, апынулася ў вольным — фiгуратыўна i iдэалягемна — стане. Каб пазбавiцца сваёй волi, гэтая невыразная, неакрэсьленая, прамежкавая прастора спрабуе цяпер праз тапаграфiчную манiпуляцыю аформiцца ня толькi геапалiтычна i гiстарычна, але i культуралягiчна.
Увогуле, не складае вялiкай цяжкасьцi зразумець i вытлумачыць падобнае жаданьне. Пэўна я не памылюся, калi скажу, што нiводная краiна Сярэдне-Ўсходняй Эўропы не жадае быць “сярэдне-ўсходняй”, а жадае быць “заходняй” цi проста Эўропай. I становiцца яна “сярэдне-ўсходняй” толькi зь немагчымасьцi быць сапраўднай Эўропай, зь нежаданьня сапраўднай Эўропы ўлучыць яе ў сваё мэтафiзычнае цела, прышчапiць да адной з галiнаў свайго фiзычна магутнага галаменя i затым паяднаць з сваiм футуралягiчным дыскурсам.
Калi чалавек ня можа мець нешта сапраўднае, яму даводзiцца задавальняцца сурагатам.
Iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы — гэта сурагат iдэi сапраўднай Эўропы.
Мэханiзм зьяўленьня гэтай iдэi да бессаромнасьцi трывiяльны. Яна паўстала з скрыжаваньня нелiнейнай апазыцыi дзьвюх прафанных тэзаў: “Мы не патрэбныя Захаду” — “Нас палохае Расея”.
Читать дальше