Павел Савоська:Дарэчы, пра грошы. Ці прытрымліваецеся вы такой думкі, што сапраўдны пісьменнік павінен толькі пісаць кнігі, а не хадзіць штодня на працу? На жыццё яму павінна хапаць ганарараў ад выдадзеных кніжак.
— Можа, было б і добра, каб пісьменнік мог зарабляць сабе на жыццё сваімі кнігамі. Але такой магчымасці ён не мае не толькі ў нас на Беларусі — лічы нідзе. Натуральна, тут я абмінаю асобныя выключэнні, якія ёсць у кожнай краіне. Зрэшты, у нас няма хоць якіх падставаў напэўна казаць, што засяроджанасць толькі на творчасці абавязкова станоўча ўплывае на якасць творнага. Аднойчы Фёдар Дастаеўскі паскардзіўся: калі б я быў такі забяспечаны, як Леў Талстой, дык мае кнігі чыталі б і праз сто гадоў…
Чытаюць — і болей, чым Льва Талстога. Хаця апошнім я ніяк не хачу сказаць, што жабрацтва на карысць пісьменніцтву і што толькі добра, калі кніга пішацца прыхапкам у рэдкую вольную хвіліну. Але можа і не заўсёды дрэнна, бо, бывае, чытаеш некаторых пісьменнікаў, якія, відаць, маюць даволі часу для пісання, і шкадуеш, што ў іх гэты час ёсць.
Юры Дракахруст:Парадаксальная сітуацыя — у савецкія часы партыя трымала пісьменнікаў у строгасці, але статус майстра слова, прызнаваны і ўладамі, быў вельмі высокі. Варта прыгадаць хаця б словы Сталіна ў тэлефоннай размове з Пастэрнакам. Сталін сказаў пра Мандэльштама, калі той ужо быў амаль сцёрты ў лагерны пыл:
«Але ён жа майстра. Ці сапраўды ён майстра?» І расстраляць маглі, і расстрэльвалі, але сам па сабе статус пісьменніка, пісьменніцкага саюза быў надзвычай высокі. А сёння пісьменнікаў не страляюць, дзякаваць Богу, але і стаўленне — паміж грэблівасцю і абыякавасцю. У чым тут справа? Ва ўладзе ці ў часе?
— У ХІХ стагоддзі і нават яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя з кнігай было звязанае амаль усё духоўнае жыццё чалавека. Але сітуацыя радыкальна перамянілася ў постіндустрыяльным грамадзтве, калі запанавалі радыё, тэлебачаньне, Інтэрнет.
Кніга ў адначассе страціла ролю свецкага сабору, а пісьменнік — грамадскага святара, своеасаблівага дэміурга, які сваімі словамі перакладаў таямніцы быцця на зразумелую людзям мову. Кніг выдаецца ўсё болей, а месца для літаратуры ў жыцці сучаснага чалавека застаецца ўсё меней.
Адпаведна драбнее і роля пісьменніка. З гэтага яму нічога не застаецца, акрамя як вучыцца забаўляць чытача, бо калі не будзе забаўляць, дык і не будзе хоць якога чытача мець.
Нам нікуды не падзецца ад скрушнай канстатацыі, што эпоха дамінавання высокай літаратуры ў духоўным жыцці чалавека незваротна прамінула, як незваротна прамінулі эпохі рыцараў ці караблёў з ветразямі. Яны і сёння прысутнічаюць у наяўнасці, аднак не як рэальная і неабходная справа, але толькі як забава.
Юры Дракахруст:Чаму цяпер не даюць звання народнага пісьменніка, ці варта яго даваць, і ці ёсць сёння яны, народныя пісьменнікі?
— Статус народнага пісьменніка як вядома прыдумалі камуністы. Тады, дарэчы, ён быў з розных прычынаў да месца. Па-першае, камуністычная ідэалогія выдавала сябе за ідэалогію ўсяго працоўнага народа і пісьменнік вызнаваўся яе галоўным ідэолагам. Па-другое, на тую пару кніга яшчэ сапраўды досыць шырока чыталася, скажам, раманы Шамякіна выдаваліся мільённымі накладамі, прынамсі на рускай мове.
А што мы маем цяпер? Сапраўды эстэтычна вартыя кнігі выдаюцца мізэрнымі накладамі, а імёны іх аўтараў ведае толькі вузкае кола прыхільнікаў сапраўднай літаратуры. Да таго ж заўважым, што беларуская літаратура сама па сабе сёння не толькі не народная, а проста маргінальная з’ява. І нават мастацкія кнігі найбольш папулярных яе аўтараў, скажам, Уладзіміра Арлова ці Адама Глобуса, чытае ў лепшым выпадку можа ўсяго некалькі тысяч чалавек.
Дарэчы, вельмі паказальным было апытанне ў «Нашай Ніве» аб беларускім народным пісьменніку сёння. Тады сярод кандыдатаў на гэтае званне ў лідэрах апынуўся Алесь Разанаў. Я з гэтага добра пасмяяўся. Алесь Разанаў ці не самы выбітны паэт-мэтафізік у сучаснай літаратурнай Еўропе. Але нават сярод элітнага чытача колькасць яго прыхільнікаў складваецца літаральна з паасобных адзінак. Дык з чаго тут народны? Карацей, архаічная пазнака «народны» сёння вартая адно скептычнага посмеху…
Юры Дракахруст:Дыктатура рынку можа больш жорсткая, чым палітычная дыктатура. Вы ўжо распавядалі, як за апошняе стагоддзе змянілася роля літаратуры. Але магчыма і ўнутры самой літаратуры, за кошт «рынкавізацыі» гэтай сферы, мяняюцца крытэрыі. Можа быць і насамрэч сапраўдныя народныя пісменнікі — гэта Данцова і Чэйз?
Читать дальше