— Ва ўсе ранейшыя эпохі існавала літаратура сакральная і літаратура прафанная. Але ва ўсе тыя эпохі за сапраўдную літаратуру лічылася толькі высокая літаратура. Тады кожны пісьменьнік імкнуўся да вышыні, аж прыпадымаўся на дыбкі, каб быць вышэй нават за самога сябе. А потым здарылася неверагоднае. Сёння пісьменнік з высокім творчым патэнцыялам утойвае яго, ён імкнецца быць ніжэйшым за самога сябе і дзеля гэтага становіцца на калені перад чытачом.
На жаль, сучасны свет ва ўсіх сваіх праявах імкліва баналізуецца і пісьменнік таксама спяшаецца стаць банальным, бо інакш застанецца без чытача. А рынак у гэтым працэсе толькі індыкатар сітуацыі.
Юры Дракахруст:Які Ваш погляд на адвечную праблему — мастак і ўлада? Калі прыводзіць аналогіі, дык можна казаць пра досвед, скажам, Вацлава Гавэла, чыя пазіцыя адносна камуністычнай улады была абсалютна бескампраміснай. Але можна прыгадаць прыклады Янкі Купалы, Васіля Быкава, расійца Міхаіла Булгакава, якія ішлі на пэўныя здзелкі з д’яблам — з уладай.
— Перадусім прыгадаю адну літаратурную байку. У каралеўскім парку на лаўцы сядзяць і размаўляюць Гётэ з Бетховенам. Раптам Гётэ падхопліваецца, здымае капялюш і становіцца крукам. Бетховен азіраецца і бачыць на даляглядзе караля са світай. Калі працэсія праходзіць паўз іх, Бетховен крыху прыўздымаецца з лаўкі, а пасля кажа Гётэ: «Я думаў, што Вы — кароль паэтаў, а Вы — толькі паэт каралёў».
Для мяне мараль гэтай байкі — не ў апошніх словах Бэтховена, а ў тым, што для сусветнай культуры саноўны ліслівец Гётэ значыць ніяк не менш, чым бунтоўны жабрак Бэтховен.
Значнасць таленту, а тым больш генія, ніяк не залежыць ад таго, супрацоўнічае ён з уладай ці змагаецца з ёй. Прыкладаў гэтай тэзы — лічыць не пералічыць.
Але апазіцыя «пісьменнік — улада» хавае яшчэ адну праблему (і самую істотную, раўнуючы з астатнімі) на якую, пасля эпохі рамантызму, перасталі звяртаць увагу. Рэч у тым, што ў пісьменніка і палітычнага ўладара, па-сутнасці, адна і тая ж мэта — уладарыць над чалавекам. Толькі палітык захоплівае і знявольвае чалавека законам і беззаконнем, а пісьменнік — словам. І перадусім з гэтага і іх адвечная варажнеча, бо яны не стамляючыся змагаюцца між сабой за першынство ў справе апалоньвання чалавекаў.
Юры Дракахруст:Святлана Алексіевіч неяк сказала: «На барыкадзе немагчыма разгадаць загадку жыцця. Барыкада — гэта не месца для мастака». Вы згодны з гэтай тэзай?
— Часткова яна мае рацыю — барыкада не месца для мастака. Але мастак — гэта не нейкі фантом, а чалавек у рэальным жыцці. І ў гэтага чалавека ёсць свая грамадзянская пазіцыя, калі яна, зразумела, у яго ёсць, нейкія ідэалы і каштоўнасці, якія ён гатовы адстойваць, а часам нават і бараніць на барыкадах. Інакш кажучы, на барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін.
Вольга Шпарага:Кастрычніцкая плошча пасля выбараў кіраўніка краіны ў 2006 годзе падарыла нам такі адметны феномен, як намётавы лагер, у якім некалькі дзён і начэй маладыя людзі выказвалі сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Дык чым насамрэч была тая Плошча? І як яна паўплывала на творчасць самых розных аўтараў Беларусі? Інакш кажучы, для вашых рэфлексіяў прапануецца наступная тэма: «Аўтар і Плошча».
— Акрамя вас, Вольга, я не ведаю нікога з літаратараў, філосафаў, мастакоў, у творчасці якіх Плошча нешта б перамяніла канцэптуальна, нават калі яны сітуацыйна адгукнуліся на гэтую падзею нейкімі тэкстамі ці замалёўкамі… Праўда, Плошча надзвычай актуалізавала адзін спецыфічна інтэрнетаўскі жанр: у LiveJournal з’явілася цэлая плойма дзённікаў тых, хто быў на плошчы, а пасля патрапіў у вязніцу. Гэтая літаратура (калі можна назваць яе літаратурай) тады відавочна пераўзыходзіла па запатрабаванасці ўсё ўласна мастацкае. І тыя, нават выдатныя, тэксты, што ствараліся з нагоды ўсіх гэтых падзей — скажам, вершы Сяргея Прылуцкага і Андрэя Хадановіча — у плане катарсіса напэўна саступалі турэмным дзённікам. Наіўная і непасрэдная фіксацыя «рэальнасці Плошчы» эмацыйна (і сэнсава) уздзейнічала куды мацней за хоць які прафесійны артэфакт. Аднак досыць хутка наўпроставая рэляцыя жывой плыні падзеяў вычарпала сябе. Што і натуральна. У адрозненне ад уласна мастацкага твора, публіцыстычны рэзануе адно з сітуацыйнымі эмоцыямі і значыць губляе сваю актуальнасць разам з пераменай сітуацыі.
Але разважаючы далей над зададзенай тэмай «Аўтар і Плошча», я нечакана для сябе зразумеў, што падзея Аўтара ўвогуле магчымая адно таму, што існуе «феномен Плошчы» (натуральна, тут мы ўжо гранічна універсалізуем метафару), як месца сустрэчы Аўтара з чытачом/гледачом. Гэтак з аднаго боку, а з другога — што б Аўтар ні ствараў, ён перадусім і заўсёды сам стварае Плошчу. Раман — гэта Плошча, карціна — Плошча, музыка, спектакль — таксама. Адным словам, Аўтара няма без Плошчы (як адзіна магчымага месца сустрэчы з чытачом/гледачом), але і Плошча без Аўтара застаецца ўсяго толькі голым топасам, дзе гуляюць адно скразнякі штодзённасці.
Читать дальше