Міхась Скобла:На чым палягае феномен эміграцыі ўвогуле і беларускай (літаратурнай) у прыватнасці?
— Першымі эмігранцкай долі паспыталі Адам ды Ева, калі Бог гвалтам выправіў іх з Эдэма на чужыну. Пазней гэтым прыёмам безліч разоў карысталіся ўсе мацнейшыя, караючы слабейшых неслухаў. Дарэчы, у сівую старыну гэта было вельмі жорсткае пакаранне. Да прыкладу, у антычнай Грэцыі лічылася, што лепей памерці, чым быць выгнаным з роднага поліса. Але паколькі ў кожным разе выгнанне (ці самавольны сыход упрочкі) адбывалася адпаведна нейкай апрычонай сітуацыі, дык пра эміграцыю, як пра аднамерны феномен казаць не выпадае. А вось пра феномен літаратуры беларускай эміграцыі, як нешта дастаткова цэласнае і сістэмнае, казаць можна…
Да самага апошняга часу я не мог уцяміць, чаму нашыя паэты і празаікі, патрапіўшы праз эміграцыю ў цэнтры літаратурнага жыцця Еўропы і Амерыкі, пісалі так, як быццам ніколі не вылазілі са сваіх хутароў і вёсак. Нават раўнуючы з падцэнзурнымі савецкімі калегамі на бацькаўшчыне яны выглядалі глыбока правінцыйнымі літаратарамі (натуральна, былі і выключэнні, прыкладам, Янка Юхнавец). І толькі зусім нядаўна, здаецца, зразумеў сутву гэтага феномена. Рэч у тым, што амаль ніхто з беларускіх пісьменнікаў на эміграцыі і не займаўся стварэннем літаратурных твораў. Яны проста занатоўвалі ў вершах і прозе свае «сны аб Беларусі». Па сутнасці, уся наша эмігранцкая літаратура ёсць толькі пранізлівай настальгіяй з прычыны страчанай Бацькаўшчыны, аформленай не ў тыя, дык іншыя літаратурныя формы. І цалкам слушна Барыс Сачанка, укладальнік анталогіі паэзіі беларускай эміграцыі, назваў яе «Туга па Радзіме». На жаль, шмат хто з нашых даследчыкаў літаратуры і па сёння блытае гэтую пранізлівую тугу з паэзіяй.
Міхась Скобла:Чаму ў беларускай школе забараняюць вывучаць літаратуру беларускай эміграцыі?
— Калі я не памыляюся, дык адказ тут досыць просты. У плане адукацыі дзяржаўная ідэалогія незалежнай Беларусі ўсё яшчэ застаецца цалкам савецкай. А для савецкай ідэалогіі кожны эмігрант быў куды большым ворагам, чым хоць які чужынец, паколькі эмігрант ужо адно сваёй наяўнасцю адмаўляў усе каштоўнасці савецкага ладу, з якімі не меў ахвоты ні жыць, ні паміраць. Да таго ж эмігранцкі пісьменнік, лічы, заўсёды быў палымяна заангажаваны ў нацыянальную ідэю. А для савецкай улады, хоць фармальна яна і дэкларавала нацыянальную талеранцыю, кожны чалавек, адданы сваёй этнічнай бацькаўшчыне, таксама быў смяротным ворагам. Між іншым, камуністы цалкам слушна ненавідзелі і баяліся нашых людзей у замежжы. Бо ўся беларуская эміграцыя марыла не толькі аб краху камунізму, але і пра незалежную беларускую Беларусь. Вось чаму для сучасных савецка-беларускіх ідэолагаў лягчэй змірыцца з серыйным маньякам у школьных калідорах, чым з вершамі Ларысы Геніюш на ўроках літаратуры.
Міхась Скобла:За савецкім часам беларусы не маглі свабодна выказвацца, а эмігранты жылі ў вольным ад палітычнай цэнзуры свеце. Ці напоўніцу скарысталася літаратура беларускай эміграцыі гэтай свабодай?
— Натуральна, на Захадзе магчымасцяў для свабоды выказвання было непараўнальна болей, чым у Краіне Саветаў — асабліва ў фармаце мастацкай творчасці. Але беларускай эміграцыі гэтая свабода, як выявілася, была цалкам непатрэбная. Страціўшы за камуністамі бацькаўшчыну, яна ўвесь патэнцыял свайго вольнамыслення ўклала ў антыкамунізм. А паколькі Захад тады таксама змагаўся з камунізмам, як са сваім галоўным ворагам, дык нашыя суайчыннікі ўсяго толькі дадаліся да майнстрыма змагання з «імерыяй зла». Інакш кажучы, адчайны антыкамунізм, спароджаны «тугой па радзіме», зняволіў іх можа яшчэ нават і мацней, чым палітычная цэнзура савецкага пісьменніка, навязаная таму звонку.
Таццяна Палякова:Існуе думка: усё беларускае мастацтва да самага апошняга часу было мастацтвам супраціву каланіяльным, камуністычным ці дэспатычным практыкам. А калі гэта сапраўды так, дык ці не прыводзіць падобная тэндэнцыя да спрошчвання мастацкай формы, пазбаўляючы яе філасофскай і псіхалагічнай глыбіні?
— Я з вамі згодны: сітуацыя супраціву, якая паўстае з прагі нацыянальна завершанай і дзяржаўна незалежнай Беларусі, і спрошчвае, і зніжае, і абмяжоўвае прыгожае пісьменства. Я схільны нават радыкалізаваць прыхаваную ў вашым запытанні тэзу. З майго гледзішча, нацынальная ідэя — гэта пятля на шыі беларускай літаратуры. Адсюль, перафразуючы Юліуса Фучыка, уся беларуская літаратура — гэта рэпартаж з пятлёй на шыі. Але нават усведамляючы ўвесь негатыў свайго становішча, беларускі літаратар не зможа выйсці з сітуацыі супраціву да той пары, пакуль гэтая праблематыка не будзе не тым, дык іншым чынам развязаная.
Читать дальше