Будзем карэктнымі, сам Аляксандр Салжаніцын абраны ім маральны фармат сцвердзіў усім сваім жыццём. Але той не абы-які грамадзянскі і літаратурны талент, што ён атрымаў ад уласнага кону не ёсць шараговай падзеяй і таму сфармаваны гэтым талентам кодэкс паводзінаў не можа быць ні натуральнай мерай, ні актуальнай задачай шараговага чалавека. Шчыра кажучы, асабіста для мяне рэпрэсіўная ідэалогія тэксту «Жыць без ілжы» патэнцыйна выглядае ці не больш страшнай за камуністычную.
І апошняе… Чалавек зрабіўся чалавекам перадусім таму, што раўнуючы з астатнімі жывымі відамі меў неверагодна магутны «ген» адаптацыі. І калі б чалавек у сваёй асноўнай масе не мог прыстасоўвацца да самых неспрыяльных і проста такі ганебных абставінаў, то як від, а тым болей як проста такі фантастычная цывілізацыя, ніколі не паўстаў бы. Таму кожная этычная максіма, якая патрабуе, каб людзі насуперак свайму адаптацыйнаму імператыву выступалі супраць паноўных канстантаў знадворкавага свету, выдае на правакацыю. І дзякаваць Богу, што нават у эру дамінавання этычных дактрынаў (хрысціянства) чалавек у сваім цэлым не паддаўся на гэтую правакацыю. Бо тады ад нас ужо пэўна не засталося б і знаку.
Павел Савоська:Ці можна ўпэўнена сказаць, што Беларусь мае сусветна вядомага пісьменніка? Ці, магчыма, яго няма? Ва ўсякім разе, на жаль, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ніхто не стаў…
— Не можа быць сусветна вядомага пісьменніка ў краіне, якую мала хто ў свеце ведае. Калі ўся краіна з працай і творчасцю дзесяцімільённага народа ніяк не можа прыдбаць сабе пазнавальнае імя, то як можна спадзявацца, што гэта зробіць адзін чалавек? Дарэчы, сусветна знакамітых пісьменнікаў не так ужо і шмат, асабліва калі параўноўваць з колькасцю моваў. Ды і ўвогуле, сёння кожнае з’яўленне на літаратурным небасхіле новай «сусветнай зоркі» залежыць ад столькіх суб’ектыўных фактараў, што даволі праблематычна вызначаць у гэтай справе нейкія аб’ектыўныя крытэрыі. Скажам, я ўпэўнены, што калі б Кузьма Чорны, з тымі яго набыткамі, што мы маем, здзяйсняў сябе ў французскай літаратуры, дык, напэўна, быў бы сярод нобелеўскіх лаўрэатаў. Трохі перабольшваючы заўважу, што ў Францыі таго часу ці не кожны больш-менш адметны пісьменнік атрымліваў прэмію Нобеля.
«Архэ»:Чаму Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі?
— Дзіўная рэч, у калізіі «Быкаў — Нобель», якая разгортвалася цягам колькіх там гадоў, я ні разу не чуў пытання: «А з чаго гэта Васілю Быкаву мусяць даць Нобелеўскую прэмію?» Здаецца, не толькі ў адэптаў пісьменніка, але і ў ягоных антаганістаў ніколі не было асаблівага сумневу, што ён варты такога статусу (менавіта так, бо Нобелеўская прэмія ўжо даўно не ўзнагарода, а вяршыннае месца ў іерархіі сучасных элітаў). Таму кожны год, пасля чарговага ўручэння «Нобеля» не-Быкаву, усчыналіся дыскусіі: маўляў, з якіх такіх інтрыгаў нашага чалавека зноў «пракінулі»? Бо нават калі не звяртаць увагі на a priori зададзеную сакральнасць «феномена Быкава», то для ўганаравання хапала і проста фармальных падставаў: агульны наклад кніжак перасягнуў тры мільёны (а яшчэ да выхаду кніжак усе апавяданні і аповесці не ў адзін мільён былі паасобку надрукаваныя ў газетах ды часопісах), ягоная проза перакладалася на паўсотню моваў свету, а ў колькіх краінах друкавалася — дык і ўвогуле як падлічыць? Не забудземся і на тое, што гэта не займальная белетрыстыка, а, так бы мовіць, «высокая літаратура», да таго ж псіхалагічна «цяжкая» ў чытве, і таму кожны экземпляр тут мусіць быць падвышаны на парадак адносна камерцыйных чытанак.
Версіяў тых прычынаў, з якіх Нобелеўскі камітэт (з яго шматлікімі экспертамі) упарта не зважаў на Быкава, было болей чым даволі. Тут і «камуністычнае» мінулае пісьменніка, і ягоны «нацыяналізм», і слабое «лобі», і малая знанасць у свеце беларускай літаратуры, як і самой Беларусі… Але ўсе пералічаныя (і ў мностве не пералічаныя) версіі — гэта ўсяго толькі вольная гульня інтэрпрэтацыяў на полі праблемы, параметраў якой ніхто не ведае (натуральна, акрамя тых, хто ведае). Вось чаму апошнім часам кожны новы «лаўрэат» для літаратурнай грамадскасці гэтаксама нечаканы (і непрадказальны), як адкрыццё Амерыкі (выключэннем — у сэнсе «чаканасці» — быў хіба толькі Гюнтэр Грас).
У праблеме Нобелеўскай прэміі старонняму чалавеку зразумела пакуль адно — цяпер узнагарода залежыць не столькі ад творчасці як эстэтычнай дзейнасці таго ці іншага літаратара, колькі ад шматлікіх ускосных прычынаў, часам зусім і не звязаных з творцам і ягоным творывам. І гэта цалкам слушна. За стагоддзе свайго існавання прэмія Нобеля набрыняла такім значэннем і ўвабралася ў такі статус, што было б марнатраўствам аддаваць увесь назапашаны капітал аднаму асобнаму чалавеку (з чалавека хопіць і грашовых адсоткаў гэтага капіталу). Адсюль толькі фармальна «Нобелем» узнагароджваюць некага персанальна, а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне, чорным, жоўтым, мусульманам, гэбраям, дысідэнтам, сексуальным мяншыням…
Читать дальше