— У нейкім сэнсе, — хітнула галавою Светка. — Але не блытай між сабою — бачнае і нябачнае. Краіна Продкаў — месца святых старэйшын. Асоб, якія дапамагаюць нам жыць і выжыць, не скаціцца ў апраметную. Яны карэкціруюць існасць няўлоўна і ненадакучліва.
— Ага, дакарэкціраваліся! Чаму тады Чарнобыль ляснуў? Куды глядзелі твае старэйшыны? Колькі нашага люду ў зямлю сышло, па свеце разбеглася...
— Не ўсё і ім па сіле.
— Апраўдаць можна што заўгодна і каго заўгодна. Бачыш, і ў цябе вінаватых няма.
— Просталінейнасць — не сястра ісціны. Не заўсёды на простае пытанне мы маем такі ж прасцецкі адказ. Усё значна складаней, Антак.
— Добра. Чарнобыль не чапаем, — ад хвалявання ў хлопца заліло чырванню вушы. — Тады растлумач мне, недасведчанаму прасцячку: адкуль, з-за чаго такая бездухоўнасць, жывёльнасць у сённяшнім людскім асяроддзі. Асабліва ж сярод пакаленняў моладзі, сераднячкоў (нашых з табою аднагодкаў). Чаму ўсяму меркаю стаўся рубель... не, не рубель, а долар, еўра, залаты ланцужок з завушніцамі, іншамаркі апошніх мадэляў. На вуліцах вадзіцелі збіваюць пешаходаў на пераходных «зебрах», у небаракаў страляюць. Не перабівай, — Антак нахіліўся над часопісным столікам, — я пытаюся пра самае простае. А ты, мая Сівіла, патлумач хутараніну. Дык вось. З-за чаго на тэлеэкранах усіх, без перабольшвання, нас, гледачоў, нашпігоўваюць, быццам калядных гусяў, жорсткасцю і крывёю, гвалтам і забойствамі, нянавісцю адно да аднаго. І паўсюль закладваюць у падсвядомасць: каб табе выжыць — зніштож суседа, таго, хто побач, адбяры, украдзі, здрадзь. Толькі такія прынцыпы дадуць поспех у асабістым, прыватным жыцці. Дзе падзелася чалавекалюбства, самаахвярнасць? Светка, куды глядзяць твае (ці нашы) старэйшыны? Яны ж усё бачаць у сваім вышнім горадзе. Чаму хапугу і злодзею, беспрынцыповаму чынушу шэнціць, а сумленны і чысты душою чалавек працуе не пакладаючы рук, зарабляе на малако і хлеб? Чаму?
— Супыніся на хвіліну. Перавядзі дух, — папрасіла Светка. — Папраўдзе, не на ўсе пытанні і я магу адказаць. Сёе-тое — ведаю, а пра нешта здагадваюся. Калі гаварыць пра моладзь, якую ты абвінавачваеш, то не ва ўсім яе віна. У большасці, такімі робяць іх старэйшыя. Бацькі, тыя ж настаўнікі, урэшце, мы з табою. Падумай, сённяшні прагрэс не на руку духоўнаму ўдасканаленню. Табе можа падацца парадоксам, але паглядзі: паўсюль будуюцца і адчыняюцца храмы, а наша духоўнасць апускаецца няўмольна, настойліва і, як ні балюча гэта ўсведамляць, — беззваротна.
— Ну, ты ўжо сказанула. Класная перспектыва. Тады навошта горад у нябёсах, га?
— Не перабівай. Я і сама саб’юся. Але, сённяшні чалавек заеўся, атлусцеў, выпусціў на пярэдні план жыцця жывёльны пачатак, так бы мовіць, інстынкт, орган насалоды. Так, я згодна, просценькая схема тлумачэння. Але яна беспамылковая. І цяпер скажы мне, як старэйшынам з краіны Продкаў адключыць мазгавыя звіліны тых, хто на зямлі, перабіць смак да фізічнай спатолі? Атлусцела-атрафіраваная падсвядомасць працуе на адно: я так хачу мне так падабаецца. Падзяліся са мною — ты часта гаворыш сабе словы: «я абавязаны»; «няхай будзе горш мне, чым яму»; «я павінен зрабіць»? Вось так, бачыш — задумаўся. І яшчэ, да слова, — знікла радзінная повязь між людзьмі. Дзеці забываюць бацькоў, а бацькі кідаюць дзяцей. Стрыечная роднасць не ў пашане. Сусед — не дружбак ці ў нечым дарадца, а найчасцей — вораг ці аб’ект для зайздрасці. Вось вам і наце, шаноўны. У нашым жыцці раскашуюць ідэалы Амерыкі, Захаду. Не, я нічагусенькі супраць іх не маю. Але зараз іхні стыль адносін у нашай сённяшняй рэальнасці. Ты ж памятаеш, як мы імкнуліся да гэтага. Вось і раскашуйце напоўніцу. Прыехала маці ў госці да цябе, а ты, Антачак, адпраўляеш яе ў гатэль. Каб не перашкаджала твайму ўкладу жыцця. Не назаляла сваёй прысутнасцю. А то, незнарок зблытае планы, не зможаш цялеснай уцехай заняцца. Бо ў нас на першым плане «я любімы» і «мае жаданні», а пра абавязак няхай Кудыкала думае.
— Вельмі ж ты згусціла фарбы. Калі і далей цягнуць ланцужок тваіх думак, то атрымліваецца, што ўсе мы — свалата бязродная, двухногія жывёліны. І вінаватыя ва ўсім Амерыка з Захадам. Яны апаганілі святло нашых душ.
— Не. Гэта адзін з аспектаў. Калі ж зірнуць на праблему з іншага боку, больш глыбока і шырэй, дык сённяшняя сітуацыя бездухоўнасці, ці бяздушша, — агульначалавечая. Можа, выключаючы толькі мусульман. У іх засталася і, дарэчы, умацоўваецца сваё, спрадвечна нацыянальнае, спаконвечнае.
Читать дальше