— Ты выглядаеш спалоханым.
— Не адгаворвайся і не адыходзь ад тэмы. Прашу цябе, Ганэлька, растлумач: наво¬шта мне ведаць пра вас? Я хачу быць звычайным, такім жа, як усе людзі, што навокал. Ну, вунь, як той хлопец з тортам, ці той, што цалуе дзяўчыну.
— Прывыклі вы, зямныя людзі, каб усё падпарадкоўвалася логіцы, вашай логіцы. Толькі ж у свеце, сусвеце існуюць мільярды акалічнасцяў таго, што не падпарадкоўваецца ўмоўнасцям законаў, створаных вамі законаў. Таму і хапаецеся вы за матэрыялізм і дыялектыку.
— Я пытаюся не пра тое, Г анэлька, — Перуновіч умольна зазірае ў вочы дзяўчыне.
— Добра. Няхай будзе сказанае мною ў межах даступнай вам логікі. Цябе, Антак, моцна любіць твая родзічка. Яе далоні над табою, ейны дух дабрыні ды сардэчнасці, апякунства з табою. Любоў бабулі непамерна большая за любоў мацярок. Павер, гэта аксіёма. Так вы любіце гаварыць.
Яны ўжо няспешна ішлі паўз Свіслач. Цёмная масляністая вада рэчкі гайдала на хвалях лянівых качак. А каля пераходнага моста бомж без узросту адмываў з пустых бутэлек наклейкі-этыкеткі. Каля яго ног месцілася вялізная торба пляшак. Яшчэ, відаць, неадмытых, заэтыкетчаных.
— Вось і ў яго мелася права выбару, — Ганэлька затрымала позірк на бамжы. — Але слабы чалавек па сваёй натуры. Вельмі ж слабы. Ён, Алесь Аляксандравіч, былы партыец, функцыянер. Раней, ну, ты ведаеш, пра які час кажу, пры службовай машыне быў, з сакратаркай у прыёмнай, нямецкія гарнітуры насіў, абуваў чэшскія туфлі. Хадзіў жа, не адчуваючы пад сабою зямлі, а як глядзеў на вакольных, — Г анэлька сцепанула плячыма. — Яму здавалася, што ўсе людзі, якія атуляюць яго, — чарвякі на кучы гною, а ён, Алесь Аляксандравіч, — Бог, уладар свету. Не любім мы, жыхары горада ў нябёсах (так нас ты ахрысціў), хоць мы ўсё ж з краіны Продкаў, такіх як ён. Але, гэта да слова. Значыцца: змянілася сістэма. І толькі ў гэтым партыец убачыў прычыну свайго падзення. Маўляў, таму кінула яго жонка, а сын выжыў з кватэры, унук спаліў пашпарт, адракліся людзі, што служылі побач. Ён так і не зразумеў прычыны падзення. Да яго не дайшло ды і не дойдзе сапраўднасць таго, што адбылося. Але дзіўнае і страшнае ва ўсёй абмаляванай сітуацыі іншае — Алесь Аляксандравіч зжыўся з ёю, упадабаў сваё цяперашняе жыццё. І да сябе падобных ён адносіцца гэтак жа, як і раней. Яны — мухі, а ён — начны кажан.
Бомж быццам пачуў размову. Адарваўся ад клопатнага занятку, выпрастаўся, выцер мокрыя рукі аб бясколерныя нагавіцы і ўпячатаў позірк у Ганэльку з Антакам. Хваля зледзянелага паветра патыхнула ў іх твары.
— Неабгрунтавана. Калос на гліняных нагах, — выдыхнуў хлопец.
— Не зразумела. Ты пра што?
— Пра твайго Алеся Аляксандравіча, бамжа.
— Вой, я ж забылася, з кім гавару, — Ганэлька прыпынілася. — Табе патрэбны аргументы. Важкія, неабвержныя. Але ж і наша краіна Продкаў не мае аргументаванага вытлумачэння. Гэта існуе. Вось аргумент: ты бачыш краіну сваімі вачамі. Гуляеш па нашым горадзе разам са мною.
— А мо, я хворы? І тое, пра што гаворым, —толькі ў маім уяўленні? Ты — міраж, выбрык майго розуму.
— Перастань.
— Сама падумай: хто паверыць у байку пра горад у нябёсах, тваю краіну Продкаў, нават у тое, што ты сама — не выдумка вар’ята.
— Гэта іх праблемы. Навошта некаму даказваць відавочнае.
— Ага, я забыў — на расійскім тэлебачанні ёсць перадача «Відавочнае — неверагоднае».
— Вось-вось, ужо бліжэй да сутнасці. Прыгадай яшчэ пра мабільныя тэлефоны, нябачныя радыёхвалі...
— Не змешвай проса з макам, — Антак пачаў злавацца.
— Табе патрэбна матывацыя, вытлумачэнне ўсяму, з чым давялося сутыкнуцца, — Ганэлька пасміхнулася. — Бедны ты мой хлопчык.
— Паслухай, адчуваю, куды павернеш гаворку. Пра Бога не трэба. Ёсць тэмы і рэчы, якія не патрабуюць тлумачэння і доказу.
— Так. Бачыш, які ты разумны. Навучыся давяраць самому сабе.
Тым надвячоркам Антак з Ганэлькай доўга гулялі каля Свіслачы. Душу хлопца агарнулі незразумелы спакой і ўтульнасць. Яму было добра і проста побач з жыхаркай краіны Продкаў. Антак нават забыўся на трагедыю сябра-аднавяскоўца Васіля, не турбаваў яго і лёс разгульнай Танькі з ненароджаным пакуль нашчадкам.
— Вось госць, дык госць, — быццам праз ватную коўдру ўлавіў Антак голас Светкі. — На імгненне затрымалася на кухні, а ён ужо вуха цісне. Мо падушку прынесці?
— Не трэба. Я нават і не задрамаў, — пачаў апраўдвацца хлопец. — На хвіліну прыплюшчыў павекі ды паглыбіўся ва ўспаміны. А ў цябе пасля вуліцы ўтульна і цёпла.
Читать дальше