Вітаўт Чаропка
НЯХАЙ ЖЫВЕ ГОРАД ШЧАСЦЯ!
Фантастычнае апавяданне
— Зноў сыходзіш. Штодня адна ды адна. Замураваў у гэтых мурах — голасу чалавечага не пачуеш,—яна кажа, а вусны яе дрыжаць, у яе вачах я бачу надзею, надзею, што я паслухаюся яе і хоць сёння нікуды не пайду.
Тое, што я адчуваю да матулі ў гэты момант, пэўна, раней называлася шкадоба. Цяпер гэта прынята называць слязлівым сентыменталізмам або перажыткам змрочных часоў.
Яна стаіць у вітальні. Наўмысна прытупала са свайго пакоя да дзвярэй, каб неяк спыніць мяне. Схудалай рукой абапіраецца на сцяну. Да ейных ног туліцца пярэсценькі каток і паглядае вялікімі шэрымі вачыма на мяне, нібы і ён не хоча, каб я адыходзіў. Не, відаць, і сапраўды гэтае пачуццё раней называлася шкадобай. Мне нялёгка адчыніць дзверы і выйсці з кватэры. Мне шкада матулю. Мілая мая, колькі горкіх хвілін прынёс я табе. Ведаю, што ты маркотна пазіраеш у шэрае вакенца, згадваеш сваю маладосць і плачаш. Ведаю, што адзінае суцяшэнне ў тваёй адзіноце — пярзсценькі каток, якога я падабраў ля дому. Ты нязлосна пакрыкваеш на яго, калі ён разыдзецца і віхорам носіцца па пакоях. А калі скокне табе на калені і засне, накрыеш паедзенай моллю пуховай хустай і гладзіш яго і чакаеш, чакаеш мяне. I я не пайшоў бы зараз з дому, але...
— Застанься, — зноў нясмела просіць яна.
— Не магу, матуля, не магу, — я хачу падысці да яе, абняць i пацалаваць, супакоіць яе, але саромлюся. Я ніколі ў жыцці не рабіў гэтага. Няма нічога больш абразлівага для мужчыны, чым сентыменталізм да жанчыны, у тым ліку да маці. Мужчына павінен быць мужчынам — так сцвярджае дэпартамент маралі. I я стрымліваю сябе.
— Навошта табе гэта?
— Трэба, матуля, трэба, — адказваю я і паспешліва выходжу з кватэры.
Перад тым, як ступіць на вуліцу, яшчэ раз аглядаю засцежкі свае маскі, якая, як i належыць, азначае шчасце, маладосць, радасць, улюбёнасць у дэпартаменты. Крый божа, яна зваліцца з твару—парушэнне маралі! Адразу аславішся на ўвесь горад як амаральная постаць, якая не хоча жыць па гарадскому статусу, а гэта значыць, што я не шчыры месціч горада Шчасця. Аглядаю жалезную бляшанку, што вісіць на грудзях, на ёй выбіты мой парадкавы нумар—2181961. Яна да бляску начышчана i бачна здалёк. Так што агенты пільнасці не прычэпяцца: даглядаю нумар. Можна выходзіць, i я падаюся на вуліцу.
Я не азіраюся. Ведаю, што матуля абавязкова памахае мне ўслед рукой. Але гэта сантыменты, гэта амаральна, гэта выкліча падазрэнне ў ненадзейнасці і ў недастатковай любові да дэпартаментаў. Таму я i не азіраюся. Раней я гэта рабіў. I аднойчы выклікаў падазрэнне агентаў пільнасці. Яны выскачылі з падваротні, заламалі мне рукі.
— Чаго азіраешся?—закрычалі пагрозліва яны.
— Дарагія нашы, проста так, проста так, — заенчыў я.
— Ведаем, як гэта проста так. Проста так у нас не азіраюцца. Што нарабіў, прызнавайся?
— Нічога, нічога. Паверце, даражэнькія.
— Так мы табе і паверылі. Ану, давай з намі ў дэпартамент. — Мяне павялі за рог дома, дзе стаяў бранявік. Ля машыны туды-сюды ў самоце тупаў атлусцелы агент пільнасці з пагонамі старэйшага.
— Вось, ваша пільнасць, яшчэ адзін, — даклалі яму падначаленыя.
Старэйшы неахвотна павярнуў да мяне галаву. Твар яго закрывала маска важнасці і суровасці. Клапаны ў шчылінах вачэй падняліся, і два бліскучыя агеньчыкі ўтаропіліся ў мяне.
— Хм... Хм...—хмыкнуў старэйшы, — Лепшага не знайшлі? Нейкі чамаратны, здыхліна, — незадаволена прамовіў ён.
— Што рабіў?
— Азіраўся, ваша пільнасць, — апярэдзіў мяне адзін з агентаў.
— Азіраўся?—старэйшы задумаўся. —Хм... Хм... А чаго ты азіраўся? Няўжо сумляваешся ў грамадскім парадку? А мо ты нашкодзіў?
— Кажы! —агент, што трымаў мяне, балюча пацягнуў за валасы на скронях.
Мне б ускрыкнуць ад болю, але я трываў і ліслівым голасам стаў апраўдвацца.
— Не, ваша пільнасць, я верны і шчыры грамадзянін нашага любага горада. Толькі вось выпадкова азірнуўся. Болей ніколі азірацца не буду. Няхай жыве доблесны дэпартамент пільнасці! — штомоцы закрычаў я. — Няхай жыве горад Шчасця!
— Што ж, пашукаем болей прадстаўнічага, —прамовіў сам сабе старэйшы, бы падумаў услых.
Я з анямелым сэрцам чакаў ягонага рашэння. Мяне адпусцілі. Я, кланяючыся агентам і кажучы словы ўдзячнасці старэйшаму, пасунуўся назад. Адышоўшы некалькі метраў, кінуўся бегчы, а ўслед свіст ды смех. Я ненавідзеў у гэтую хвіліну сябе, але што рабіць? Хто я? Постаць і ўсяго. А дэпартамент пільнасці—наша абарона, наш шчыт і меч.
Читать дальше