Пасля гэтае сустрэчы з агентамі пільнасці я ўжо не азіраюся на вуліцы. Я, як і ўсялякая постаць, што снуе па вуліцах горада, нічым не выклікаю падазрэння, дзе трэба, аддаю гонар партрэтам правадыроў, дзе трэба, спыняюся, дзе трэба, пераходжу вуліцу, ля знакаў «Ухваляй», як належыць, крычу: «Няхай жыве горад Шчасця!», «Слава народным дэпартаментам!». Гэта раблю і зараз. А насустрач мне—постаці ў гэтакіх, як у мяне, масках. Што за гэтымі маскамі? Сум? Радасць? Абыякавасць? Разгубленасць? Надзея? Вось бы скінуць іх, зірнуць адзін аднаму ў вочы. Чаму мы носім маскі? Няўжо і сапраўды гэта разбэшчанасць — паказваць свой твар, як сцвярджае дэпартамент маралі. Маскі. Яны і на будынках. Адкрытае сэрца, працягнутая да сяброўства рука, адзінокі голуб, што даверліва апусціўся на далонь — гэта плакаты — маскі на фасадах дамоў, яны хаваюць ад вачэй шэрасць жыцця і зачыняюць вокны ад сонечнага святла.
— Няхай жыве горад Шчасця!
— Слава народным дэпартаментам!
I мой голас уліваецца ў агульны хор пажаданняў, калі я падыходжу да знакаў «Ухваляй».
Нейкая бабулька, адзінокая і забытая ўсімі, спужана туліцца да дамоў. Цяжкія клункі пражытых гадоў ёй не пад сілу. Мне хочацца падысці да яе, дапамагчы несці гэтыя клункі. Але я баюся, што мяне ў нечым западозраць агенты пільнасці. Бабулька без маскі—парушэнне маралі,—і кожны, хто праходзіць ля яе, паспешліва адварочвае галаву, каб не бачыць яе зморшчынаў, пабляклых вачэй, што з сумам і надзеяй паглядаюць на іх. Адкуль яна і куды? Мо з далёкай вёскі ў горад да дзяцей прыехала? Яе ж абавязкова спыняць агенты пільнасці, і пачнецца выпыт: «Чаму без маскі? Правакацыя супраць нашай маралі». Трэба было б неяк папярэдзіць бабульку, каб яна куды-небудзь схавалася, перачакала, калі апусцеюць вуліцы, і тады прабіралася, куды ёй трэба. Не, прайду бокам. Я павінен трапіць на могілкі, дзе на пахавальных помніках чытаю пра тых, хто жыў раней у нашым горадзе. Ні ўва аднае кнізе я не знайшоў ні радочка пра мінулае горада.
Дэпартамент праўды сцвярджае, што гісторыя горада пачалася з таго гістарычнага моманту, калі першы дэпартамент адчыніў у ім свае дзверы— дзверы ў светлае будучае, — а дагэтуль у горадзе панавала цемра жабрацтва. I вось зусім нечакана, прысутнічаючы на пахаванні чарговай праўды, я знайшоў помнік чалавеку, які жыў у часы «цемры i жабрацтва». «Любаму ад любай», — нягледзячы, што час амаль знішчыў надпіс, прачытаў я. I зацікавіўся, ці няма дзе яшчэ помнікаў тым, хто жыў у горадзе раней. I знайшоў іх, і высветлілася дзіўнае, што людзі мінулага жылі ў горадзе зусім ікакш, як мы, зусім інакш любілі, зусім інакш уяўлялі сабе свет. Што для нас любоў? «Любоў — гэта святое пачуццё ўдзячнасці і абагаўлення дэпартаментаў» — так тлумачыць дэпартамент маралі, пра іншую любоў мы і не здагадваемся. А яна была, мяркуючы па надпісах, у мінулым людзі любілі не дэпартаменты, а адзін аднаго: дзеці любілі бацькоў, бацькі дзяцей, мужчына любіў жанчыну, а жанчына — мужчыну, настаўнік вучняў, вучні —настаўніка... Што ж гэта за любоў такая? А што гэта за памяць? Гараджанам у мінулым была вядомая нейкая памяць. На помніках нябожчыку яны абавязкова пісалі «Памяць аб табе захаваем назаўжды». Як бы мне зазірнуць туды — у нябачны свет мінулага, каб зразумець, што такое любоў, памяць, шкадоба. Навошта гэта было патрэбна людзям? Быць можа, даведаўшыся аб гэтым, я мог бы чымсьці дапамагчы гораду Шчасця. А горад даўно хварэў на абыякавасць, і з горкай-горкай яндовы атрутай чэрствасці спойваў нашыя кволыя душы, і ў сваім механічным чэраве пераварваў нашыя лёсы. Штодня гараджане нацягвалі маскі шчаслівых, штодня ўсё болей верылі, што яны і сапраўды шчаслівыя, штодня ўсё гучней i гучней.неслася над пляцамі і праспектамі «Няхай жыве... Слава...», штодня на могілках хавалі праўду, штодня машына паскарэння набірала ход «Сёння працаваць лепш, чым учора, а заўтра лепш, чым сёння», штодня мы гублялі самі сябе, штодня мы слеплі ад зіхацення нашага светлага будучага i, як невідушчыя, цягнулі рукі, шукаючы павадыра. Дэпартаменты ахвотна падавалі нам руку. Пад караю смерці забаранілі Святое пісьмо. Як жа, яно вяшчала: «Калі невідушчы невідушчага павядзе — абодва ў бездань зваляцца».
Ha могілках пахаванне. Ля свежай магілы тоўпіліся постаці з маскамі жалобы на тварах. Трохі збоку, паклаўшы свае струменты на зямлю, музыкі цуглілі з бутэлек піва.
— Сёння мы хаваем праўду развітанняў. Яна заўсёды сцвярджала, што жыццё нашае складаецца з развітанняў. Цяпер яна пакінула нас. Не будзе цяпер развітанняў. Нас чакае сустрэча. Як самі вы ведаеце, сустрэча з нашай шчаслівай будучыняй, — далятае да мяне голас прамоўцы.
Читать дальше