— Ну-ну.
— Умееш ты, Літоўка, быць гаспадыняй.
— Нягож, толькі гэтым і займаюся, — Светка паставіла на часопісны столік паднос з карэльскай бярозы, запоўнены сподачкамі з бутэрбродамі, разеткамі з сочывам і статнай пляшкай каньяку.
— Нядрэнна, — акінуўшы позіркам пачастунак, зазначыў Антак, — па-праўдзе, я разлічваў (і то ў лепшым выпадку) на філіжанку гарбаты. А тут, не раўнуючы, царскі стол.
— Хопіць выдурняцца. Калі б хто быў старонні, то і сапраўды падумаў бы, што я — скнара, якіх і не знойдзеш у нашай сталіцы. А беларусы ж — народ гасцінны.
— Якая ты беларуска? Зірні ў люстэрка. Працэнтаў на семдзесят у цябе татарскай крыві, а ўсё туды ж — у беларусы.
— Свінтух ты, хлопча. Не паважаеш мяне, то хоць да ўзросту стаўся належна, — Светка гулліва надзьмула вусны. — Знайшоўся мне беларус. Хто-хто, а ты каля нашага народа і блізка не ляжаў.
— Ага, давай яшчэ пасварымся, нацыяналістачка мая.
— Не абражай. Навучыся ўрэшце адрозніваць паняцці «нацыяналізм» і «патрыятызм». Не ведаю, якія ты газеты чытаеш...
— Тыя, даражэнькая, у якіх сцвярджаецца, што беларусы — малады народ, маладая гістарычная з’ява.
— Вой, слухай, у цябе тэмпературы няма? Беларускі народ, наш народ, мае тысячагадовыя традыцыі, свой генафонд і антрапалогію, мову, свой уклад жыцця. Сваё адзенне, абутак, нават прычоскі, тып жылля, посуд, свае нацыянальныя традыцыі, паданні...
— Усё, усё — супакойся, — ушчаміўся ў Светчын маналог Антак. — Проста ведаю, чым цябе зачапіць. Не даводзь прапісныя ісціны. Мяне не трэба пераконваць у адметнасці нашага народа.
— Чаму ж тады мелеш лухту пра малады этнас?
— Не я мялю, даражэнькая, а нашы блізкія суседзі з усходу і захаду.
— Гэта іхнія праблемы.
— Памыляешся, Літоўка, не столькі іхнія, колькі нашыя. Не ўсе ж такія дасведчаныя, як ты. Ёсць жа людзі, якія вераць любому друкаванаму слову, не важна, адкуль яно зыходзіць.
— Ім дастаткова распавесці пра Вялікае княства Літоўскае, пра ліцвінаў, пра падзел Рэчы Паспалітай...
— Завялася. Вось заўтра і пачынай адукацыйную працу, тым больш, што ты, Светка, і прозвішча маеш адпаведнае. Распавядзі народу пра былую дзяржаўнасць ВКЛ, пра час, як княства было захоплена суседзямі ў 1795 годзе. Не памыляюся я, дарэчы?
— Не. Толькі ж і ты супакойся, — Светка згрымаснічала, зморшчыла гармонікам нос. — Бачу, хлопец, ты начытаны. Кожны раз купляюся на твае выбрыкі. Ніяк не навучуся не патрапляць на твае закідоны. Як ні стараюся, а падчэпіш на кручок, як бязглуздую рыбіну ў мелкай рачулцы.
— Проста, Светка, табе баліць, больш чым каму, праблема нацыянальнага самавызначэння, годнасці народа. Яна і мне баліць, але я не такі шалёны. Не крыўдуй, гэта кажу ў добрым сэнсе.
— Размінка прайшла: 1/0 на тваю карысць. Цяпер можна брацца і за познюю вячэру, — Светка ўладкавалася па другі бок століка ў шыкоўным мяккім фатэлі.
— Налівай, мужчына, па кроплі дзеля ўнутранага сугрэву і каб разняволіцца ды расцугляць язык.
Бурштынавы напой забулькатаў у кілішкі. Церпкаваты пах як павуцінка казытнуў у носе Антака. Яму падабаўся каньяк. Нават вельмі. Але ж нельга было і сцвярджаць, што без соткі гэтага гарманічна суаднесенага пітва ён не мог абысціся цягам сутак. Мог. Яшчэ і як. Толькі ж кожным разам саграваючы далонню пасудзінку з каньяком, хлопец больш наталяўся пахам, чым смакам.
Пілі няспешна і моўчкі. Някідкае святло таршэра і смак каньяку, сплятаючыся ў нябачную тканку позняга вечара, агортвалі душу невытлумачальным спакоем. Там, за вокнамі, віхурылася зіма, а тут, ва ўтульным пакоі, без лішкаў мэблі і з малочна-кававай чысцінёй шпалер на сценах, два чалавекі пачувалі сябе быццам на ціхаакіянскім востраве...
— Закусвай, — спахапілася Светка, — рэкамендую сыр. Ну, проста казка. Можаш скрылёк яблыка пажаваць. Нашанскія, а не з Малдовы ці Польшчы. На Камароўцы ў вясковай бабулі набыла. Яна казала, што спецыяльнае земляное скляпенне мае для захавання яблыкаў. Бачыш, калі гаспадары хочуць, то ўсё могуць. І не трэба захімізаванай садавінай душыцца. Я гавару пра прывазную, якую нават чарвяк не точыць. Зірнеш на такія яблык ці грушу — здаецца, з парафіну зробленыя. Некалі падобныя цацкі прадаваліся для ўпрыгожвання навагодніх ёлак.
— Ага, «прыгадала баба, як дзеўкай была».
— Сёння, хлопча, ты быццам спецыяльна наравіш, стараешся мяне пакрыўдзіць. Навошта, Антак, у гасцях і так пра гаспадыню? Хутаранін ты неабгабляваны.
— Я ж у думках сказаў... Як пачула, га?
Читать дальше