— Не, гэта зрабіў мяне такім ты. Але пачынаць усё спачатку ніколі не позна, нават за некалькі хвілін да смерці.
— Паспрабуй! — цынічна ўсміхнуўся ён.
— І паспрабую, — пераканаўча паабяцаў я.
— Табе не прывыкаць. Ты шмат разоў ужо рабіў гэта.
— Безумоўна, гэта ў маім характары. Але хто ведае, што такое пачынаць усё спачатку? Магчыма, гэта і азначае — жыць. Бо пакуль мы імкнемся быць іншымі, датуль мы жывем. Сумненне — таксама знак якасці.
— Прыгожа гаварыць ты заўсёды ўмеў.
— А ты, Бонза, і на гэта не здатны, — усміхнуўся я пераможна. — Спачатку я хацеў засадзіць цябе за краты, але потым перадумаў. Я не стану мараць аб цябе рукі. Прыйдзе час, і ты сам за ўсё разлічышся.
— Высокародна. Быў ты, Алег, дурнем, і памрэш ім.
— Пайшоў ты!
Гэта ўсё, на што я быў здатны ў той момант. Весці далей з ім размовы я не збіраўся. Развярнуўся і рушыў да дзвярэй. Калі зачыніў іх за сабою, з палёгкаю ўздыхнуў. Я чуў, як калоціцца ў грудзях маё сэрца, чуў, як аддаляюцца яго павольныя крокі, і ўпершыню быў задаволены сабою. Я ўяўляў яго аднаго ў бязлюдным калідоры з працягнутай рукой і шкадаваў яго. Праз хвіліну, калі эйфарыя мінула, я аднёс заяву сакратарцы, дачакаўся, калі яна яе падпіша, і зноў вярнуўся ў кабінет. Набліжаўся поўдзень, а мне яшчэ трэба было сабраць пажыткі і развітацца з калегамі. Для гэтых спраў мне хапіла некалькіх хвілін. Калі пакідаў офіс, на калідоры сустрэўся з сакратаркай. Яна, як заўсёды, выкарыстоўвала свой вольны час з карысцю. Блукаць бязмэтна па крамах было яе хобі.
— Чаму вы так нечакана сыходзіце ад нас? Нешта здарылася? — пацікавілася яна.
— Здарылася, — адсказаў я пераканаўча.
— Што? — устрапянулася яна ад цікавасці.
— Еду ў Індыю, — пажартаваў я.
— У Індыю? — акругліліся ад здзіўлення яе ліслівыя вочкі.
— Так, у Індыю, — пацвердзіў я і дадаў: — Прапанавалі вакансію пастуха, буду цяпер пасвіць сланоў.
Жанчына выціснула скупую іранічную ўсмешку.
Мы выйшлі на вуліцу. Праз дарогу ля царквы тоўпіліся людзі. Відавочна, сёння было рэлігійнае свята. Білі ў званы.
— Дабравест у мой гонар, — пажартаваў я, і жанчына адарыла мяне здзіўленым позіркам.
Што такое нікуды не трэба спяшацца, я адчуў ужо на тралейбусным прыпынку. Ехаць дахаты перахацелася. Рэшткі дня і вечар я правёў у «Эскі-Юрце», недарагім, але някепскім рэстаране. Калі і як вярнуўся дахаты, не памятаю. Прачнуўся на раніцы, у сябе дома. У пакоі іграла ціхая музыка. Мой позірк нечакана затрымаўся на вялікім трумо. У ім адлюстроўвалася акно, у шыбіны якога білася вецце старых таполяў. Вецер гайдаў густыя кроны ў такт музыкі. Я глядзеў на гэтае дзейства як зачараваны і баяўся паварухнуцца. Я адчуваў сябе саўдзельнікам вялікай сусветнай гармоніі, і маё цела перапаўнялася невытлумачальнай радасцю. «Хіба можна не любіць жыццё? — думаў я, узгадваючы нябожчыка пляменніка. — Гэта адзінае і самае лепшае, што нам дадзена звыш. Хіба можна раскідвацца лепшым і адзіным?» Ідылію радасці парушылі нечыя асцярожныя крокі. Я нехаця павярнуўся. Жанчына ўсміхалася мне з вітальні.
— Ты хто? — пацікавіўся я.
— Я Таня, — сарамліва і зусім па-дзіцячы адказала жанчына.
— Таня? — здзівіўся я. — Некалі ў юнацтве я закахаўся ў адну дзяўчыну. Яе таксама звалі Таня.
Жанчына перасмыкнула плячыма і прамаўчала.
— Як ты апынулася тут? — пацікавіўся я, разумеючы абсурднасць такога пытання. Варыянт быў класічным, яна мне падабалася. І ўсё ж мы развіталіся з ёю з перакананнем, што сустрэнемся неўзабаве. На гэты дзень у мяне былі іншыя планы, і ахвяраваць імі, нават дзеля прыгожай жанчыны, якая мне падабаецца, я быў не здольны.
Я даўно цешыў сябе авантурнай ідэяй наведаць святую крыніцу, каб змыць з сябе ўвесь той бруд, які накопліваўся ўва мне гадамі. Не прыміце маё жаданне за рэлігійны фанатызм, за свядомае жыццё я ні разу не быў у царкве. Маімі ўчынкамі рухала прага да ачышчэння: унутранага, глыбіннага. Дзеля гэтага я быў здольны на ўсё, бо ўпершыню паверыў у сябе, адчуў упэўненасць, але не ведаў, што з ёю рабіць. Я чапляўся за любую магчымасць, каб выжыць. Я вельмі хацеў жыць.
Крыніца знаходзілася далёка за горадам, аднак дабірацца да гэтага месца я вырашыў пехатою. Ужо праз хвілін пятнаццаць я крочыў палявой дарогай уздоўж рэчкі да бязлеснага кургана, які вырысоўваўся далёка на даляглядзе. Стаяў пагодлівы восеньскі дзень. Такія залатыя дні бываюць у нашых мясцінах толькі ў канцы верасня. Мяне абміналі машыны, пакідаючы за сабою клубы шэрага пылу. Я збочваў і чакаў, пакуль ён развеецца, і крочыў далей. Некаторыя добразычліўцы спыняліся і прапаноўвалі мне свае паслугі. Я ўдзячна ўсміхаўся ім і ветліва адмаўляўся. Адразу ж за згібам дарога паварочвала ўправа, у абыход кургана. Я не пайшоў ёю, а звярнуў на сцежку, што вілася праз пожню вузенькай нітачкай. Поле было ўсеяна несабранымі ў сцірту валкамі саломы. Вецер даносіў пахі блізкага жытла. Я прагна ўдыхаў іх, і маё сэрца перапаўнялася пачуццём невытлумачальнай радасці. Як ніколі я адчуваў сваю значнасць у гэтым свеце. Я радаваўся, нібы немаўля, гэтай навакольнай прыгажосці, часцінкай якой зяўляўся. Я дасягаў для сябе новыя глыбіні, пра якія яшчэ некалькі дзён таму мог толькі марыць. Я радваўся, што мне выпала нарадзіцца ў гэты час і ў гэтых мясцінах. Я адчуваў сябе шчаслівым чалавекам.
Читать дальше