Аляксей Якімовіч
Пастка для пярэваратня
Човен, прарэзаўшы асаку, уткнуўся ў бераг, зарослы лазняком.
Саскочыўшы з чоўна, Янка азірнуўся. На сярэдзіне ракі зносіла ўніз човен, у якім плылі Мацей і Алеся.
— Супроць вады бярыся! — крыкнуў Янка, падказваючы Мацею.
Мацей часта-часта заграбаў вяслом, а Алеся, перагнуўшыся цераз борт, чэрпала далонямі ваду і пырскала ўгору. Пырскі рассыпаліся вясёлкамі на сонцы, падалі на рачную быстрыню, зліваючыся з ёю, нібы праменьчыкі.
«Дурніца! Пахіліцца човен — за борт паляціць», — падумаў Янка.
Ён зноў крыкнуў:
— Алеся, боўтнешся. Алеся-я-а… «А-а-а…» — панеслася рэха. Аж да самага лесу. Лес, ходжаны і няходжаны, без канца і краю, вакол, куды ні глянь. Ахоўвае Янкаву вёсачку Парэчча, якая размясцілася на беразе Шчары.
Аціхла, згінула рэха. А Мацея зносіць усё далей, за паваротку. Вось-вось ён схаваецца. Алеся ж (дурніца, сапраўдная дурніца!) пырскае, смяецца. Вясёлкамі мігцяць, пераліваюцца кроплі, мядзяным званочкам гучыць Алесін смех.
— Супроць вады бярыся! — зноў гукнуў Янка. Мацей выпрастаўся. Трымае вясло, што рыдлёўку.
— Яначка, не магу-у-у… Рака мацнейша-я-а…
— Мацейка, вясло ў цябе, не лыжка!..
Човен, паддаўшыся імкліваму цячэнню, хаваецца за павароткай, за лазняком. Мацей стаіць, бездапаможна расставіўшы рукі.
«Няўмека. Чаго чухаешся?» — карціць крыкнуць Янку, ды ён стрымліваецца. Няхай зносіць, няхай. Навучыцца, калі намучыцца. Ён, Янка, навучыўся, ніводзін вір яго не адолее. Што ж, дванаццатае лета мінула, як басанож па гэтай зямлі бегае. А Мацею, браціку, усяго дзевятае пайшло, як і Алесі. Непадалёку ад іхняй Алесіна хата. Увішнае, няўрымслівае дзяўчо Алеся. Сёння яны, Янка і Мацей, за Шчару па шчаўе сабраліся. Многа яго расце на грудках, сярод лазнякоў. І яна стала прасіцца: «Вазьміце. Вазьміце». Мусілі ўзяць, бо такая, што не адчэпіцца.
«Вух!» — гучна вухнула каля берага, у асацэ. «Шчупак, — скумекаў Янка. — Вось каб падчапіць на кручок». Толькі падумаў так — у вадзе кінуліся ў бакі, ратуючыся, плоткі. Выгнуўшыся, узляцеў угору шчупак: «Вух». І зноў цішыня.
Янка нетаропка, па самым ускрайку берага, падаўся туды, дзе схаваўся Мацееў човен. Лазнякі густыя, што шчотка, да самай вады падыходзяць. Здаецца, не прадзярэшся. Ды ён добра ведае тыя ледзь прыкметныя сцяжынкі, якія выводзяць праз гэтыя кусты. Ведае, што ёсць яміны-бухты, падмытыя вадою ў беразе. Ступіш неасцярожна — праглыне, пацягне, нават «Ратуйце!» не паспееш крыкнуць. Ёсць тут і твань, багна. Яна, як і вада, следу не пакідае.
За павароткай ракі кусты лазняку стаяць асобнымі купінамі. Тут бераг высокі. Зелянее луг, прыбраны кветкамі-краскамі. Далей — лес. Скрозь лес. Ён не толькі хавае ад нядобрага вока, але і корміць. Тут і дзікі, і зайцы, і зубры, і… Не злічыць усёй дзічыны. Узімку, калі ноч апускаецца над вёскай, распачынаюць сваю песню ваўкі. Песню бясконцую, як сама зімовая ноч. Спярша азываецца адзін, пасля другі, трэці. Потым пачынае выць, пераклікацца цэлая зграя. Дрыжыкі прабягаюць па целе, стараешся бліжэй прымасціцца да бацькі, які побач спіць. Воўчая песня яму што камарыны піск. Не дзіва. У бацькі лук, стрэлы, дзіда. Ён, як і ўсе дарослыя мужчыны, — вой. Загарыцца ў Слоніме, у крэпасці, смольнае дрэва, агонь альбо дым ад якога відаць далёка-далёка, — знак, што вораг блізка. Тады бацька бярэ сваю зброю, садзіцца на каня і хутчэй у крэпасць. Святы абавязак мужчыны — свой край бараніць. Бывае, што ў вёску коннікі прывозяць віцы — хітра пераплецены пук вяровак ці дубцоў. Гэта знак, што князь у паход кліча. Ён з вёскі ў вёску перадаецца. Ганьба таму, хто не перадасць, хто затрымае. Калі ў Слоніме збярэцца вояў цэлая харугва — полк, тады ідуць на ворага. Уперадзе рыскуны — разведчыкі. А за імі і конна, і пеша. Не раз і не два бацька хадзіў у паход. А што зробіш? Крыжакі часта на Панямонне крумкачамі налятаюць. Яны — што скула ў баку. У паход бацька бярэ не толькі дзіду, лук, стрэлы, але і суліцу — кароткае кап'ё. Дык хіба забаіцца ваўкоў? Крыжакі страшнейшыя, а не баіцца.
Читать дальше