Аляксей КУЛАКОЎСКІ
НЕЗАБЫЎНАЕ РЭХА
Апавяданне
Заціхла к позняму вечару рэчка Лабжынка, яе ужо иават i не відно, калі глядзець збоку. На лузе пацямнела і нібы прытаілася ў чаканні благатворнай расы густая трава. I раса, пэўна, будзе, вялікая будзе раса, бо дзень сёння быў цёплы, пагодлівы. Ужо цяпер над рэчкай пачынае ўзнімацца шыза-белы туман i вызначаць на лузе ўсе свавольныя звілінкі, якія робіць тут рака. Чароўная шыза-белая лента ўецца па лузе, па вербалозніку i рассцілаецца далёка-далёка, аж да сам ага небасхілу. Каля яе зрэдку падаюць свае поўдрымотныя галасы кулікі, сяды-тады скрыпуча абзавецца драч. А самы канец ленты раптам пачынае чырванець. Чырвань гэтая хутка пашыраецца i што далей, то ўсё больш радзее, пераходзіць у барвовасць, а потым у светлую жаўцізну. Гэта ўзыходзіць месяц. Хутка ён залье сваім святлом луг, лясок непадалёку ад рэчкі, густыя ўпрыцемку, нібы злітыя, кусты вербалозніку.
Сёння — самы вялікі дзень у годзе, дваццаць другое чэрвеня. Увесь дзень тут, каля рэчкі, было многа людзей, многа гоману, песень, весялосці. У ляску на зялёнай паляначцы праходзіла Свята песні, арганізаванае райкомам комсамола. Гэта так усе гаварылі: райкомам комсамола, а на самай справе усё арганізавала Надзя, загадчык аддзела па рабоце сярод вучнёўскай моладзі і піонераў. Першы сакратар, як даведаўся, што яго хочуць паслаць на вучобу, умыў ад усяго рукі, а другі засеў перад зарочнай сэсіяй за падручнікі. На свята Надзя запрасіла прадстаўнікоў суседняга райкома комсамола. Прыехаў на матацыкле першы сакратар Нікалай Ванесаў і з ім Маша, даўно знаёмая Надзі дзяўчына, інструктар абкома комсамола.
Песні спяваліся звонка, на ўсе грудзі, i зладжана, як ніколі. Надзя дырыжыравала зводным хорам чатырох школ, а Маша, паправіўшы з дарогі светлыя локаны, стала ў рад са старшакласніцамі і неяк адразу нібы злілася з імі: гэткае-ж у яе белае, з тугім паяском плацце, гэткія-ж свежа загарэлыя рукі. I сама яна невялікая ростам, стройная, з пяшчотным, як у дзіцяці, падбародкам. Нікалай таксама прыстаў да мужчынскай трупы. Сярод школьных спевакоў ён вылучаўся большай абветранасцю твару (язда на матацыкле дала сваё) i ледзь не блішчастай чарнатой густых валасоў.
Надзя, дырыжыруючы, спявала, яна i дырыжыравала больш голасам, чым рукамі. Рукі ў яе хадзілі няўпэўнена, асабліва ў тыя хвіліны, калі яна думала пра гэта. А голас у Надзі асаблівы. Ён і моцны і ў той-жа час лірычны, прыгожага тэмбру. Удзельнікі хору яго чуюць, а ў ансамблі ён не выбіваецца. I яшчэ вочы памагаюць Надзі дырыжыраваць, карыя, выразныя вочы. Калі дзе пачуецца хоць самая маленькая нязладжанасць, Надзя глядзіць туды і глядзіць так, што харысты адразу-ж папраўляюцца. Часта насцярожаны позірк дырыжора спыняўся i там, дзе яшчэ толькі намячалася шчылінка ў галасах. Спыняўся ён i на Машы, але зусім не для таго, каб паправіць яе. Маша спяваць умела і дзесяткі песень ведала на памяць. Карыя і блакітныя вочы сустракаліся, мабыць, толькі для таго, каб адчуць адзінства ўрачыстасці, каб абодва галасы набывалі яшчэ большы прастор, яшчэ прыгажэйшае гучанне. I калі ўсхваляваны погляд Надзі міжвольна пераходзіў на смуглявы твар Нікалая, у голасе яе з'яўлялася нейкае адметнае дрыжанне, твар палаў радасцю і верхнія ноты гучалі так прыгожа i ўрачыста, што кожнаму, хто стаяў у гэты час збоку, хацелася паслухаць Надзю адну.
Пасля песень гулялі ў розныя гульні, а на змярканні, калі малодшыя школьнікі пайшлі дадому, расклалі касцёр. Каля кастра ўсе дарослыя сталі дзецьмі: скакалі цераз агонь, бегалі навыперадкі. Маша на ўвесь лясок залівалася вясёлым смехам i кожную хвіліну выдумляла што-небудзь новае ў гульнях. Завадатарам яна была найлепшым: усё ў яе выходзіла лёгка i проста. Кожны яе жэст хацелася паўтарыць, а кожнае слова прыбаўляла весялосці. Неяк вельмі смяшліва і зусім па свойму яна ўжывала слова «абы што»: «сказала абы што», «з’ела абы што», «села на абы што».
— Выдумай яшчэ абы што! — часта прасіў яе Нікалай Ванесаў.
Потым агонь стаў памаленьку затухаць, галля больш не падкідалі, бо тут мала яго было,—лясок маладзенькі, пасляваенны. Усе трошкі стаміліся ад гульняў, трошкі здаволіліся. Нікалай Ванесаў завёў матацыкл і пачаў вучыць хлопцаў ездзіць, дзяўчаты пайшлі на рэчку, а Надзя з Машай засталіся каля агню. Рэдкі дымок ішоў ад вуголляў, плыў па траве і знікаў каля рэчкі. Нехта раптам крыкнуў каля рэчкі, і Надзя ўсхапілася, пачала прыслухоўвацца.
Читать дальше