Раніцай я пачуваў сябе ніштавата. Але нейкі страх і пачуццё глыбокай спустошанасці пакуль яшчэ цалкам не выветрыліся. Думкі вярталі мяне па-ранейшаму да тых нядаўніх падзей, якія так недарэчна выбілі мяне са звыклага рытму жыцця, прымусіўшы задумацца над некаторымі сваімі ўчынкамі. Але цяпер я нікому і нічога не хацеў даказываць. «Мы ўсе некалі пакінем гэтую зямлю, — думаў я, — нічога не ўзяўшы з сабой. Самыя блізкія людзі — па духу, а не па крыві. Мне не выпала шчасце сустрэцца з такімі людзьмі. Але хто ведае, каму яно выпала, тое шчасце? За кожным акном, свая трагедыя.» Мне хацелася, каб пра мяне забыліся, далі пабыць пэўны час аднаму. Я вяртаўся да зместу той цынічнай начной SMSкі, цытаваў яе ўслых, імкнучыся дакапацца да сапраўднага сэнсу. Я не ведаў, як мне да гэтай лухты ставіцца, успрымаць гэта ўсё як жарт ці, наадварот, задумацца і зрабіць пэўныя высновы. Спачатку я вырашыў адказаць яму і нават прыдумаў належны тэкст — мудрагелісты і крыўдны, як мне тады падалося. Адправіць яго я планаваў ноччу, як гэта зрабіў некалі ён. «Я і Мы — зусім розныя рэчы, — напісаў я яму. — Таму не трэба ніколі гаварыць ад імя ўсіх. Вядома, ты мяне забудзеш, а вось усе астатнія, на каго ты спасылаешся, — яшчэ пытанне…»
І ўсё ж, я не паддаўся гэтай сваёй спакусе. Інакш бы сваімі неразумнымі дзеяннямі я толькі ўзмацніў бы яго ганарлівасць. Я даў бы яму дадатковы шанец паздзекавацца. Гэтага я не жадаў. Яго перакананне, што ён дасягнуў сваіх мэтаў, так і засталося для яго перакананнем. І няважна, што ён ніколі пра тое не здагадаецца. Ён не змог і ніколі, магчыма, не зможа ўжо дасягнуць нечага іншага. Хаця, «не спяшайцеся пазбаўляцца ад сваіх ворагаў, яны яшчэ вам спатрэбяцца», — пераконваў я сябе, цытуючы некага з вялікіх. Эмоцыі пакрыху суняліся, і я назаўсёды развітаўся са сваёй авантурнай ідэяй. Паддацца слабасці і паверыць, што людзі адвярнуліся ад мяне, я не мог. Я быў на той час зусім іншым ужо чалавекам. Дзеля жарту я нават на хвілінку паспрабаваў уявіць сабе, як ён ноччу тэрмінова збірае нараду, каб асудзіць мяне, і мне стала смешна…
Я дапіў свой чай і пачаў нехаця збірацца на працу. Вяртацца назад у гэтае асіннае кубло было для мяне цяпер сапраўдным пеклам. Яшчэ большым пеклам была непазбежнасць сустрэчы з ім. Я прыдумляў розныя магчымыя і немагчымыя варыянты, я спадзяваўся на цуды, я прасіў у Бога, каб мы размінуліся з ім. Таму, пэўна, і заяву на звальненне я падрыхтаваў загадзя.
Я прашмыгнуў хуценька праз калідор, наўмысна мінаючы яго кабінет, і накіраваўся ў кадры, спадзеючыся на дапамогу кадравічкі. Дзяўчына азнаёмілася з заявай і зірнула на мяне здзіўлена. Вярнула паперу і пакруціла адмоўна галавой.
— Такія пытанні вырашайце з шэфам, — паказала яна вачыма на прыёмную.
Я выцягнуў з барсеткі купленую для гэтых мэтаў шакаладку і ўмольна зірнуў на дзяўчыну:
— Зрабі, золатка, усё сама, калі ласка?..
Аднак як я не хацеў таго, як не пазбягаў, але, на жаль, усё атрымалася так, як і павінна было атрымацца. Ён чакаў мяне ля майго кабінета. Заўважыўшы, рушыў мне насустрач. Твар распраменіўся няшчырай з’едлівай усмешкай. Параўняўшыся, працягнуў руку для прывітання. Я вытрымаў паўзу.
— Хіба я даю вам падставы для нейкай весялосці? — цынічна заўважыў я.
— Не зразумеў, — спахмурнеў ён імгненна. — Ты не жадаеш са мною вітацца?
— Не жадаю, — пацвердзіў я, адчуваючы, як мой твар пакрываецца здрадлівай чырванню. — Паціснуць руку — гэта значыць аддаць часцінку свайго цяпла. Я не хачу яго аддаваць табе.
— Гэта не па-хрысціянску.
— Ха-ха-ха! Успомніў Бога?.. Магчыма.
— Гэта твая фанабэрыстасць, — не здаваўся ён.
— Магчыма. Але што мне рабіць з гэтым? Ведаеш, Бонза, вяртаючыся ў думках да таго выпадку, калі ты ў дзяцінстве мыў ногі свайму айчыму, мне заўсёды хацелася спытацца ў цябе: чаго ты так мяне баяўся тады, ды і зараз? Ты не хочаш, каб пра гэта даведаліся ўсе?
Бонза захваляваўся. Было заўважна, што ён збіраецца з думкамі. Відаць, мае пытаннене заспела яго знянацку.
— Ладна, Бонза, не мучайся, я сам адкажу. Ты неўзлюбіў людзей. Ты пры любой магчымасці выплюхваў на іх сваю крыўду. Ты прыраўняў усіх да свайго айчыма. Для цябе было ўсё роўна, вінаватыя яны ці не. Табе здавалася, што толькі так ты здольны перамагчы ў сябе свае крыўды. Я таксама стаў ахвярай тваіх амбіцый. Ты паўсюль пераследаваў мяне, ты быў маім ценем. Ты замінаў мне жыць, Бонза. Чуеш мяне? Я стаміўся. З-за цябе ўсё жыццё маё наперакасяк.
— Не трэба падманвацца, ты такі, які нарадзіўся, — спыніў ён мяне нахабна.
Читать дальше