Стары на маё прывітанне абыякава ківае галавой і падыходзіць бліжэй. Цяпер я шкадую, што паклікаў яго. Ад старога вее смуродам нямытага цела і вантробным тленам. Такое ўражанне, што ў суседніх дамах прарвала сантэхнічную трубу і смурод ад яе змяшаўся з паветрам. Зялёныя мухі клубкуюцца на ўдыхах і выдыхах. І мне нічога не застаецца, як таксама ўдыхаць на поўныя грудзі гэтую задушлівую атруту нямытага чалавечага цела.
— Вам кепска? — выціскаю я праз сілу і папярхаюся ўласнымі словамі, кашляю.
— Дэпрэсія заела, — сумна кажа стары. Наколькі жудасная ў гэтага чалавека дэпрэсія, можна прачытаць у яго безжыццёвых напаўсляпых зрэнках. Я зазіраю ў гэтую разгорнутую кніжку чужога Жыцця — там слёзы… Мора, акіян людскіх слёз. А яшчэ соль… Тоны солі. Залежы солі ў акіяне людскіх слёз…
— Нелады, браце, у мяне з самім сабою… Душа баліць, — скардзіцца стары. — Дзе толькі не быў я: і ў доме састарэлых, і нават у самога д’ябла пад хвастом. Няма паратунку...
— Дарма вы не засталіся ў доме састарэлых, — разважаю я. — Там вас хоць кармілі б бясплатна…
— Кінь плявузгаць… Каму я трэба там? Да сястры вось прыехаў... Кажуць, у горадзе гэтым манах нейкі аб’явіўся. Дапамагае такім, як я. Можа, яна мяне да яго завядзе!
На гэтым мае добрыя намеры канчаюцца. Развітваюся і накіроўваюся да помніка Скарыны. Насустрач мне спяшаецца мужчына ў доўгім чорным паліто. Мужчына праходзіць побач і спыняецца ў нерашучасці. Я таксама спыняюся.
— Дольчык, ты?
— Слава! Буднік! — кідаюся я да мужчыны. Чалавек у чорным доўгім паліто лісліва шчурыцца. — Каго не чакаў сустрэць у гэтым горадзе, дык гэта цябе…
— Доля!!! Ну, ты даеш…
Далонь у Будніка вільготная і слізкая, нібыта тое дрэўка ад рыдлёўкі, якою зараз непадалёку ад помніка дворнік перакопвае кветнік. Лязо манатонна соўгае пясок, і аднастайны шоргат палавініць цішыню панурага наваколля. Мне здаецца, што недзе, на дне Сусвету, нязграбны майстра вострыць свае кухонныя нажы.
— Жжы-ых, жжы-ых, жжы-ых…— мільгаціць у паветры адпаліраванае лязо.
— Жжы-ых, жжы-ых, жжы-ых… — адгукаецца рэхам панурае наваколле.
Моўчкі пераглядваемся. Мой позірк затрымліваецца на глыбокім рубцы, ружовым, праз увесь твар. Буднік старанна затуляе яго далонню і крывіцца.
— Верталёт зачапіў лопасцямі? — недарэчна жартую я, каб зняць узніклую паміж намі напружанасць.
— Узнагарода за сумленнасць, — адказвае Буднік, маўчыць хвілінку і цікавіцца: — Што, Дольчык, вырашыў пабадзяцца па сцежках свайго мінулага?
— Цягне… — прызнаюся я. — На экскурсіі ў Полацку. А ты?
— Справы, — суха адказвае Буднік. — Дарэчы, спыніўся я ў Лупоніка. Памятаеш такога?
— Як жа не памятаць. Вядома, памятаю. Хіба ён у Полацку застаўся працаваць?
— Спытаеш сам пра гэта. Скажу толькі адно: быў ён чунем, ім і памрэ...
Размова не атрымліваецца.
— Ты дзе працуеш?.. — спрабую я знайсці нейкую агульную тэму для размовы.
— Нідзе, — абрывае мяне на паўслове Буднік. — Няўдачнік я.
Зноў завісае працяглае маўчанне. Кветнік ля помніка нарэшце даводзяць да ладу. І недзе на дне Сусвету нязграбны майстра перастае вастрыць свае кухонныя нажы. Дворнік выцірае змакрэлы твар насоўкай і ўбівае рыдлёўку ў дзірван. Усталёўваецца цішыня. Пасля нядаўняга скрыгату жалеза аб пясок цішыня гэтая падаецца мне яшчэ больш жудаснай і нязноснай. Каб не ўслухоўвацца ў яе тужлівую няўцямнасць, парушаю маўчанне:
— Што так? Наколькі ведаю, ты працаваў дырэктарам лясгаса.
— Пазбавілі мяне дырэктарскай пасады. Не да двара новым гаспадарам.
— А я ў тэхнікуме нашым быў сёння, — спяшаюся я памяняць тэму. — З выкладчыкаў нікога знаёмага… Хто памёр, хто на пенсіі… Шкада…
— І жонка мая памерла. Рак з’еў нябогу, — устаўляе Буднік.
— З лёсам, Слава, не падужаешся. Напэўна, жыццё нас для таго і выпрабоўвае, каб не зазнаваліся. Напэўна, некаму тое патрэбна… Свет развіваецца па сваіх законах, выпрацаваных Прыродаю, а не па тых, што мы сабе напрыдумвалі, — расплывіста тлумачу я Будніку.
— Хто такі гэты твой нехта? — злуецца ён. — Чаму ён прыдзірлівы да адных і памяркоўны да другіх?
Я недаўменна паціскаю плячыма:
— Кожны з нас, браток, свой крыж нясе.
— Свой? — здзіўляецца Буднік.
Я спрабую напоўніць свае думкі сэнсам. Толькі Буднік мяне не слухае.
— Свой, гаворыш? — злосна перапытвае ён. — Калісьці ў нашай вёсцы таксама крыж стаяў, насупраць нашай сядзібы, на скрыжаванні дзвюх дарог... Павер’е такое існуе: быццам бы крыж гэты аберагаў вёску ад няшчасцяў розных. Дык вось гэты крыж зламалі камунякі. Спачатку паспрабавалі яго выкапаць — ноччу, каб ніхто не бачыў. А калі з задумы той нічога не атрымалася, раструшчылі гусенічным трактарам. Зломак так і застаўся тырчэць дагэтуль, як напамін аб людскім вандалізме. Можа, гэта і ёсць мой крыж? — гарачыцца Буднік. — Можа, гэта яго я нясу праз усё сваё жыццё?
Читать дальше