Заўтра выхадны, збіраюся ў горад. Пагуляю ў сваім “парку”. Мы яго нядаўна з сяброўкай адкрылі. Невялічкі такі гаёчак у старым горадзе. Хадзілі на лекцыю “Ленін і камсамол”. Ішлі неахвотна, а потым спадабалася. У ДК — музей омскай міліцыі ёсць, дык мы хоць на сапраўдную зброю наглядзеліся. Праўда, зараз на вуліцы зімна і доўга не пагуляеш. Аднак гэта не бяда, усё ж такі лепш, чым дома сядзець. Не лішне праветрыць галаву, а то яе пачынаюць наведваць розныя вар’яцкія думкі. Калі шчыра, мне такая пара года падабаецца: прыгожа, трывожна і сумна. Ва ўсякім выпадку, ніхто не здзіўляецца, чаго ты такі сумны, — усе такія. Каб жа ты толькі ведаў, як зараз хочацца пабыць у сапраўдным зімовым лесе! На жаль, такога тут няма. Усё, досыць, гэта нецікава…
Вось так я і жыву, Жэнік. Не тое, каб кепска, аднак і добрага няшмат. Вельмі хочацца з табою сустрэцца, паразмаўляць. Ведаеш, не ў маім гэта характары гаварыць пра каханне, аднак вельмі хочацца сказаць табе, што толькі цябе аднаго бачу, толькі ты адзін мне, аказваецца, патрэбен. Нават на адлегласці чатарох тысяч кіламетраў. Ніколі не забывай мяне, пішы мне як мага часцей. Вельмі цябе прашу, не лянуйся падпісаць канверт маім адрасам. Ты пішаш, што не можаш забыць мяне, вось і не трэба. Я таксама спрабавала выкрасліць усё са сваёй памяці, аднак нічога з гэтага так і не атрымалася. Напэўна, усё гэта да лепшага. Нельга ж забыць тое, што так цяжка нам далося…
Цалую… Чакаю ліста.
Я.»
— Генік!.. Сынок!.. Хто дазволіў табе чытаць чужыя лісты?..
Загадчык хірургічнага аддзялення лісліва шчурыцца. Жэнік здзіўлена азіраецца. У дзвярным праёме, нібыта ў багетавай рамцы, абведзенай жалобнаю стужкай, перамінаецца з нагі на нагу Сурто.
— Чытаць чужыя лісты, Генік, вялікі грэх, — цэдзіць ён здзекліва.
Голас раздрапвае цяжкае паветра, і засядае ў душы крыўда. Яе не стрымаць, яна выплюхваецца на паверхню…
Жэнік злосна зіркае на загадчыка. Той, баючыся, напэўна, спатыкнуцца аб высокі парог, паволі ўваходзіць у пакой. Багетавая рамка пусцее і робіцца нецікавай. Загадчык аддзялення працягвае з’едліва моршчыцца. Менавіта моршчыцца, а не ўсміхацца.
— Годзе называць мяне Генікам.
Жэнікаў голас дрыжыць ад хвалявання.
— Што з табою, сынок? — мяняецца твар Сурто.
— Годзе называць мяне сынком, — зрываецца на крык Жэнік. І слёзы схаваць немагчыма ўжо. Ды і нашто?
Ён хуценька падбірае з падлогі раскіданыя лісты і выбягае з рэанімацыйнага пакоя.
Няўдачнік!.. Якое далікатнае і бяскрыўднае слова… Няў-дач-нік!.. А за ім жыццё — хуткаплыннае і бязглуздае…
Харкайце крывёю! Я не скончу яго самагубствам!..
— Не-е-е, Дольчык, няхай не чакае гэтая погань, мы не складзём лапкі, як суркі. Мы яшчэ здзівім свет… Здзівім нечуваным дзікунствам, нечуванай жорсткасцю… Яны самі гэтага хочуць. Разумееш мяне, самі… Што ты ўтаропіўся ў мяне, Дольчык? Жартую я…
Дольчык — не проста яго знаёмы. Дольчык — колішні сябар. І хоць навучаліся яны ў розных групах, гэта не замінала ім сябраваць. Валейбольная зборная, у якой яны былі тады не апошнімі гульцамі, грымела на ўвесь горад. Гульні на выездзе, гульні ў тэхнікуме… Прыхільніцы, вядомасць…
Нерытарычнае пытанне — вучоба ці спорт? — стаяла перад хлопцамі незадоўга да завяршэння апошняга курса. Перамог цвярозы разлік. Тым больш што Дольчык атрымаў цяжкую траўму нагі і працяглы час не прымаў удзел у спаборніцтвах.
Пасля няўдалай спробы зрабіць кар’еру ў спорце, усе сілы хлопцаў былі скіраваны на вучобу. Сустракаліся яны цяпер зрэдку. І сяброўства іх пакрысе пачало згасаць. Як выявілася, сяброўства таксама не бывае вечным. А пасля завяршэння вучобы іх шляхі зусім разышліся.
Сустрэчы гэтай — нечаканай, неверагоднай — Буднік узрадаваўся. Ён быў перакананы, што яна — не выпадковасць. У выпадковасці ён не верыў. Нейкае чуццё падказвала яму, што сустрэча гэтая — стрыжань узаемаадносін, невытлумачальная праява Вялікага Прыцягнення, якое існуе ў Свеце незалежна ад волі людзей. Напэўна, чалавеку яшчэ да яго нараджэння наканавана: з кім сябраваць, а з кім сустракацца мімаходзь, з кім разысціся, а з кім прайсці праз усё жыццё поруч. Бо самае страшнае пакаранне, ведаў ён, — гэта пакаранне адзінотай…
Людзі павінны ведаць, што пра іх думаюць іншыя...
Невыразны ацёчны твар значна старыць гэтага чалавека і выклікае гідлівасць. Вось што азначае сустрэцца праз вечнасць. Дольчык нагадвае Будніку гэткага стаічнага біблейскага прарока — самаўпэўненага і цынічнага. Таму і маўчанне, што ўзнікла паміж імі, апавядае яму красамоўней за любыя словы. І нездарма... Адлегласць да небяспекі — той, якой ён асцерагаецца ў апошні час, — з-за сустрэчы з гэтым чалавекам робіцца значна карацейшаю. Прадчуванні ніколі не падманваюць яго. Не падманваюць, бо перакананы: «Асцерагайцеся не тых людзей, хто выказвае свае думкі ўголас, а тых, хто хавае гэтыя думкі ад іншых…»
Читать дальше