— Чаму ў вашых зрэнках столькі нявыплаканых слёз?.. — шэпча ён ад адчаю.
— Доктар, я стаміўся… — погляд хворага выключае магчымасць усякай памылкі. Шэпт пераходзіць у хрып: — Каб вы толькі ведалі, як я стаміўся, доктар!..
Акіяны нявыплаканых слёз варушацца. І гэты рух можа заўважыць толькі той, хто не абыякавы да гэтага чалавека. Жэнік адчувае, што тоне ў напоўненым сумам брызе. І яму робіцца страшна… Страшна не за параненага, а за сябе… Бо ніхто яшчэ не прыдумаў слоў, якія б маглі суцешыць уласны Боль…
Наранку ён вяртаецца ў рэанімацыйны пакой, каб развітацца з хворым. Начное дзяжурства канчаецца, і яго з хвіліны на хвіліну зменіць калега. Ён адчыняе дзверы, і яго позірк натыкаецца на раскіданыя па падлозе лісты. Лісты паўсюль. Жэнік падымае адзін з іх і разгортвае. Адтуль выпадае здымак. На здымку яго мама: прыгожая і маладая…
«Прывітанне, мой шалапутны!..
Малайчынка, што напісаў, вельмі чакала. Жыву я так сабе. Адчуваю нешта блізкае з тым, што адчуваў ты ў сваёй Катлоўцы. Напэўна, ты ўжо прывык, а мяне, наадварот, цягне дахаты… Хаця, шчыра, Омск мне падабаецца. Вядома, каб гэта было не так далёка ад радзімы. А вось праца — не. Працую я звычайным апаратчыкам па змешванні фарбавальнікаў — узважваю на аналітычных вагах фарбы, па некалькі сотых грамаў. Нічога складанага, а на здароўе ўплыў адмоўны. Гэтыя фарбы пыляцца, уядаюцца ў скуру, што тут і казаць — хімія. Падумваю, што трэба мяняць прафесію, і чым хутчэй, тым лепш. Падзялілася сваімі планамі з родзічамі, няхай рыхтуюцца да майго хуткага вяртання. Праўда, хочацца накапіць трошкі грошай і даказаць сваю самастойнасць. Так што, магчыма, і вытрымаю год які. На большае не разлічваю, нават думаць пра гэта не хачу. Не магу сабе ўявіць, чым тут можна заняцца, калі застануся. Сястра піша, што ў Мінску можна ўладкавацца на трактарны. Але гэта пакуль што мары. Зімой збіраюся наведаць Беларусь, калі не пярэчыш, магу заехаць і да цябе. Тры адгулы я маю ўжо, а праз тры месяцы іх на тыдзень назбіраецца. Як бачыш, планы ў мяне напалеонаўскія, вось толькі ці здзейсняцца яны? Паспрабую зрабіць усё магчымае. У інстытут я не паступіла, не паспела. А вучыцца цягне. У мяне да цябе прапанова: давай разам будзем рыхтавацца, каб паступіць на наступны год. Згодзен?.. Толькі вось куды мне падацца? Сама нават не ведаю. А ты?.. Мне памятаецца, што і ты казаў, быццам бы таксама збіраешся памяняць прафесію. Можа, разам куды-небудзь паспрабуем паступіць? Час, каб падумаць, пакуль яшчэ ёсць...
Пішу табе ліст, слухаю музыку і ўзгадваю нядаўні выпадак. Толькі што вярнуліся з дружыны. Швэндаліся па горадзе, як прыдуркі, з гэтымі чырвонымі павязкамі. Потым на апорным бавілі час. За вечар такога наглядзелася… Жах… Напэўна, і ноччу прымроіцца. Зараз раскажу табе. Значыць, сядзім мы на апорным, грэемся. Прыбягае жанчына, твар у крыві, балбоча нешта неразборлівае. Я, вядома, захвалявалася, і ўсе таксама. Мянты, народ бывалы, адвялі яе ў прыбіральню, памыцца. Потым яна расказала, што гэта муж яе так размаляваў, з-за рэўнасці. Збіраўся павесіць. Жах!.. Пайшлі па мужа. Нашу дружыну ён, вядома, раскідаў, але ж зацягнулі яго такі да начальніка. Ой, Жэнік, ну ён і мацюкаўся! Вушы пухлі. Вядома, ва ўсім вінаваціў жонку. Я б такога за тры кіламетры абыходзіла. Не разумею, як можна з ім у адной кватэры жыць? Вядома, у чужой бядзе не разбярэшся, але ўсё роўна, нешта не магу я сябе ўявіць на месцы гэтай жанчыны. Добра, хопіць пра сумнае. Раскажу табе лепш пра іншае. Днямі ў нас у інтэрнаце конкурс ладзілі “А ну, дзяўчаты!”. Дык вось, як гэта ні дзіўна, я ў ім аказалася пераможцай. Дасюль не магу зразумець, як гэта атрымалася. У падарунак мне далі вазу керамічную, прыгожую, і кветкі. Але каб атрымаць усё гэта, трэба было ўмець гатаваць, збіраць на стол, ведаць паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў і мноства чаго іншага. А ў канцы ўсяго забаўляць гасцей. Я танчыла цыганачку. Можаш сабе ўявіць, як гэта я рабіла?.. Смешна самой нават было. Вось такая мая жытка. Ты, канешне, можаш падумаць, што тут адны святы. Гэта не так. Гэта толькі зрэдку выпадаюць хвіліны, падобныя да «караедаўскага» жыцця. Калі шчыра, то я тут сумую вельмі моцна, ніводнага дня не мінула яшчэ, каб не прыгадалася радзіма, ты, усё, што было паміж намі. Вечарамі цяпер у нас любімы занятак — сядзець і ўспамінаць, марыць, слухаць музыку. Нават тэлевізар рэдка глядзім…
Дваццатага верасня, два тыдні назад, былі ў калгасе, у гасцях у дзяўчат. Убачыла, упершыню ў сваім жыцці, сібірскую цалінную вёску. Уражанне не вельмі добрае засталося. Шмат пылу, мала дрэў. Адным словам, “степь да степь кругом…”. Яблыкі з нашу вішню, і тых кропля. Так што ў нас лепей…
Читать дальше