— Правадніком.
— Кім, кім? — здзівілася мама. — Чаму менавіта правадніком? Прыбіраць за другімі, мяняць пасля іх бялізну, насіць чай ім у купэ?.. Напэўна, гэта жаночы занятак, а не мужчынскі. Няўжо не існуе цікавейшых прафесій?
Адказ яго быў просты:
— Не ведаю… Мяне вабяць падарожжы. А яшчэ вакзалы… Начныя вакзалы…
Гэтыя словы былі ўсяго толькі дзіцячымі марамі. З узростам яго патрабаванні да жыцця цалкам зменяцца. Але на той час…
Ён нарадзіўся і жыў у Краіне, дзе ўсё за ўсіх вырашала дзяржава. І ён ганарыўся ёю, а дзяржава ганарылася ім. Гэта была ідылія абяцанага «зямнога раю». Ён верыў у будучыню, а яго краіна разбуралася, гінула духоўна. Яму пачынала здавацца, што п’янства і галавацяпства існуюць толькі на іх прадпрыемстве, а на іншых — дысцыпліна і парадак. Бо хіба магла быць хлуснёю тая Хлусня, якую ён чуў кожны дзень з экранаў тэлевізараў? Ён апраўдваўся за ўсю краіну. Яго прымалі за вар’ята. Яму не верылі, як не верылі і ўсёй той Хлусні, якая прасочвалася адусюль: з газет, з часопісаў…
Людзі чакалі цудаў… Людзям патрэбен быў міф. І тыя, хто імкнуўся валадарыць, разумелі гэта.
«Падманвайце, сяліце ў галовах людзей сумніў. Памятайце, ваша праўда нікому не патрэбная…» Сацыялагічныя ўстановы распрацоўвалі самы буйны сваім цынізмам Падман. «Свет невылечна хворы, — пераконвалі людзей з высокіх трыбун ідэолагі, — у нацыі брак сумлення…» Чыноўнікі рэпеціравалі адобраны «зверху» Падман — людзі павінны паверыць у сваю непаўнавартасць. І людзі пачыналі верыць Падману. Верыць не розумам, а эмоцыямі. Сацыёлагі агучвалі пераможныя вынікі сваіх апытанняў — цынічнасці дазвалялася ўсё. Стваралася новая генерацыя людзей — грамадства, якім можна кіраваць…
«Мы самі ствараем сучаснасць. І ад таго, якая яна, залежыць наша будучыня», — гучаў як напамін з магілы-памяці голас нябожчыка-бацькі. І ў сэрцы пасяляўся сумніў. Яго выцісне потым вера. Вера ў незаплямленыя фальшам бацькавы словы…
Аднойчы ў рукі яму трапіла нейкая закрытая брашура. У ёй ён і вычытаў лёсавызначальнае выказванне палітолага.
«Мы ўвайшлі ў эпоху стабілізацыі з пераменнымі задачамі эпохі крызісу. Для самаапраўдання патрэбен стары тэзіс аб “узмацненні ідэалагічнай барацьбы”. Ад ідэалогіі патрабуецца адно: каб людзі вымаўлялі правільныя словы. Пры ідэалагічным прэсінгу нікога не турбуе, аб чым думае чалавек, галоўнае — аб чым ён гаворыць.»
Да гэтых слоў палітолага калегі аднесліся абыякава. Бо, як трапна выказаўся адзін з іх, свет ад гэтага словаблуддзя не палепшыўся і не пагоршыўся. Жыццё працягвалася. Людзі хадзілі на працу, у каго яна, вядома, была. Людзі нараджалі новых людзей…
Але калега, на жаль, памыляўся. Выказаная палітолагам думка не была яго ўласнай думкай. Гэта было не выпадковае словаблуддзе, гэта была афіцыйная палітыка дзяржавы. І гэтую палітыку падтрымлівала маўклівая большасць...
Людзі шапталіся ў ложках… Галеча нараджала зайздрасць. Зайздрасць — страх. І кватэра была адзіным месцам, дзе людзі маглі выказвацца, пакуль што яшчэ не тоячыся. Дарма, што шэптам. З маўклівай згоды большасці — той, якая верыла сваім палітолагам. З запыленых старонак тоўстых архіўных тамоў вярталася адчуванне непаўнавартасці. І натоленыя памяццю сцены «хрушчоб» зноў пачыналі рабіцца сведкамі нечых неразумных учынкаў. Галасы нябожчыкаў, тых, якія сталі некалі ахвярамі выказаных уголас думак, зліваліся з шэптамі новых ахвяр. Іх думкі супадалі з думкамі катаў. І немагчыма было зразумець ужо, дзе ахвяра, а дзе кат, у чым праўда, а ў чым хлусня. На Зямлю вяртаўся Хаос…
Смерць знойдзе яго неўзабаве…
Толькі ён пра гэта яшчэ пакуль не ведае. Ён крочыць па бязлюднай Ніжнепакроўскай вуліцы, і шлях яго ляжыць да Сафійскага Сабора.
Світае. Горад вяртаецца да прытомнасці. Шаргацяць венікамі прыбіральшчыкі. Бразгаюць жалезнымі засаўкамі начныя вартаўнікі. Ажываюць прыватныя крамы. На вуліцах з’яўляюцца першыя мінакі. Ён спяшаецца, бо не любіць гэтых вірлівых, перанасычаных пахамі машыннай гары і людскога поту гарадскіх вуліц. Разамлелыя да непрыстойнасці, яны нагадваюць яму вялікія грамадскія прыбіральні і выклікаюць гідлівасць. Іншая справа начныя вакзалы. Яны атаясамліваюцца з рухам, а значыць — з жыццём. Яго вабіць манатоннае пагрукванне колаў транзітных цягнікоў. Яго вабіць прыгажосць неонавых распяццяў вакзалаў. Яго вабіць сама Неспазнанасць. Бо ў свае сорак ён усё яшчэ застаецца рамантыкам. Пачуццё гэтае, праўда, пакрысе прытупляецца, з гадамі робіцца больш інстынктыўным, штучным, падмяняецца страхам і трывогай. І тыя міфічныя гарады, якія мрояцца яму апошнім часам, нягледзячы на багацце фарбаў, адценняў і колераў, цалкам пазбаўлены глянцу і незямной дасканаласці...
Читать дальше