Свенсан адчуў раптам, як з рук ягоных вырываюць плазмер. Потымяго зноў паставілі на ногі, прычым за кожную руку трымалася не менш трох чалавек. Канферансье, размахваючы плазмерам, задаволена ўсміхаўся шчарбатым ротам.
-Патрымайце яго так, хлопцы! – папрасіў ён фермераў, падыходзячы бліжэй і перакладаючы плазмер у левую руку. – Гэта табе за мой зуб, зараза!
Ён размахнуўся і ўдарыў Свенсана кулаком у сківіцу. І хоць удар гэты аказаўся даволі слабым і няўдалы…і, напэўна, кулаку наглядчыка было пры гэтым куды больш балюча, чым сківіцы Свенсана, але фермеры раптам абурана загудзелі, тым больш, што канферансье, зноў вярнуўшы плазмер у правую руку, замахнуўся ўжо ім…
Кардзі схапіў канферансье за каўнер і адпіхнуў яго ўбок, перш чым той змог ударыць Свенсана рукаяткай плазмера. Наглядчык, раззлаваны такімі зневажальнымі адносінамі да сваёй уласнай асобы, наставіў, было, плазмер на фермера, але адразу ж, апамятаўшыся, зноў апусціў зброю.
-Нічога! - сказаў ён, крыва ўсміхаючыся. – Мы з ім потым паразмаўляем! А зараз проста звяжыце яго!
- Гэта можна! – сказаў прыміральна Рык і чамусьці свіснуў.
У пакой убегла жанчына, якая першай сустрэла Свенсана каля ўваходу. Адразу ж спыніўшыся, яна са спалохам паглядзела на свайго гаспадара.
- Прынясі ліпучак, - загадаў той. – Цісетку! І хутчэй паварочвайся, а не тое я цябе…
Жанчына выбегла, а Свенсан зразумеў, што калі ён жадае вызваліцца, то зрабіць гэта трэба неадкладна. Бо з ліпучак не вызвалішся самастойна, іх можна толькі перарэзаць, а сетку нават перарэзаць няпроста…
Тое, што Свенсан пакуль што стаяў спакойна і нават не спрабаваў вырвацца, крыхусупакоіла разгарачаных ягоных вартаўнікоў і, што самае галоўнае, аслабіла іх пільнасць. Таму зараз яны трымалі свайго палонніка не так моцна, як спачатку… і, выкарыстаўшы гэта, Свенсан нечакана напружыўся, ірвануўся… яшчэ імгненне – і вось ён ужо зноў на свабодзе!
Праўда, без плазмера…
- Хапайце яго! – завіскатаў канферансье, спалохана махаючы перад сабой плазмерам…але фермеры і без гэтага ягонага загаду кінуліся на Свенсана. Кінуліся ўсе разам, піхаючыся і перашкаджаючы адзін аднаму…
Першага і другога з нападаючых Свенсан проста збіў з ног трапнымі ўдарамі кулака. Яшчэ адного ўдарыў нагой у жывот, і той, склаўшыся амаль удвая, ціха асеў на падлогу…
Хтосьці з фермераў, скокнуўшы на Свенсана ззаду, паспрабаваў абхапіць яго аберуч за шыю, але зрабіў гэта так няўдала, што былому космадэсантніку не склала вялікай цяжкасці правесці контрпрыём. Цяжка бразнуўшыся на падлогу, фермер пакаціўся прама пад ногі сваім сабутэльнікам, збіўшы пры гэтым яшчэ двух з іх…
Пасля гэтага наступіла штосьці накшталт перадышкі. Фермеры, цяжка дыхаючы, абступілі Свенсана з усіх магчымых бакоў…праўда, зноў нападаць на яго пакуль што ніхто не спяшаўся. Дзесьці за іх спінамі бегаў і хваляваўся нізкарослы канферансье, але наперад і ён яўна не імкнуўся. Потым у пакоі зноў з’явілася рабочая жонка Рыка, і ў руках у яе былі…
Тое, што прынесла зараз жанчына, не было простай ліпучай лентай. Гэта была лоўчая паляўнічая сетка, якую час ад часу прымянялі фермеры, як для палявання, так і для аховы садоў і агародаў ад розных шкодных жывёл. Хутка і спрактыкавана фермеры пачалі разварочваць сетку вакол Свенсана…і тады ён, разумеючы, што ўсё скончана, сам кінуўся наперад…
І зноў нейкі час у пакоі кіпеў жорсткі, напружаны бой. Свенсан біў, сам атрымліваў удары ў адказ, зноў біў… і хоць наносіў ён удараў у шмат разоў больш, чым атрымліваў сам, гэта нічога ўжо не вырашала. Усё вырашала колькасная перавага праціўнікаў, а яна тут была шматразовай…
Вось нейчы вялізны кулак вылецеў, здавалася, ніадкуль і з хрустам ударыў Свенсана прама ў пераноссе. Кроў не пацякла нават… яна, літаральна, лінула з носа… а ў гэты самы момант Свенсан атрымаў яшчэ і мацнейшы ўдар чымсьці цяжкім у патыліцу.
Ён упаў і адразу ж зверху на яго накінулі сетку, закруцілі яе як мага мацней і, абступіўшы Свенсана, пачалі біць яго нагамі.
Нейкі час фермеры, змяняючы адзін аднаго, білі Свенсана, білі са злосцю і нават нейкай своеасаблівай асалодай…і, хутчэй за ўсё, разгарачаныя спіртным і гарачкай бойкі, яны б забілі яго да смерці, але нечакана ўмяшаўся канферансье. Міласэрднасць, хутчэй за ўсё, тут была ні пры чым…проста ў наглядчыка меліся сваематывы захаваць палонніку жыццё …
-Стойце, хопіць! – закрычаў ён, марна спрабуючы адцягнуць увайшоўшых у раж фермераў ад нерухомага цела былога космадэсантніка. – Лепш звяжыце яго яшчэ мацней!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу