Свенсані вокам не паспеў мігнуць, як аказаўся ў ягоных потных абдымках.
-Я цябе паважаю! – п’яна мармытаў Кардзі ў самае вуха Свенсану. – Я цябе пацалую нават, вось! А ты ўчора мне адмовіў у такой дробязі! Хіба ж гэта па-суседскі?! Не, ты скажы мне, гэта па-суседскі, га?! Ты што, думаеш я сапсую тваю драбілку? Ты паверыў гэтаму Габэйду? Знайшоў каму верыць! Не, ты пачакай, не спяшайся! Я яшчэ не ўсё сказаў! Хочаш, я цябе яшчэ пацалую, га?! Па-суседскі!
Хутчэй за ўсё, Кардзі пераблытаў Свенсана з кімсьці іншам, але высветліць усе падрабязнасці гэтай заблытанай справы Свенсану так і не давялося.Іх валтузня ўжо прыцягнула ўвагу астатніх, і Свенсан, з нейкім нядобрым прадчуваннем, заўважыў што юнак Адам са сваёй жанчынай некуды ўжо зніклі, а канферансье, усміхаючыся ва ўвесь рот,спяшаецца сюды, да дзвярэй.
-Ну, куды ж вы? – з залішняй нават ветлівасцю звярнуўся ён да Свенсана, які змог, нарэшце, адпіхнуць ад сябе Кардзі і цяпер паспешліва выціраў нейкім пакамечаным кавалкам тканіны з твару сляды ягоных п’яных пацалункаў. Не адразу Свенсан прызнаў у гэтым кавалку тканіны мізэрныя рэшткі былога жаночага хітону…
-Мне трэба ўжо, - прагаварыў ён, стараючыся пры гэтым не сустракацца поглядам з канферансье. – Давай, іншым разам!
- Што, іншым разам?
Цяпер канферансье стаяў ўжо зусім побач са Свенсанам, уважліва за ім назіраючы. Наглядчык быў амаль на галаву ніжэйшым за былога дэсантніка… можна было паспрабаваць збіць яго з ног і пабегчы…але выхад з памяшкання пакуль што загароджваў аб’ёмістай сваёй тушай Кардзі.Па ўсяму бачна, ён не лічыў яшчэ размову са Свенсанам скончанай…
-Хадземце, вып’ем! – п’яна зашаптаў Свенсану на самае вуха канферансье. – Ведаеце, як прыемна сустрэць тут, сярод усёй гэтай набрыдзі па-сапраўднаму інтэлегентнага чалавека, ды яшчэ супрацоўніка ФІРМЫ! Мы ж з вамі калегі, ці не так?
На фірменным кіцелі Свенсана не было аніякіх знакаў адрознення, і, тым не менш, сам гэты кіцель яскрава сведчыў аб тым, што ягоны ўладальнік мае даволі высокае службовае становішча ў ФІРМЕ. І як смее гэты дробны служачы, просты наглядчык бардэля,так, запанібрацкі звяртацца да загадчыка аддзялення!
Тут Свенсан успомніў, што зараз ён ужо не загадчык аддзялення, а здраднік і нават крымінальны злачынец, які хаваецца ад пакарання. І тое, што канферансье так нахабна з ім размаўляе, яшчэ раз падцвярджае той несумненны факт, што гэты тып штосьці такое падазрае...
А, магчыма, і не падазрае, а дакладна ўжо ведае, хто ж такі Свенсан на самой справе?
І, гэтак жа магчыма, што назіральніку і сапраўды проста захацелася выпіць з ім…
Свенсан кінуў непрыкметны погляд у бок уваходных дзвярэй. Там, акрамя Кардзі, таўкліся яшчэ некалькі фермераў, якія зноў спрабавалі вывесці яго на свежае паветра. Пакуль без асаблівага поспеху...
-Дарэчы, а па якой справе вы да гаспадара? – спытаўся раптам канферансье яшчэ больш п’яным голасам, па-змоўніцку падмігваючы пры гэтым Свенсану. – Ці, можа, вы проста ягоны сябар?
- Сябар, - сказаў Свенсан. – І па справе.
- Па якой?
У гэты час да іх, хістаючыся, наблізіўся сам гаспадар,і сэрца Свенсана адразуж трывожна застукала. Якую прыдумаць прычыну свайго прыходу сюды… такую,каб не выклікаць новых падазрэнняў?
Але нічога прыдумляць не прыйшлося. Пакуль, ва ўсялякім разе…
- За стол! – загадаў гаспадар. –Усе! Давайце, давайце!
Фермеры, якія стаялі каля дзвярэй, паслухмяна рушылі да стала. Свенсану нічога не заставалася, як пайсці ўслед за імі.
Цяпер арфісткі выконвалі нейкую вясёлую музычную кампазіцыю. Праўда, як і раней, на гэтую іх музыку ніхто не звяртаў аніякай увагі… дзвеарфы зноў сіратліва ляжалі без справы ў чаканні сваіх гаспадынь.
-Давайце, давайце! – кіраваў застоллем гаспадар. – Налівайце, у каго яшчэ не наліта! Па поўнай!
Свенсан выпіў поўны келіх моцнага, прыемнага на смак віна і зноў паглядзеў на арфістак. Нечаканая думка прыйшла раптам яму ў галаву.
- Налівайце, налівайце! - зноў кіраваў гаспадар. – А то вы ўсе нейкія занадта цвярозыя!
Свенсан узняўшыся і , прытворна хістаючыся, падыйшоў да жанчын. Ні адна з іх нават не паглядзела ў ягоны бок, але Свенсан разумеў, што той сёй з мужчын уважліва назірае за ім зараз. Таму трэба весці сябе, як мага больш натуральна. П’яны… што з яго ўзяць…
- Ідзі да мяне, прыгажунька!
Ухапіўшы за руку адну з жанчын, Свенсан пацягнуў яе да сябе. Адклаўшы арфу ўбок, жанчына паслухмяна ўстала.
- Куды б гэта пайсці, каб нам ніхто не перашкодзіў?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу