Усе жанчыны былі маладымі і вельмі прыгожымі. З адзення на іх былі толькі нейкія белыя паўпразрыстыя хітоны, якія зашпільваліся на левым плячы. На галаве ў кожнай з жанчын меўся яшчэ і невялікі вяночак з пунцовых альбо белых кветак.
Пакуль госці з цікаўнасцю разглядвалі Свенсана, а сам Свенсан з не меншай цікаўнасцю разглядваў жанчын з арфамі, у залу з адной з бакавых дзвярэй, не ўвайшоў, а, літаральна, ўваліўся мужчына, хутчэй за ўсё, таксама хтосьці з гасцей. Ён з цяжкасцю трымаўся на нагах, жанчыне, якая йшла ўслед за ім, прыходзілася з усяе сілы падтрымліваць свайго кавалера ў вертыкальным становішчы.
Іх прыход астатнія сустрэлі п’яным смехам, нясціплымі жартамі, нават кпінамі, на якія мужчына, тым не менш, зусім не пакрыўдзіўся.Ён п’яна зарагатаў у адказ і, дайшоўшы, нарэшце, да свайго месца за сталом, з яўнай палёгкай на яго апусціўся. Жанчына ж, паправіўшы хітон, падыйшла да сваіх сябровак і, узяўшы арфу, таксама пачала задумліва перабіраць тонкімі пальцамі струны. Дзіўна, але ніякіх нот перад арфісткамі не ляжала, не было перад імі і ніякага дырыжора…тым не менш, чароўная мелодыя арфаў працягвала гучаць роўна і зладжана, без адзінага нават збою…
На Свенсана ніхто не звяртаў больш аніякай увагі, акрамя гаспадара, які моўчкі паказаў яму на свабоднае месца за сталом насупраць сябе. Свенсан сеў, і адразу ж сусед злева набухаў яму поўны келіх віна, а сусед справа падсунуў бліжэй аж тры талеркі з рознымі мяснымі стравамі. Прыгубіўшы крыху віна, Свенсан з прагнасцю накінуўся на ежу. Толькі зараз, сярод гэтага гастранамічнага багацця, ён зразумеў, якое гэта нясмачнае блюда – пражанае зерне кукурузы, якая ледзь дасягнула яшчэмалочнай спеласці…
. А госці за сталом зноў п’яна і шумна гаманілі, даказваючы штосьці адзін аднаму… і чароўная шчымлівая музыка арфаў амаль згубілася, растварыўшыся ў п’янай гэтай гамонцы. І, тым не менш, Свенсан працягваў яе чуць, калі не слыхам, дык, пэўна ж, душой…ён слухаў гэтую музыку, і цешыўся ёю… і разумеў усю недарэчнасць цудоўнай гэтай музыкі ў закарузлым п’яным пакоі…
Нечакана Свенсан адчуў на сябе ўважлівы позірк аднаго з прысутных. Стараючыся нічым не выдаць сваей занепакоеннасці, ён, тым не менш, непрыкметна зірнуў у той бок…
Чалавек, які толькі што разглядваў Свенсана, абдымаўся ўжо з п’яным суседам і штосьці нават шаптаў яму на вуха, літаральна давячыся пры гэтым ад несупыннага смеху. Ён выглядаў зараз не менш п’яным за астатніх, але Свенсан ведаў, упэўнены быў нават у тым, што яшчэ хвіліну назад чалавек гэты ўважліваразглядваў яго халодным цвярозым позіркам.
Ды і не паходзіў ён на астатніх мужчын за сталом, ні адзеннем, ні сваіміпаводзінамі. Тут, на гулянку, хутчэй за ўсё, сабраліся фермеры-суседзі… а гэты мужчына, ён быў, пэўна,наглядчыкам ад “вясёлага дому”… на Аграполісе такіх называлі чамусьці “канферансье”…
У абавязкі канферансье уваходзіла дастаўкада месца прызначэння жанчын-арфістак і назіранне потым за імі ўвесь той час, пакуль жанчыны будуць знаходзіцца ў гэтым месцы. Канферансье, вядома ж, нёс за жанчын поўную адказнасць…ён жа павінен быў потымдаставіць іх зноў у “вясёлы дом”….
Усе - людзі… так што, выпіць з гаспадарамі наглядчыку-канферансьедазвалялася, але ў меру. Напівацца ўчас службовай камандыроўкі ні адзін з канферансье не мог сабе дазволіць, за гэта можна было і вылецець з работы. Нават калі жанчын гэтых заказалі не на адзін дзень, а на больш працяглы тэрмін… і тады страта кантролю над сваімі паводзінамі хоць на нейкі час з’яўлялася для наглядчыка даволі рызыкоўнай справай…
Чаму ж тады гэты малойчык стараецца паказаць прысутным, а, хутчэй за ўсё, менавіта Свенсану, тое, чаго на самой справе няма?
Пакуль Свенсан раздумваў над няпростым гэтым пытаннем, у пакоі з’явіўся яшчэ адзін мужчына з жанчынай. На нагах гэты мужчына, у адрозненні ад свайго папярэдніка, трымаўся даволі ўпэўнена… больш таго, жанчыну ён літаральна валачыў за сабой, моцна трымаючы яе за валасы. Мужчына выглядаў раз’юшаным да немагчымасці, жанчына – вельмі спалоханай. На ёй быў толькі пакамячаны вяночак з кветак… хітон жанчыны мужчына трымаў у руцэ нібы якуюанучу…
І адразу ж канферансье, забыўшыся на сваю роль п’янага да бяспамяцтва, ускочыў з-за стала і кінуўся да мужчыны з жанчынай.
- Што здарылася? – заклапочана спытаў ён мужчыну. – У чым праблемы?
- Гэтая дрэнь нічога не можа! – зароў мужчына прама ў твар наглядчыку. – Чаму вы іх там вучыце, хацелася б мне ведаць, калі яна нічога не можа?!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу