Холін уздыхнуў.
-Сэр, - сказаў ён, нібыта і пачціва, але з нейкім унутранным выклікам, - не забывайце, што гэта “дзікія кошкі”! Абяшкодзіць іх можна толькі адным спосабам – забіць, а яны пакуль што жывыя…
-Гэта – пытанне часу! – ужо з уяўным раздражненнем у голасе сказаў Ліўскі. – Яны блакіраваныя ў адным з ангараў, а непасрэдны штурм прывёў бы да вялікіх людскіх страт. Мы і так ужо страцілі занадта шмат людзей , ці вы са мной не згодныя?
-Так, сэр, мы страцілі недаравальна шмат людзей, – з усё той жа сумніўнай пачцівасцю ў гэласе адказаў Холін. – Але чаму абавязкова штурмаваць гэты ангар. Мы ж можам проста знішчыць яго разам з “кошкамі”, хіба не так?
І зноў Ліўскі адказаў не адразу.
- Усё не так проста, Максіміліян, - сказаў ён, вытрымаўшы даволі працяглую паўзу. – У ангары, акрамя “кошак”, яшчэ некалькі дзесяткаў заложнікаў: фермеры, супрацоўнікі касмапорта, турысты,бізнесмены з іншых планет…
Ён змоўк.
- Я так зразумеў, што сітуацыя склалася тупіковая? – асцярожна спытаў Холін. – І што вы вымушаны заразвесці з імі перамовы, гэта так?
-А што нам яшчэ застаецца рабіць?! – з раздражненнем і, адначасова, з нейкім патаемным спадзяваннем у голасе прагаварыў Ліўскі. – У вас што, ёсць канкрэтныя прапановы, Максіміліян?
-Прабачце, сэр! – Холін паціснуў плячамі. – У мяне няма канкрэтных прапаноў. Пакуль што няма, - паправіўся ён. - Можа там, на месцы…
- Вось гэта я і жадаў ад вас пачуць, Максіміліян! – сказаў з палёгкай Ліўскі. – Вылятайце зараз жа!
Экран патух, зноў зрабіўшыся аднастайна матавым, а Холін раптам вылаяўся ўслых. Свенсан здзіўлена на яго паглядзеў.
-Не звяртай увагі! – сказаў Холін, усё яшчэ не зводзячы вачэй з матавай паверхні манітора. – Няўжо і ў вышэйшым кіраўніцтве ФІРМЫ сядзяць такія ж аслы, як лічыш? Ці гэта толькі лакальнаяпраблема нашага роднага Аграполісу?
Надыходзіў вечар, самы звычайны вечар на Аграполісе.Сонца ўжо паспела схавацца за небакрай, а першы з трох месяцаў яшчэ толькі выпаўзаў з процілеглага боку гэтага ж самага небакраю. На Аграполісе вечаровыя прыцемкі з’яўляліся самым цёмным часам сутак, і менавіта іх цярпліва чакала Маргана ўжо некалькі гадзін, менавіта яны найлепшым чынам падыходзілі для поспеху ўсёй задуманай ёй аперацыі.
Вартаўнікі змяняліся кожныя дзве гадзіны, і апошняя іх змена адбылася зусім нядаўна. Гэта было добра, знікшых вартаўнікоў не адразу хопяцца. Маргана добра сабе ўяўляла ўсю складанасць таго, што ёй неабходна было зрабіць. Кожная затрымка, кожны памылковы крок мог стаць для яе ракавым, тым больш, што не прайшоўшы абраду ачышчэння, Маргана ніяк не магла адчуваць сябе сапраўднай “дзікай кошкай”, хоць і была ёй на самой справе…
Чаму, ну, чаму яна так і не змагла забіць мужа?!
Гэта было памылкай з яе боку, вялікай, недаравальнай нават памылкай… апраўданнем для яе мог стаць хіба што недахоп часу і неабходнасць як мага хутчэй пакінуць тое месца, але…
Яна не забіла мужа не таму, што ёй не хапіла б на гэта часу. Яна проста не змагла забіць яго…
Проста нават забіць…тым больш, выкарыстаць для абраду ачышчэння…
Чаму так адбылося?
Маргана і сама не ведала гэтага. Магчыма, на гэта пытанне магла даць адказ… Мэры, але Мэры ўжо не існавала. Яна знікла, знікла назаўсёды…
Ці ўсё ж не знікла? Як магла знікнуць яна без свяшчэннага абраду ачышчэння?!
А, можа… можа, і сама Маргана не жадала, каб адбылося гэтае знікненне? Можа… можа ёй падабалася быць Мэры?
Гэта былі дзіўныя думкі, раней такое нават не магло прыйсці ў галаву Маргане, “дзікай кошцы” Маргане, баявой сяброўцы самой прынцэсы Ірумы! Гэта былі ганебныя думкі… той чалавек, былы яе муж, ён заслугоўваў пакаранне за тое ўжо, што пасмеў карыстацца “дзікай кошкай”, як сваёй ўласнасцю! Яна не павінна была пакідаць яго ў жывых, бо ён…
Бо ён так кахаў яе?
Вакол стала ўжо зусім цёмна і надыходзіў час дзейнічаць. Маргана матлянула галавой, нібыта адганяючы гэтым міжвольным жэстам усе недарэчныя думкі, потым, крыху прыўзняўшыся на локці, уважліва аглядзелася вакол. Ахоўнікоў нідзе не было відаць, але Маргана ведала, што зараз яны знаходзяцца па другі бок будынка. Іх усяго трое, для “дзікай кошкі” гэта дробязь… галоўнае, каб ніхто з ахоўнікоў не паспеў у самае апошняе імгненне крыкнуць альбо нейкім іншым чынам узняць трывогу.Ага, вось і яны!
Ахоўнікі, гучна размаўляючы паміж сабой, ішлі насустрач Маргане, яшчэ некалькі хвілін – і яны апынуцца ўсяго ў некалькіх кроках ад яе… ідэальнае становішча для нечаканага нападу.Вось яны падыйшлі ўжо зусім блізка, у вечаровым прыцемку твары ахоўнікаў былі амаль небачнымі для звычайнага чалавека, але Маргана не была звычайным чалавекам. Яна выразна бачыла ўсіх трох, распазнавала нават выразы іх твараў… адзін з ахоўнікаў, дарэчы, быў зусім яшчэмаладым, двое другіх -куды больш сталага ўзросту. Яшчэ хвіліна – і яны памруць, усе ўтрох … гэта было неабходна для выканання яе плана, і таму ні кроплі нават жалю ці шкадавання не было зараз у сэрцы Марганы…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу