— Пан пытаецца, калі вернеце грошы?
Гэта было — што і казаць — страхотлівае для Кужалёў пытанне. Колькі там Лявонка зарабіў у Берасці! Аддаў, але колькі яшчэ засталося! Спадзяваліся разлічыцца, прадаўшы частку ўраджаю жыта. Таксама не атрымалася.
— Пане Аўтух, заходзьце ў хату! — ветліва запрасіла Марыля, але стражнік як бы і не пачуў.
— Пан кладзе грошы ў банк — там яму прыбытак ідзе, — буркнуў ён. — Вы што, ашукаць пана хочаце?
Лявонка моўчкі, спадылба, пазіраў на грознага Аўтуха. І, відаць, выгляд у яго быў такі натапыраны, што стражнік адступіў і, бразнуўшы дзвярыма, кінуўся з хаты.
— Пастой, Аўтух, малака выпі! — памкнулася за ім Марыля.
— Малака? Смяешся, ці што… — прахрыпеў ён ужо з-за дзвярэй.
— Бачыш, сам рабіць не хоча, а толькі каб іншых падганяць і спаганяць, — сказаў Кірыла.
— Хоча, каб поўзалі перад ім на каленях, галаву гнулі,— дадала Марыля.
— Вясковы сабака, а дваровы служака — усё роўна! — падняўся з лаўкі Назар, каб ісці дахаты. — Але што зробіш — мусіш!
Лявонка перажываў, можа, больш за ўсіх.
«Хоць ты разарвіся! Ці адолею я ўсё гэта, ці вытрымаю? Сёстры падрастаюць. Вунь Тоня ўжо амаль дзеўка. І яму ж жаніцца трэба будзе. І хату закончыць трэба!..»
Назар выйшаў, ціха зачыніўшы за сабою дзверы.
«…Дзе ж зарабіць грошы, каб разлічыцца з даўгамі? Дзе іх узяць? Восемсот рублёў — не жарт, такія грошы на дарозе не валяюцца. А тут яшчэ і падаткі…»
— Трэба ехаць! — выдыхнуў ён з грудзей, нібы ачнуўшыся ад цяжкіх думак і пераадолеўшы апошнія ваганні. Гэта было, як нейкі раптоўны скачок у невядомае, па сучасных мерках — як скачок кудысьці ў космас.
У хаце яшчэ больш пацішэла.
Кірыла паглядзеў на нявестку:
— Чуеш?
Марыля амаль не залямантавала:
— Куды ты, сынок? А мы? Што з намі будзе? — Яна перавяла дыханне: — Паглядзі на хлопцаў — хто едзе? А Ганна? Няўжо і яе кінеш?
Кірыла слухаў і маўчаў.
— Не адгаварвайце, бо ўсё роўна паеду.
Ён і сапраўды адчуваў, што бяссільны зыначыць ход падзей. У душы ён быў нават рады, што з'явілася нарэшце і прычына, каб ехаць у Амерыку. А можа, ён увесь час толькі і выношваў гэту думку, і цяпер нават цяжка ўспомніць, калі яна ўпершыню пастукалася ў яго свядомасць.
— Дзяўчаты нашы падрастаюць — кожнай пасаг патрэбен будзе, — дадаў ён як бы ў апраўданне свайго намеру.
— Праца там цяжкая-я! — заплакала Марыля.
— Працы, мамо, я не баюся.
Усе, у тым ліку і Тоня, маўчалі.
— Праз год, а найбольш праз два, вярнуся, хату дабудуем… Грошай зараблю, шчэ зямлі прыдбаем…
— Свет вялікі, згубішся, як іголка ў стозе сена, — не пераставала плакаць Марыля, — ды і вялікую ваду трэба пераплыць…
Нарэшце выціснуў сваё слова Кірыла:
— Відаць, так трэба, Марыля. Хай едзе!
Каб ехаць у Амерыку, трэба былі грошы. Білет каштаваў пяцьдзесят даляраў, ды пакуль уладкуешся, таксама капейка трэба.
Маці, крыху супакоіўшыся, параіла:
— Пад'ехаў бы ты, Лявонка, да дзядзькі Хведара ў Свішчова, — можа, ён пазычыць…
Хведар не вагаўся, падтрымаў:
— Тое, што ты вырашыў падавацца ў Амэрыку, правільна!.. Калі не рухацца, нашто ж тады жыць?..
Потым, праз гады, успамінаючы сваё падарожжа, ён не раз будзе думаць пра тое, што ўсё ж такі рухала ім, калі ён кіраваўся ў далёкі шлях. Гэта яго жаданне ехаць у Амерыку не так проста было і растлумачыць. Грошы, доўг? Так. Але нешта і яшчэ. Не іначай, як нейкая сіла пхала ў тое прадонне — як бы на Прыдушні ў варонку закручвала. З цягам часу ён усвядоміць і зразумее, што гэта быў нечаканы рух душы, няўцямная спроба ўзняцца над звыкласцю штодзённага існавання, жаданне паглядзець на сябе збоку ці, можа, нават з вышыні. Ён усё больш пераконваўся, што жыццё павінна даць нешта большае, чым гэта сумнае штодзённае існаванне. Нібы сама прастора клікала ў новыя абсягі, што адкрываліся за даляглядамі прускаўскай ваколіцы. Успомніў бесклапотныя словы цыгана Піхты: «А што на месцы сядзець?» А сапраўды, хіба не цікава свет убачыць, паназіраць, як людзі жывуць. А тады да Ганны вярнуся! Як-ніяк, ён быў ужо мужчына і, як яму здавалася, мог сам вырашаць свой лёс. Ехаў ён не адзін: разам з ім падахвоціліся Цімоша з Піліпком.
Ганна, пачуўшы пра яго намеры ехаць у Амерыку, кінулася ў слёзы. Яны сустрэліся тады на грэблі пад вербачкамі. Плакучая вярба лічылася ў прускаўцаў сімвалам расстання.
— Не інакш, уцячы ад мяне хочаш! Каля вярбы сустрэліся — значыць расстанне, не ўбачымся… — тонкія, выгнутыя бровы запытальна прыўзняліся над ілбом.
Читать дальше