Кнігі роўнымі радамі стаялі на прыстаўленых да сцяны паліцах. Тут былі Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Някрасаў, Дастаеўскі, Талстой… Лявонка адразу ўзяў дзве кнігі — Гогаля і Талстога.
— Збіраемся невялічкую аптэку адкрыць заадно, — пахвалілася бібліятэкарка, — сялянам трэба!
Прускавец падзівіўся на такую руплівіцу. Вярнуўшыся дадому, чытаў. Разгортваў кнігу ў кожную больш-менш вольную часіну. Штосьці вельмі блізкае, амаль прускаўскае, вычытваў у «Вечарах на хутары каля Дзіканькі». І людзі такія ж рахманыя, непаспешлівыя, і прыгоды падобныя, і нават, здаецца, паветра такое ж, як у Прусцы. Заадно прачытаў і «Яўстафія Плакіду», але найбольшае ўражанне пакінуў Леў Талстой, які спадабаўся яму яшчэ ў вучылішчы. У бібліятэцы аказалася брашура Льва Толстога «Колькі чалавеку зямлі трэба?». Ён нават Кірылу прачытаў гэту мудрую прытчу. Кірыла ўважліва слухаў і, калі ўнук скончыў чытанне, спытаў:
— А колькі ў яго ў самога зямлі? Пэўна ж, не бедны…
Унук не ведаў, што і адказаць.
— Пэўна не — калі граф. Але вось жа — піша…
У Лявонкавай душы — нават для яго самога — было шмат расплывістага і неакрэсленага. Між тым жыццё не скупілася на навіны. З навакольных вёсак усё больш людзей падавалася ў Амерыку. У Прусцы першымі «марыканцамі» сталі Ляксей і Васіль Каленкі — дваюрадныя браты, абодва жанатыя, у кожнага засталася сям'я. Іх праводзілі яшчэ мінулым летам. Аднак усё роўна для ўсіх, у тым ліку і для Лявонкі, Амерыка заставалася чымсьці такім неверагодна далёкім, што нават думаць пра яе не выпадала. Вядома, цікава было б паглядзець на тое далёкае — якое яно? Пра Амерыку гаварылі як пра край роўнасці і волі. Зайшоў неяк да Кужалёў сусед Назар Хомка. Світка на ім усё тая ж — латаная-пералатаная. У Прусцы яго любілі за бясхітрасны нораў.
— Ці чулі навіну — Цімафей з Піліпком у Амэрыку едуць!
— Куды? — перапытала Марыля, падняўшы галаву ад пліты.
— У Амэрыку! У Амэрыцы людзі жывуць! — паўтарыў Назар, крыху нават прысвіснуўшы, і зрабіў пры гэтым націск на апошнім — жывуць. — Там, кажуць, печаныя галубкі з неба падаюць!
Кірыла збіраўся некуды ісці. Тоня падмятала падлогу. Фядорка з Барбаркай, якім, відаць, нецікавыя былі размовы дарослых, адрэзалі па лусце хлеба, намазалі шмальцам і пабеглі на вуліцу. Тоня засталася паслухаць.
— Там добра, дзе нас няма, — пасміхнулася Марыля.
Але не, Назар меў сваю думку і разважаў інакш:
— Туды даехаць цяжка — вялікая вада! Але ўжо як даедзеш — лапатай грошы грабеш!
Ці так яно было на самай справе — ніхто не ведаў, не правяраў, але прускаўцы — народ наіўны і даверлівы — усё больш прызвычайваліся да такога ўяўлення пра Амерыку.
Назар глянуў на Лявонку:
— Ну, дык што? Паедзем, сусед?
Як ні дзіўна, але ўнутрана ён быў гатовы да такога пытання. Хтосьці як бы падказваў: «Едзь!»
— Паедзем!
— Марыля, чуеш, якую, таго, нечаканасць Лявонка нам падрыхтаваў? — Кірыла зірнуў на нявестку, а ўнук міжвольна кінуў позірк у акно на недабудаваную хату.
— Што ты, сынку? Куды? — Марыля ажно рукамі пляснула.
— Яшчэ чаго ўздумаў! — па-даросламу падтрымала яе Тоня. — Мамо, ён жартуе, — паглядзела яна на брата.
Нешта хацеў сказаць Кірыла, але яго перапыніла з'яўленне панскага стражніка Аўтуха, голас якога данёсся яшчэ з вуліцы.
— Бульбу бралі? Адрабляць трэба! — крычаў камусьці стражнік.
Прозвішча Аўтуха было Пыр. Казалі, што яго дзеда звалі Упыр, але першая літара па часе адвалілася і стала Пыр. «Зараз і да нас зойдзе!» — падумаў Лявонка. Кужалі таксама мусілі выходзіць на працу, бо вінаватыя былі Падгурскаму. Вясною Кірыла ўзяў у пана пару мяшкоў бульбы (не хапала пасадзіць), і трэба было адрабляць ці сплачваць грашыма.
І сапраўды крокі стражніка прагучалі пад вокнамі. Ён адчыніў дзверы і, стоячы ў сенях, уважліва паўзіраўся ў тых, хто знаходзіўся ў хаце. Пад поглядам Аўтуха ўсе прымоўклі. Гэта быў чалавек з пажаваным воспаю тварам. Крывы зуб тапырыў верхнюю губу. Вочы маленькія, чырвоныя, як у дзіка.
Нягледзячы на тое, што паншчына даўно мінулася, залежнасць ад пана і яго чэлядзі засталася. Стражніка Аўтуха ведалі добра. Зараз пачне: «Хто панскага не шануе, свайго мець не будзе!» Старыя людзі расказвалі, як у ранейшыя часы выбіралі панскія картоплі. Стражнік (Аўтухоў бацька), калі ўбачыць, што картопля засталася за табой, падыдзе ззаду і з усяе сілы агрэе раменнай плёткай. Дзве знойдзе — два разы атрымаеш, а болей — і болей!
Не пераступіўшы парога, Аўтух грымнуў:
Читать дальше