— Я бачу, што ты паглядаеш на яе.
— Не, гэта ты прыдумала.
— Чаму з Берасця доўга не вяртаўся?
— Трэба ж капейку якую зарабіць! Доўгу ў нас шмат.
— І колькі зарабіў?
— Сорак рублёў прывёз.
— А тут без цябе цяжка, — Ганна ўздыхнула. — Трахім бярэ за руку, быццам паціснуць хоча, а сам пальцам далонь казыча.
— Што ты кажаш! — ускіпеў хлапчына. — От нягоднік. Але ж і дачакаецца ён!
Ганна прыпала да яго грудзей, зашаптала:
— А ты мне ўсё больш падабаешся… — Адчула, мусіць, трымценне яго сэрца: — Ой, як б'ецца!
У душы яна баялася, што раптам з'явіцца аднекуль новая прыгажуня, маладзейшая, і зацьміць яе.
— Ты, бачу, мяне зусім не любіш…
— Як жа не любіш — люблю.
— Ой, ці ёсць яно на свеце — каханне тое!..
— Што ты, мая зорка! Ёсць! — у голасе гучала ўпэўненасць, ён абхапіў яе за плечы, намагаючыся пацалаваць. Шаптаў: — Такой, як ты, у свеце няма! Ты ўва мне як бы нейкі агонь распаліла!
Яна ўхілялася ад пацалункаў, гладзіла яму на скронях валасы і казала:
— Ох ты які!..
Яна і сама не ведала, што яе да яго цягнула, але вельмі хацела, каб ён моцна кахаў яе, кахаў бесперапынна, увесь час.
— Прываражыла ты мяне…
— Любы мой…
— Салодкая ты мая! — Лявонка прыціснуў яе да сябе.
— Ой, ты як ашалеў! — яна амаль прастагнала.
— Не. Але ад кахання чалавек нейкі моцны робіцца!
Ганна здзіўлена паглядзела на яго.
— Дужы — я хацеў сказаць, — і ён не маніў ёй, не перабольшваў, гаварыў вельмі шчыра — тое, што думаў і адчуваў. Нейкая страшэнная, некіруемая сіла білася ў ім, шукала выйсця.
— Супакойся, Лявонка!
— Ведаеш, а я пастаянна думаю пра цябе…
Ганна ціха засмяялася:
— Ну і што ты надумаў?
— Я люблю цябе больш, чым сябе!
Яна зноў засмяялася — на гэты раз сумна:
— Маці кажа, што першае каханне нешчаслівае. Тыя, хто, як мы з табой, першы раз любяцца, ніколі не бяруцца потым…
— Ой, дурнічка ты мая.
Ганна нічога не адказала. Сёння яна нагадвала яму чамусьці яблыню, якая хутка мае зацвісці. А зверху на іх з радаснай усмешкай глядзела ўжо амаль па-ранішняму чыстае неба.
Каханне хіліла і яго, і яе да зямнога, плоцевага. Ганна адвяла ад яго затуманены жаданнем пагляд:
— Прыходзь вечарам, я ў клуні буду…
У канцы лета прускаўскія хлопцы, у тым ліку і Лявонка, усёй грамадой вывелі коней нанач на панскую сенажаць — лонку, як яе тут называлі. Гэта недалёка — паміж Прускай і Выгнанкай — за рэчкай. Ляжалі, глядзелі на зорнае неба і, як звычайна, расказвалі розныя гісторыі. Аднак неўзабаве з двара з'явіліся панскія парабкі і пачалі займаць жывёлу, злавіўшы яе на шкодзе. Хлопцы не здрэйфілі — кінуліся на іх з кулакамі ды каменнямі. Лявонка адзін раз таксама кінуў камень. Коней адбілі, але цешыцца перамогай доўга не давялося. Праз дзень ці два ў вёску заявіўся прыстаў, сабраў ды пагнаў перапалоханых да смерці хлопцаў у Камянец на расправу. У каталажку трапілі Цішка Пахолак, Аляксей Галёнка, Гамон Гальяш, Оргій Відэрка, Піліпко, яшчэ пару чалавек і Лявонка. Пасядзелі яны там ноч, а к вечару наступнага дня, строга папярэджаныя прыставам, вярнуліся дахаты.
— Нічога не зробіш, паны былі і будуць… — сказаў Кірыла, калі ўнук прыйшоў з каталажкі.
Пачыналася жніво. Даспелі і панскія палеткі. З жытам і з бульбаю, як і з сенам, пан Адольф звычайна ўпраўляўся з дапамогай сялян, але на гэты раз прускаўцы не спяшаліся выходзіць на панскае поле. Сышоўшыся ля кузні, вырашалі, што рабіць.
Каваль, стоячы ў людскім гурце, размахваў рукою:
— Жнуць нашы жонкі, можна сказаць, задарма!..
Масей Галёнка нагадаў:
— А газеты пісалі, што цар мае маніфест аб'явіць, свабоду даць.
— Хацеў даць, ды нічога не атрымалася! — паправіў яго Захар Відэрка.
— Даў! — стаяў на сваім Галёнка.
— А няўжо? — не паверыў Назар Хомка.
— Так яно і ёсць!
— Ну, відаць, Камянецкі стоўп зваліўся! — зарагатала Хомчыха.
Прускаўскія жанчыны стаялі тут жа.
— Ну, то, можа, паноў прыціснуць крыху? — пужліва сказала Апраска. — Можа, зямлі нарэжуць?
— Нарэжуць, чакай! — саркастычна матлянуў галавой каваль.
— Каб ім па яйцах рэзала, — ціха сказаў Ясё.
Усе зарагаталі, але Пракоп спыніў жарты:
— У Кранштаце паўсталі матросы і салдаты.
Ён быў, аказваецца, дасведчаны ў тым, што адбывалася ў вялікіх гарадах.
І Масей некаторыя навіны ведаў:
— А вунь у Мінску генерал Курло, кажуць, колькі народу пабіў!
У Прусцы ўжо чулі пра мінскую трагедыю — погалас дайшоў і сюды.
— Дык што, — Пракоп узняў галаву, — сядзець склаўшы рукі ці ўсё ж такі паспрабаваць нешта рабіць?
Читать дальше