— Добра, — абяцаў ён, — абавязкова прышлю.
Ад Тоні не адставала Фядорка:
— А мне на сукенку крамную!
— Добра, добра! — пагаджаўся брат. — Абавязкова прывязу.
Кірыла адно пагладжваў бараду.
— Трое вас — смельчакоў…
— Ён там самы наймалодшы — Цімоша і Піліпко старэйшыя ад яго! — напомніла Марыля. — Хто ж вас там сустрэне? — жахалася яна.
— Там разлічваць няма на каго, хіба толькі на ўдачу… — сказаў Кірыла і дадаў: — Бярэ ён з сабою гармонік ці не?
Ён меў на ўвазе Піліпка, які граў на музыках. Унук нічога не адказаў, толькі сумнавата пасміхнуўся.
Перад ад'ездам сабралі родзічаў і блізкіх — выпіць на развітанне. У той дзень пад вечар з'явіўся Змітрок Зуб з Бабіч. Даведаўся, што сябар збіраецца ў Амерыку, і прыбег.
— Ай, Лявонка, не ехаў бы ты, — сказаў, пачасаўшы за вухам, Змітрок.
— І мы яму тое ж казалі — не слухаецца, — уздыхнула Марыля, стоячы ля сваёй пліты.
Але Змітрок тут жа, як бы сам сабе, запярэчыў:
— Там, у Амэрыцы, кажуць, і дыхаць свабадней.
На гэта ніхто нічога не адказаў.
— І, кажуць, паноў там няма?
Азваўся Кірыла:
— Не можа такога быць.
Прыехаў дзядзька Хведар з Свішчова — яму таксама наказалі, каб быў.
— А наш Лявонка, бачыш, збіраецца ў Амэрыку ехаць… — сказала Марыля брату.
— Чуў! Абдуманая рызыка — добрае дзела!
— Але ж далёка, за морам!
— Нічога, — супакоіў Хведар, — затое капейку будзе мець. Даляры! Там жа залатое дно! — Ён, як звычайна, ува ўсім быў дасведчаны.
— Ох! — уздыхнула Марыля.
— А што яму — на прызбе сядзець? — матлянуў галавой на акно Хведар.
Селі за стол. Налівалі і выпівалі па чарзе. Прыйшоў, спазніўшыся крыху, Павал Гальяш.
— Пякучая, ліха на яе, — усміхнуўся Хведар, выпіўшы гарэлку і з шумам выдыхаючы паветра з шырокіх грудзей.
Ён закурыў і зрабіў некалькі глыбокіх зацяжак.
— Нічога! Вярнуся — тады і мы зажывём па-іншаму, — запэўніў усіх «марыканец».
Хведар паглядзеў на пляменніка, на яго несамавітую постаць, нешырокія, хударлявыя плечы.
— Каб не пакрыўдзіў хто… — сказала Марыля, перахапіўшы братаў погляд.
— Ніхто яго не зачэпіць! — супакоіў сястру Хведар.
— Не чапай ты мяне, я цябе ніколі не зачаплю! — падаў голас Павал, які сядзеў з краю стала, выпіўшы кілішак.
— Больш табе трэба цвёрдасці, унучак, — гаварыў Кірыла, — без цвёрдасці не пражывеш.
У Хведара на гэты конт — свая думка:
— Калі бяда навісне — не трусь! А да бойкі дойдзе — бі першы! Смеласць, брат, вялікае дзела!
— А гэта так! — пагадзіўся Змітрок.
— Ну, налівайце! — напомніў Хведар.
— Ты ж па-амэрыканску не ведаеш, — уголас разважала Марыля, — як жа там размаўляць будзеш? Па-нашаму там цябе ніхто не зразумее.
Кірыла нешта хацеў сказаць, але прамаўчаў, пачаў цадзіць у кілішак гарэлку, а Марыля цягнула сваё:
— Зарабілі б, прадалі б што…
— Быў бы я маладзей гадкоў хаця б на дзесяць, і я б паехаў! — бадзёра сказаў Кірыла.
— Ну што ж, будзем спадзявацца! — выгукнуў Хведар, зноў падняўшы чарку.
— Тады і ажаніцца можна будзе! — уваткнуў слоўца Змітрок.
Усе змоўклі. Хведар паставіў на стол пусты кілішак.
— Дзяўчына, я чуў, ёсць…
Лявонка апусціў галаву.
За яго адказала Марыля:
— Есць!
Кілішак абышоў яшчэ адзін круг.
Маці не адрывала вачэй ад сына:
— І яшчэ цябе прашу, сынок. Каб ты гэтую гарэлку абыходзіў…
Усе пачулі, як паўз вокны нехта прайшоў. Забрахаў Курцік. Ужо ля дзвярэй пачулася шкрабанне ботамі, бразнула клямка, і на парозе з'явіўся Кузёмка, бліснуўшы як бы толькі што свежа пачышчанымі халявамі.
— Добры вечар у хату! — на вуснах госця зайграла прывычная ўсмешка.
— А ў цябе, браце, добры нюх! — засмяяўся Хведар.
Кірыла наліў Кузёмку. Госць выпіў і, скрывіўшыся, страсянуў чарку:
— Эх, крэпкая, зараза!
— Крэпкая, бо чужая! — ізноў зарагатаў Хведар, а разам з ім і ўсё застолле.
— Колькі ж дзён плыве той параход? — пацікавіўся Змітрок, час ад часу падаючы голас.
— Ды так, тыдні два, не меней, а то, можа, і тры, — разважыў Хведар, быццам ён ужо быў у Амерыцы і плаваў на тым параходзе.
— Да Амэрыкі таксама далёка, як да месяца, — глыбакадумна сказаў Кузёмка.
— Трэба, каб не забыць, — занепакоілася Марыля, — святому Мікалаю свечку паставіць — ён ратуе на водах.
— Спачатку едзем поездам да Лібавы, — напомніў Лявонка.
Параход адплываў з Лібавы, куды трэба было дабірацца цягніком праз Баранавічы, Вільню, Рыгу па Лібава-Роменскай чыгунцы.
Кузёмка прыслухоўваўся да размовы, ён, як звычайна, настроены быў на свой філасофскі лад:
Читать дальше