— Ой, — як бы тлумачачы словы мужа, падхапілася гаспадыня, — наша Лейка, вы бачылі, усё пры ёй: і фігурка, і тварык, і косы! Куды яна? Мы людзі з культурай, усё як трэба…
— Прыгожая яна ў вас! — пагадзіўся Кірыла, нібы намякаючы на тое, што прыгожым дзяўчатам звычайна выпадае няпросты лёс.
— Ой-ой-ой, я наглядзецца на яе не магла! — пагадзілася Малка, выціраючы слёзы. — Такі ўдар! А быў жа хлопец!
«От, бачыш, — падумаў Лявонка, — і тут нелады, і тут спакою няма».
— Усё было дамоўлена! — як бы самой сабе сказала Малка.
— Ну, яшчэ невядома, ці ўзяў бы… — Нохім глуха кашлянуў, нібы стрымліваючы залішнюю жончыну ўпэўненасць.
Кірыла не раз бачыў Нохімаву дачку Лейку — прыгажуня, чарнявая, косы да калень.
— Ой, я не перажыву!.. — схапілася за галаву Малка. — Гэта замест таго, каб паслухаць бацькоў!
Прускаўцам стала іх шкада.
— І так нас любіла і шанавала заўсёды, такая ветлівая — «татэ, татэ, татэ» — і раптам збегла! — роспачна паціскаў плячыма шавец. — Але нічога, — дадаў ён. — Бог суровы, але справядлівы і міласцівы да чалавека. Гэта пацвярджаецца на кожным кроку.
— Дачка — выхрыстка, зяць — гоім… Уй-уй, гора нам, гора… — Не знаходзіла сабе месца Малка. — Такога яшчэ не было, каб наша дачка закахалася ў гоя.
— Ну, надта ўжо так не кажы, — Нохім пяшчотна дакрануўся да жончынай рукі.— Я ж у цябе таксама напалавіну ліцвін.
Малка яшчэ больш завойкала.
— Але ж і з яго боку тое самае, — сказаў, падумаўшы, Кірыла, маючы на ўвазе зяця, але яшчэ не ведаючы, хто ён такі.
— Вось, я ёй і кажу, цяпер не той час… — падтрымаў яго Нохім.
— А якія халы яна ўмела пячы! — усхліпвала Малка. — Ой, не перанясу, не перанясу… — у яе словах гучалі гора і роспач.
— А хто ён? — пацікавіўся госць. — Калі так, дык, відаць, вельмі, таго, самастойны чалавек.
— Сын Залатоўскага з Замастоў! Можа, чуў?
— Вядома, чуў! Але ж яго, таго, заўсёды залатаром звалі. Дык, можа, паспеў шляхціцам стаць? Здараецца і такое…
— Шляхта? — скрывілася Малка. — Пхе! Ён бедны, як сакол. Адно слова — залатар.
Сапраўды, Залатоўскія жылі даволі бедна, нічым асабліва не вылучаліся, і як ён мог прывабіць прыгажуню Лейку, ніхто не ведаў.
— Яна, таго, зацяжарала, ці што? — з уласцівай яму наіўнасцю і прастадушнасцю спытаў Кірыла.
— Ой, што вы, Кірыла! — замахала рукамі Малка. — Такое скажаце… Гэтага толькі не хапала, ой-ой-ой…
— Казалі пра яго, я сам чуў, што ён дэмакрат… — разлучна і крыху як бы загадкава сказаў Нохім. — Адным словам, асляпіў ён яе. Маладая…
Кірыла з Лявонкам не ведалі, хто такія дэмакраты, але спытаць не адважыліся.
— А-а-а! Пачакайце, успомніў! — недарэчы ўзрадаваўся Кірыла. — Дык я яго знаю — гэта Іван. — Затым, як бы сам з сабою разважаючы, пачасаўшы патыліцу, дадаў: — Хлопец відны, рослы, кучаравы. Ды і вясёлы! Як прыйдзе на кірмаш…
Малка перабіла яго:
— Ой, не дай Бог, калі пра ўсё дазнаецца рабін! — падзялілася апасеннямі Малка.
— А то ён не ведае… — махнуў рукой Нохім.
Кірыла выказаў сваё меркаванне:
— А можа, вашай дзяціне якраз і ўсміхнецца шчасце?! А то што б яна тут рабіла — селядцы прадавала?
Нохім перавёў размову на другое:
— Ты лепш мне скажы, пане муй, як там у Прусцы мой швагер?
Прускаўскі карчмар Мордка Вінаград даводзіўся Нохіму родзічам.
— Жыў, здароў.
— Гандлюе?
— Дзіва што!
Лявонка з цікавасцю глядзеў на незнаёмых людзей, да якіх яны з дзедам прыехалі.
— Ну, то зайдзіце пагрэцца?
— Дзякуй, няма часу.
— А куды ж гэта вы так спяшаецеся?
— Ды вось такая справа — унука ў вучылішча прывёз.
— О-о-о! Справа добрая! — пахваліў Нохім, і разам з жонкай падаліся ў хату.
Кірыла ад'ехаў у глыб двара і, не распрагаючы каня, паставіў воз у дальнім кутку, прымацаваўшы лейцы да плота. На галаву каню павесіў торбу з сечкай, перамешанай з аўсом. Лявонка прыхапіў з сабой паперу, чарніла і ручку, якія склаў у торбачку яшчэ ўчора звечара, і разам з дзедам рушылі насустрач невядомаму.
З хвіліну якую пастаялі каля стаўпа — гэтага старажытнага збудавання, падзівіліся яго магутнасці.
— Сажняў дваццаць будзе, не менш! — з павагай заўважыў Кірыла.
Доўга аглядаць помнік не мелі часу і амаль адразу, не марудзячы, павярнулі на Берасцейскую вуліцу і неўзабаве апынуліся перад аднапавярховым драўляным домам, што стаяў у засені дрэў. «Вось яно!» — Закалацілася, заскакала Лявонкава сэрца. Кірыла, наадварот, каб падтрымаць унука, захоўваў спакой. Прачынілі веснічкі. Прайшлі па сцяжынцы, якая за лета паспела зарасці травой, падняліся на ганак. Лявонка выглядаў бледным і напалоханым.
Читать дальше