— Вось та-а-к! — дапамагаў унук, ашчаперыўшы дзедаву руку сваёй.
Аднак нічога не выходзіла, крэйда раптам раскрышылася ў дзедавых пальцах і асыпалася на грыфельную дошку.
— H-нe магу! — прамовіў Кірыла дрыжачым голасам і ў роспачы апусціў рукі. На ўнукавы ўгаворы паўтарыць спробу ён толькі замахаў рукамі.
Школа вандравала па хатах: колькі дзяцей ходзіць з хаты — столькі дзён у таго гаспадара знаходзіліся. Далей да іншага пераходзілі. Настаўніка кармілі па чарзе ды давалі яшчэ яму семнаццаць рублёў за зіму. Так вучыліся дзве зімы, на трэцюю — спыніліся ў хаце Гальяша, што жыў у канцы вёскі. Хата была вялікая і нагадвала стадоліну. Ля сцяны паставілі дошку, стол для настаўніка, насупраць — парты ў два рады, адпаведна году навучання. Над дошкай — у багетавых рамках — віселі партрэты цара і царыцы, у куце — ікона, на сцяне побач — вялікая карта Расійскай імперыі.
Вучняў было не так і мала, — лічы, усё маладое пакаленне прускаўцаў, а таксама дзеці з суседніх вёсак. Побач з Лявонкам сядзеў Змітрок Зуб з Бабіч, крыху далей — кавалёў сын Цішка Пахолак, фанабэрыстыя (у бацькі шмат зямлі) Фэдар і Міхаль Шведы, Оргій — нашчадак Захара Відэркі. Крыху далей, ля карты Расійскай імперыі, салідна атабарыліся Дармідонтаў Трахімка з братам Цімошам — шалапутныя хлопцы. Як толькі настаўнік адвядзе вочы ўбок, яны нешта ды ўчвэраць: то суседу кухталя дадуць, то дзяўчыну якую за касу торгнуць. Побач сядзелі Піліпко Ламака і Аляксей Галёнка. Тут жа Гальяшы, Антон Давыдзюк, родныя браты Грышка і Міша Латушкі, Міхаль Тупчык, а таксама хлопчыкі з іншых вёсак.
Злева ад іх дзяўчаткі: Верка Гагалюк і Хрысціна Рапацюк — з суседняй Выгнанкі, прускаўская Груша Чапёрка па мянушцы Знайда (у полі нарадзілася), Гэлька Відэрка, якую за вочы называлі Гэлька Бочка, хоць Гэлька такой мянушкі і не заслужыла, бо была надзіва стройная, ружовашчокая дзяўчына і многім падабалася.
У суседнім радзе, побач з Пракопавай Сонькай сядзела Ганна — дачка Васіля Каленіка. Таму пра яе казалі: Ганна Васілішына. Прыгожая дзяўчынка. Але Лявонка чамусьці ўсім хацеў паказаць, што яна яго зусім не цікавіла. Праўда, аднойчы ён абараніў яе ад Трахімкі, калі той забраў у яе грыфель і доўга не хацеў аддаваць. Нарэшце-такі аддаў.
Акрамя чытання, пісьма і арыфметыкі выкладаліся таксама пачаткі гісторыі, геаграфіі і Закон Божы. Вучні доўга дзівіліся і нават не давалі веры, калі даведаліся, што не сонца ходзіць вакол зямлі, а наадварот — зямля круціцца вакол сонца. У класе, на стале, ляжала дубовая лінейка, якую ўсе вучні добра ведалі і баяліся, таму што настаўнік біў ёю «па лапах», хоць быў ён, здавалася, свой, мясцовы, з суседняй вёскі — таксама сялянскі сын Тамаш Шпронька. Зразумела, цяпер ён займеў больш паважанае імя: Фама Фаміч Шпранько — з націскам на апошнім складзе. Але некаторыя бацькі называлі яго па-ранейшаму — проста Тамашом Шпронькам. Таму, можа, што настаўнік не адмаўляўся ад традыцыйна-простых педагагічных прыёмаў уздзеяння на навучальны працэс: здаралася, ставіў на калені ў кут, круціў за вушы, біў па патыліцы. Часам грозны быў да незвычайнасці, крычаў, наганяючы вялікага страху: «На калені, скаціна!» Раззлаваўшыся, і на грэчку ставіў, і на соль. Праўда, у адносінах да Лявонкі — невядома чаму — ён меў нейкае абачанне, бо ставіўся даволі зычліва. Разам з імем Фама Фаміч змяніў і надворны, як казалі прускаўцы, выгляд. Настаўнік насіў форменную фуражку з бліскучай цэшкай, тужурку з газікамі. Было вядома, што ў свой час ён займаўся ў павятовым вучылішчы ў Берасці. Казалі нават, што Фама Фаміч напісаў ці то збіраўся напісаць ліст самому Льву Талстому, які для ўсіх быў вялікі аўтарытэт.
У школу праз вёску ездзіў поп — айцец Глеб у сваёй нязменнай брычцы. Ён выкладаў самую важную рэч — Закон Божы.
«Вучоныя», — гаварылі ў Прусцы пра Фаму Фаміча і пра айца Глеба.
Айцец Глеб таксама строгі быў. Прыедзе ў клас, павядзе вачыма і раптам загадае: «Кужаль, прачытай першую запаведзь!» Лявонка пачынае: «Азм есмь Гасподзь Бог твой…» «Чаму „азм“? „Аз“! Чытай!» Лявонка, бывала, чытае, але айцец Глеб рэдка застаецца задаволены, і калі нават які-небудзь вучань і добра адкажа, бацюшка ўсіх страшыць: «Без Бога не да парога!» Аднойчы Лявонкаў аднакласнік, Дармідонтаў Трахімка, свядома ці не перавярнуў прытчу аб пяці хлябах, якімі насыціліся пяць тысяч чалавек, і выйшла амаль наадварот: пяць чалавек з'елі пяць тысяч булак хлеба. Усе нястрымна зарагаталі. Абурэнню бацюшкі не было межаў, шырокая барада яшчэ больш расшырылася ад яго густога баса: «О нішчыя духам, язычнікі!» У глыбіні душы ён і сапраўды лічыў прускаўцаў, як і ўсё мясцовае насельніцтва з іншых вёсак свайго прыхода, — язычнікамі. Таму, можа, што яны, на яго думку, не спаўна аддавалі Богу Богава? Айцец Глеб падняў палец над галавой і пагрозліва напомніў: «Бог ведае ўсё — і нават тое, што будзе з кожным з нас!» Лявонка бачыў, як вучні прыгнуліся да партаў, заціхлі.
Читать дальше