У Кірылы разам з гэтымі думкамі не выходзіла з галавы ўчарашняя сварка з Ясем.
— Нягоднік! — прамовіў ён услых.
Лявонка насцярожыўся.
— Пра каго вы, дзедо?
— Ды пра Яся, суседа нашага!
— А чаму ён такі? — памаўчаўшы, спытаў Лявонка.
— Я і сам, унучак, не ведаю — ці нарадзіўся такім, ці такім яго, таго, жыццё зрабіла… Зямлі ў яго больш, чым у нас, а прагнасці, здаецца, канца няма! Не чалавек, а гад, мярзотнік!
Ён яшчэ доўга разважаў, а потым раптам, страсянуўшы Лявонкаў плячук, з нейкай гарачнасцю ні з таго ні з сяго сказаў:
— Унучак, трэба заўсёды быць чалавекам.
Па праўдзе кажучы, унук не надта добра ўсведамляў тое, пра што гаварыў дзед. «Быць чалавекам? Дык хіба ён не чалавек? Як жа яшчэ ім быць?»
— Дзедо, раскажыце пра што-небудзь!
Унук ведаў дзедавы аповеды — былі тут розныя, нават незвычайныя гісторыі. І не толькі з уласнага жыцця. Пры выпадку Кірыла любіў расказаць, як яго дзед Мікодым паналіваў французам у стрэльбы вады. Гэта было тады, калі армія Напалеона ўроссып адступала з-пад Масквы і ўжо пад Берасцем апынулася. Берасцейшчына тады ўваходзіла ў створанае Напалеонам у 1812 годзе новае Вялікае княства Літоўскае, пра што Мікодым не паспеў яшчэ даведацца. Бо, калі б ведаў, то таго, магчыма б, і не зрабіў. Некалькі салдат забрылі да Мікодыма ў хату. Стрэльбы тым часам у сенях паставілі. А быў мароз. Мікодым ім і наліў вады. Дык за ноч дулы тыя так параспірала, што яны і паадвальваліся. Калі пад раніцу французы спахапіліся, Мікодым ужо даўно збег у Бярэзіну і вярнуўся, калі тыя, злыя, без стрэльбаў, пашкандыбалі далей.
Кірыла хмыкнуў у вусы:
— Расказаць? А што расказаць? Цяпер жыццё незразумелае нейкае. Вось даўней! Даўней, браце, таго, прыгоннае права было. Гадоў якіх-небудзь сорак, як скасавалі. Пан і станавы прыстаў загадалі нам сабрацца там, дзе цяпер Пан Ян стаіць, на перакрыжаванні дарог. Зачыталі царскі маніфест. Лягчэй стала, а да гэтага… Бацька расказваў. Працуюць прускаўцы ля ракі. Поўдзень. Гарачыня. Піць хочацца. А паспрабуй зачарпні з ракі! Тут жа цябе цівун плёткай агрэе. Каля цяперашняга Пана Яна стаяў слуп, укопаны ў зямлю. Прывяжуць чалавека грудзьмі да слупа, а ззаду кат стаіць з бізуном. Народу кругом назганяюць — каб усе бачылі, як вінаватага караюць. Дык гэтага яшчэ мала! Прывяжуць, бывала, чалавека да дрэва, каля якога мурашнік. О-ёй-ёй!.. — Кірыла ўздыхнуў.— А каго пан не ўпадабае — на дваццаць пяць год у салдаты адправіць. Дзед Мікодым аж тры разы з вёскі сыходзіў. І кожны раз вяртаўся — дзе дзенешся?
Унук уважліва слухаў. З поля павяваў ветрык. Кірыла зрэдку торгаў лейцамі, і Орлік бег дробным трухам, потым перайшоў на крок.
— Дзедо!
— Што, унучак?
— А прыгожая наша зямля!
Кірыла пасміхнуўся:
— Дзіва што!
Пад калёсамі рыпеў пясок, Лявонка саскочыў з воза.
— Ты што?
— Я прайдуся.
«Не церпіцца. Каб хутчэй — хоча». — Сядай! Нашто таптаць боты!
Не заўважылі, як пад'ехалі да Бабіцкай гары. Непадалёку, за кіламетр-паўтара, вёска Бабічы, таму і гара гэтак называлася.
Бабіцкая гара — страшнаватае месца. Тут і ліхога чалавека можна чакаць. Стромкія схілы гары параслі ядлоўцам і ельнікам, пракідаюцца бярозы, верх — лысы. Налева ад Бабіцкай гары пачынаецца лес — Бярэзіна. Таго і глядзі — нехта, прытаіўшыся ў глухамані, убачыць адзінокую падводу і раптам выйдзе, перастрэне: «Куды едзеш? Што вязеш? Давай грошы!»
— Дзедо! А што там?! — Лявонка паказаў у глыб беразняку.
Кірыла прыгледзеўся — у зарасніках папараці і сапраўды нешта быццам ляжала, згарнуўшыся.
— Гэта гнілы пень. Ніколі нікога не бойся!
Пазамінулым летам, калі Лявонка пасвіў авечак, з ім быў выпадак. Пасвячы авечак — не пасядзіш. Яны таго і глядзяць, каб у шкоду дзе ўлезці. Калі такое здаралася, пастух кідаў шапкай у пярэдніх авечак, і тыя ўсе разам павярталі назад. Лявонка, як і ўсе прускаўцы, шчыра верыў, што ў жывёл, як і ў людзей, таксама ёсць свядомасць, думкі і адчуванні. Толькі свае, маўклівыя, але чалавек можа іх зразумець, калі прыгледзіцца да іх рухаў і ўслухаецца ў гукі, якія ад іх зыходзяць. Гурт, скубучы траву, падышоў пад самую Бярэзіну. Нішто, здаецца, не прадвяшчала нечаканасці, і Лявонка хацеў паўтарыць свой звыклы прыём, каб завярнуць авечак у адваротны бок, як раптам убачыў, што з Бярэзіны бяжыць воўк і якраз у напрамку яго гурту, асцярожна агінаючы яго збоку. Малога пастушка ён не браў нават пад увагу. Драпежнік, аказваецца, падбіраўся да ягнятка, якое хадзіла за гуртам, абнюхваючы маленькай сваёй пыскай травіцу, што густа паднімалася з пожні. Не так далёка араў Фёдар Тупчык. Унурыўшыся ў свой занятак, ён па баках не надта і азіраўся. Часам здавалася, што ён увогуле не рухаецца, а застыў з канём і сахою сярод поля.
Читать дальше