Дзед бараніў унука, нават ад бацькоў, калі тыя залішне сярдзіта паводзілі сябе ў дачыненні да сына. «Дзіця нельга біць, з ім гаварыць трэба! Біць дзіця ў ніякім выпадку нельга! Прыгледзься да яго, Міхаль, і зразумей». Кірыла часта браў унука з сабой на паляванне, вучыў ставіць пасткі, раскладаць агонь, збіраць грыбы. А грыбоў шмат: казлякі, сыраежкі, грузды, рыжыкі, ваўнушкі, краснюкі, маслюкі, лісічкі, апенькі, зялёнкі. З асалодай удыхалі грыбны пах зямлі. Лявонка заўважаў, што ў лесе, у полі, на лузе дзеду рабілася быццам бы лягчэй, ён адпачываў. У яго прысутнасці лес губляў сваю змрочнасць, станавіўся блізкі, свойскі. «Дзедо, а якая гэта птушка?» — «Сойка, унучак. Прыгожая, на вясёлку падобная, калі крылы растапырыць!..»
Да Нохіма вярталіся праз усё мястэчка, старанна абыходзілі гразкія месцы. Мястэчка нічым не нагадвала пра лес. Шыльды, шыльды, шыльды… Кірыла завярнуў у невялікую гаспадарчую краму — тое-сёе паглядзець. Наведаў некалькі знаёмых гандляроў. З Алты трэба было спагнаць грошы, якія той абяцаў аддаць Кужалям за цяля, што купіў у іх гэтай восенню. Гандляры ў чорных замусоленых лапсардаках, у такіх жа, як у Нохіма, ярмолках скардзіліся, што цяпер цяжка, ніякага барышу няма — амаль увесь прыбытак даводзіцца аддаваць спраўніку і іншым зацікаўленым асобам.
Нарэшце пастукалі да Нохіма, зайшлі ў хату. Хата ў шаўца была яшчэ меншая, чым у іх — у Прусцы. Нохім сядзеў у сваім кутку і сукаў дратву. На носе — акуляры. Убачыўшы прускаўцаў, не спыняючы работу, пацікавіўся:
— Ну што, як?
— Запісалі-такі нашага хлопца!
— О-о! Гэта шчасце вялікае — чалавекам стане!.. Можа, і нас калі ўспомніць… — Нохім падняў палец угору, нібы да нечага прыслухоўваўся.
— Галоўнае, што плаціць за навуку не трэба — за кошт казны…
— О-о-о! Дык што? У нас пакідаеш?
— Мы думалі прасіць вас, Нохім, хай бы пакуль што ў вас пажыў.
— А ці спадабаецца яму ў нас?
— Ой, Нохім-Нохім, усё ты прыбядняешся. Чаму ж не спадабаецца? Мы ж, таго, заплацім.
— Ну, калі так, дык хай застаецца. Можа, калі дратву дапаможа ссукаць ці вядро вады прынясе. — Гаспадар павярнуўся да дзвярэй: — Малка! Малка! Чуеш? Дзе ты там? Я кажу каб заставаўся.
Прытупала Малка.
— Хай застаецца! Можа, калі што ў хаце паможа — дроў ці вады прынесці.
— От і я кажу. Толькі далекавата табе будзе хадзіць, хлопец, — праз усё мястэчка.
— Нічога! Ногі ў яго хуткія.
Лявонка прысеў на ўслон. Сэрца грэла надзея на будучыню, на вучобу. Ён адчуваў, як моцна любіць і дзядулю, і маці з бацькам, і сястрычак, і сябрукоў у далёкай Прусцы, і гэтых вось новых гаспадароў — дзядзьку Нохіма і цётку Малку, якія ў патрэбны момант не адмовілі, прытулілі…
Дадому Кірыла вяртаўся адзін. Паспеў яшчэ зайсці да Лейбы — купіць селядца. Павечарэла. Па небе паказаліся першыя зоркі, калі Кірыла выехаў на гасцінец. У галаве раіліся розныя думкі. «Шмат людзей ехала па гэтым гасцінцы, але хто калі вёз унука, каб той у вучылішчы вучыўся?! Вядома, цяжка цяпер будзе. Дзе тых грошыкаў узяць? Давядзецца добра падумаць… Я прыгонны быў, а ўнук вучоны будзе. Падумаць толькі! Гэта ж не шмат часу прайшло, а ўсё-такі нешта ж у свеце мяняецца. Вучылішча — гэта табе не жарты. Можа, нарэшце, і мы нешта будзем мець… Адно толькі, каб не атрымалася так, што ад зямлі адарвецца, але і неба не дастане…»
Перад Бабіцкай гарой гаспадар, калі вяртаўся з Камянца дадому, злазіў з воза і папіхаў — пасабляў каню. Тое ж самае зрабіў і Кірыла — пад'ём вунь які круты, шкада жывёліны.
«…Бяжы, зайчык, вучыся, пакуль не ўгледзелі гэтыя… Ураднікі, ды паны, ды пісарчукі… Відаць, Кузёмка той нездарма такую вестку прынёс пра дваццатае стагоддзе. Добрая навіна! — Потым успомніў Лейку з Іванам. — Што ні кажы, а ў чалавека цяпер, відаць, болей правоў. Паглядзім, як яно будзе — што да чаго».
— Добры дзень! — павіталася Хомчыха, не паспеўшы нават зачыніць за сабой дзверы. — Ці чулі, пра што Кузёмка плёў? — суседка Хомчыха — баба-пахатуха, жанчына дакучлівая, кожнага дня прыходзіць пазычыць нешта і мае пастаянную патрэбу пра каго-небудзь пагаварыць. — Калантар! Гэта ж трэба выдумаць!
— Пра каго гэта ты? — не адразу сцяміў Кірыла.
— Ну пра гэтага… Напалохаў! Дваццатае сталецце!.. Ой!..
«Пра Кузёмку!» — зразумелі гаспадары, але прамаўчалі.
— Ну што, што дваццатае? — працягвала Хомчыха, але, убачыўшы, што гаспадары слаба рэагуюць на пачутую навіну, перайшла на другое:
— Чадна ў вас, Марылечка!
— Ой, што зробіш? Хата старая, асела ўся, і печ такая. Я сваім кажу — трэба пра новую думаць.
Читать дальше