Невядома, колькі мінула часу, чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны лапаткі дождж. Фішар зусім скалеў, аж балела нутро ад няспынных сутаргаў, крывіла сківіцы, але нейкае змярцвелае здранцвенне не давала варухнуцца, каб сагрэць сябе. На спіне і плячах баец адчуваў халодную ліпкасць мокрага адзення, па сценах з бруствера плылі струмені гразі, у якой, усё глыбей тонучы, на дне агідна хлюпалі ногі. Фішар падкурчыў іх да самага твару, затульваў калені мокрымі поламі шыняля. Калі ад нясцерпнага холаду асабліва моцна скалыналася цела, ён тады абуджаўся ад свае змярцвеласці і трывожна ўслухоўваўся ў ноч. Наваколле па-ранейшаму поўнілася густым шамаценнем ветру і частым лопатам кропель.
Так пакрысе мінала гэта пакутная, золкая ноч. Пад ранак Фішар прыкархнуў, атупелы ад мардавання на холадзе, нібы праваліўся некуды ў мутнае бяздонне думак — пра сябе, старшыну Карпенку, пра гістарызм Вазары, наватарства Мікеланджэла і пра тое, як страшэнна цяжка зрабіцца здатным байцом.
Прычыніўшы за сабой дзверы старожкі, Пшанічны з рашучай выразнасцю адчуў, што ён назаўжды ўжо адарваўся ад гэтых пяцярых людзей, з якімі звёў яго недарэчны вайсковы лёс. З самой гэтай хвіліны, як ён ступіў у мокрую цемру ночы, ён апынуўся адзін, не звязаны ўжо ні з кім ва ўсім белым свеце. Усё яго няладнае мінулае засталося адрэзаным на парозе той цёмнай задымленай старожкі — засталося па сваёй волі пакінутае ім, будучае было недзе на гразкай дарозе.
Нейкі нядоўгі час Пшанічны перасільваў нечаканае хваляванне ў сабе ад таго, што гэтак шчыльна наблізіўся ён да ажыццяўлення даўняй сваёй задумы. Нечакана для яго самога непрыемна заварушылася ўнутры нейкае шкадаванне, нібы нясмелы боязны дакор сабе, і ён, адчуўшы, што гэта міма-волі можа спляжыць выпеставаны ім намер, у думках аблаяў сябе: «Не кісні! Няма па кім».
Ён выправіўся да чыгункі, пераскочыў цераз траншэю, узышоў на невысокі чыгуначны насып і ўгледзеўся ў цемру. Дождж перастаў, патроху слабеў і вецер. Ноч зусім пачарнела, утапіўшы ў восеньскай глухамані ўсё наваколле. Пшанічны ведаў, што хутка пачне світаць, а на світанні, магчыма, з’явяцца на дарозе немцы, і тады будзе позна. Тады ён можа апынуцца між двух агнёў, і таму трэба было спяшацца.
Баец пастаяў, услухаўся, азірнуўся на старожку, з якой даносіўся сцішаны Свістаў гоман, і сказаў сабе: «Давай!» Потым ён паспешлівым крокам злодзея збег са жвіровага насыпу, пераскочыў канаву і, не выбіраючы — па гразі і лужынах, пайшоў дарогаю.
Узышоўшы на гулкі насціл мастка ў нізінцы, Пшанічны яшчэ азірнуўся і зноў адчуў у сабе самотную тугу і з асаблівай сілай — пачатак невядомай свае адзіноты. Гэтае адчуванне міжвольна ахапіла яго так моцна, што ён аж спыніўся, але затым зноў зазлаваў на сябе і, прыпомніўшы злосную заклапочанасць Аўсеева, падбадзёрыўся. Так, ён не памыляецца, ён задумаў правільна ўжо хоць бы таму, што яны там асуджаны на смерць. А ён урэшце памкнецца асядлаць свой лёс, заслужыць, даказаць сваё права на людскае жыццё, жыццё, якога ён варты, нягледзячы ні на якія няўдачы.
З гэтымі запальчывымі думкамі, якія пакрысе запанавалі ў яго галаве, ён шпарка крочыў, распырскваючы чаравікамі лужыны, коўзаючыся ў гразі і асцерагаючыся збочыць у канаву. Тым часам пачало днець, мутным святлом наліўся краявід, патроху заблішчала гразкая макрата дарогі. Пшанічны ўзнімаўся на пагорак з бярозамі, ён ведаў, што тут недзе ў сакрэце павінен быць Фішар, і трохі прыцішыў крок. Фішара ён не баяўся, з гэтым «вучоным»-няўдакам управіцца яму, калі б што здарылася, было б няцяжка, але ўсё ж лепей, каб усё абышлося ціха. Пшанічны зняў з пляча вінтоўку, павярнуў голаў, прыслухоўваючыся, — нідзе нікога не было.
Так ён паціху мінуў бярозы, што вынікалі на яго шляху, адышоўся далей, зрэдку насцярожана азіраючыся. Усё болей святлела, цьмяная шэрань золаку, вынікаючы невядома адкуль, адслойвала зямлю ад неба, расхінала туманны прастор, паступова адваёўвала ў цемры дарогу, канавы, рэдкія кусты хмызняку.
Парадкам ужо аддаліўшыся ад пераезда і бяроз, Пшанічны адзначыў, што самае страшнае пройдзена. У яго адлягло на сэрцы, з’явілася лёгкасць, некаторая зухаватасць у думках. Ён перакінуў з рукі ў руку вінтоўку і падумаў, што зброя ўжо не спатрэбіцца, а пры сустрэчы з немцамі можа толькі пашкодзіць яму. Не прыпыняючы хады, баец ухапіў яе аберуч за штых, размахнуўся ў паветры і шпурнуў за канаву ў поле. Пачуўшы, як яна пляснулася аб размяклую зямлю, Пшанічны крыва ўсміхнуўся сваім мардатым няголеным тварам. Цяпер яго ўжо нічога не звязвала з арміяй, з абавязкамі грамадзяніна Савецкай краіны, цяпер ён застаўся адзін між небам і зямлёю. Гэта было незвычайна — адчуваць сябе адзінокім, без найменшай залежнасці ад людзей. Але ён ведаў, што так не пражывеш доўга, каб уратавацца ад смерці і прыдбаць якую-ніякую долю, у яго абставінах найлепшым было здацца немцам — на іх літасць і ўладу.
Читать дальше