— Я плен, камарад немец… сам плен, сам…
Ён аглядаў гэты дзесятак салдат з матацыкламі, спрабуючы згадаць дабрэйшага або ўгледзець афіцэра, і яго позірк сустрэўся са змрочным паглядам немца ў фуражцы і шынялі з чорным аксамітным каўняром. Адчуўшы, што ўсё пайшло не так, як ён марыў, і ад таго не могучы ўжо адолець уладарнай тужлівасці, ён кінуўся да гэтага немца-камандзіра.
— Пан афіцэр! Я ж сам, я ж плен, плен… — узмаліўся Пшанічны.
Афіцэр, аднак, не глядзеў на яго, ён нешта казаў салдатам, нацягваючы на жылістую руку рудую скураную пальчатку. Пшанічны тады зусім спалохаўся — ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое.
Немцы загергеталі між сабой, абыякава пазіраючы на яго, камандзір яшчэ нешта сказаў, і той, з абвіслай губой, што першы ўбачыў яго, тузануў Пшанічнага за рукаў і махнуў уздоўж дарогі. Ён зразумеў, што трэба ісці, і, азіраючыся, пайшоў, думаючы, што немец пойдзе за ім канваірам. Але салдаты засталіся на месцы і, бачачы яго нерашучасць і, відаць, жадаючы падбадзёрыць, замахалі рукамі ўздоўж пустой ранішняй вуліцы. Ён здзівіўся, што яны не хацелі суправаджаць яго, нешта жахлівае і незразумелае ўпілося ў яго душу, у балючай грымасе скрывіўся твар, і ён, раз-пораз азіраючыся, баязліва пайшоў, куды паказвалі яму.
Так ён аддаліўся крокаў на сотню, немцы ўсё стаялі ззаду, адзін матацыкл, гыркнуўшы маторам, зрабіў паўкола і скіраваўся на яго. Ад благога прадчування Пшанічны ўжо траціў уладу над сабой і, не ведаючы, куды і нашто, віхлява крочыў па гразі, скрэмзанай слядамі гумавых колаў. У паваленых варотах абгароджанага парканам двара нечакана паказалася спалоханая кабета ў тоўстай хустцы з пустымі вёдрамі на каромысле. Пшанічны аж пахаладзеў нутром ад нечаканасці гэтай нядобрай у такі момант сустрэчы і ў той жа час здрыгануўся ад кароткага грому кулямётнай чаргі ззаду. Грудзі яго маланкай пранізаў пякельны боль, і ён, падламаўшыся ў каленях, асеў на гразкі дол вуліцы.
Напаследак, сутаргава хапаючы ротам паветра, Пшанічны ўчуў роспачны лямант кабеты і нема замычаў — ад болю, ад усведамлення канца і апошняй лютай нянавісці да немцаў, якія забілі яго, да тых, на пераездзе, што яшчэ заставаліся жыць, да сябе, ашуканага сабою, і да ўсяго белага свету…
Тая кулямётная чарга, што скончыла зацятае жыццё Пшанічнага, абудзіла з паўсоннага забыцця і Фішара. Яшчэ не ўсвядоміўшы таго, што сталася, ён прахапіўся, ускочыў у акопе і зноў упаў на дно, не ўтрымаўшыся ад болю ў заседжаных нагах.
Ужо добра развіднела, але поле і лес засцілала рэдкая кісяя туману, было ціха і золка. Ля шляху нерухома і расплывіста маячылі ў мутным небе бярозы, дарога ляжала пустая, за лагчынаю белым бокам ледзь вырысоўвалася старожка. Вёскі, завалочанай туманам, адсюль зусім не было відаць.
I тады з туманнай далечы, дзе знікала дарога, бязладны трэск матораў прарваў цішыню. У Фішара маркотна заныла ў грудзях, аслабелі рукі, насцярожаным поглядам уставіўся ён удалячынь і з тугою адчуў, што надышоў той час, калі вызначыцца ўвесь сэнс яго жыцця. Сяк-так сабраўшы рэшткі душэўнай сілы, ён тузануў затворам і ўжо не зводзіў блізарукага позірку з затуманенага пачатку дарогі, дзе павінны былі паказацца немцы. Але ці то ворагі ехалі вельмі марудна, ці зусім ужо аслаб зрок байца: ён нічога не бачыў там, а матацыклы ўсё працягвалі трашчаць. Некалькі гэтых хвілін перадышкі далі Фішару прыдушыць хваляванне, і чалавек зразумеў, што яму тут прыйдзецца кепска. Але ў такіх абставінах, калі ўся яго дзейнасць у гэтым полі была на віду ў старшыны, ён, сам таго не ўсведамляючы да канца, хацеў, каб старшына ўрэшце перамяніў сваю думку аб ім. Гэта не было фанабэрыяй навабранца і не жаданнем паддобрыцца да камандзіра — проста так трэба было Фішару. Відаць, за гэтую пакутную ноч роздуму немудроная старшынова мерка салдацкіх вартасцей у нейкай меры стала і для Фішара эталонам жыццёвай годнасці.
Так ён чакаў, ад напружання і ўвагі дробна ляскаючы сківіцамі і да болю ўціскаючы ў плячо прыклад вінтоўкі. Схіліўшыся, ля мушкі далікатна трымцела на лёгкім ветры нейкая ўсохлая сцяблінка. Ад частых гарачых выдыхаў пацелі шкельцы акуляраў, але Фішар баяўся зняць, каб працерці іх. Ён вельмі дакладна адчуваў свой абавязак і ўжо набраўся рашучасці да канца выканаць яго.
А ўвогуле яму было нялёгка, і ён намагаўся падбадзёрыць сябе, суцешыць тым, што і тыя геніі, якія стваралі мастацтва вечнага — і Мікеланджэла, і Чэліні, і Верашчагін, і Грэкаў — у свой час браліся за шпагу, мушкетон ці вінтоўку і выступалі на ворагаў. Відаць, барацьба за права жыць была важней за мастацтва, і ёй, пэўна, суджана перажыць яго. Гэты нечаканы вывад трохі супакоіў Фішара, і баец адчуў ужо болей сілы ў сабе.
Читать дальше