Пасля ён сам з трапяткой нецярплівасцю ў сэрцы ўзяўся за пэндзаль і фарбы, маляваў тое, што бачыў з акна кватэры — дамы, вуліцы, коней, сабак. Людзі хвалілі, а хлопчыку хацелася плакаць ад прыкрасці, што ўсё так прыгожа было ва ўяўленні і дрэнна выходзіла на паперы. Наперакор людскім перакананням аб яго здольнасцях Барыс ведаў, што мастака з яго не выйдзе ніколі. Але канчаткова ўпэўніўся ў гэтым ён, відаць, позна, тады, калі ўжо ўся шчырая душа яго была без рэшты захоплена вялікай сілай мастацтва і хлопец ужо не мог існаваць без яго. Незразумелым болем замілавання душылі яго слёзы перад босымі нагамі «Блуднага сына», немы крык гневу і жаху заўжды рваўся з горла перад катастрофай Пампеі, хлопцу хацелася маліцца на «Джаконду», бясконца разглядваць незвычайныя твары, позы, адзенне славутай іванаўскай «Месіі», буйная сарамяжная радасць жыцця ахоплівала яго ля палотнаў Рубенса.
I ён, не стаўшы мастаком, усё ж звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Падросшы, вучыўся, чытаў, думаў, даследаваў сам і ў дваццаць пяць год абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства. Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іванаў з яго бескарыснай самаадданай душой, згарэўшай у шматгадовых пошуках вышэйшага сэнсу жыцця, з яго фанатычнай прыхільнасцю да мудрасці і праўды. Фішар схіляўся перад яго «Месіяй», любаваўся паветранай тонкасцю яго італьянскіх пейзажаў, але асабліва захапілі яго біблейскія эскізы мастака. Ён знайшоў у іх куды болей, чым спадзяваўся, — Іванава, цудоўнага майстра-графіка, і Іванава-філосафа, нястомнага шукальніка вечнага. Яго «Вірсавія» здавалася Фішару нечуваным гімнам жыццю, зенітам акварэльнага майстэрства — шэдэўрам генія, які стварае, не падазраючы пра веліч свайго тварэння.
Мастацтва здаўна і назаўжды зачаравала яго істоту, напоўніла дух неспатольнай прагай цудоўнага. Пасля дысертацыі ён шэраг год даследаваў італьянскае Адраджэнне, напісаў манаграфію пра Мікеланджэла. Бязмерная веліч захапляючага і высокага адкрывалася яму ў кожным з вялікіх дзеячаў мінулага, і ён шкадаваў вельмі, што так хутка ішоў час і так коратка жыццё чалавека. Ён не дужа цікавіўся палітыкай, тым неспакойным, шматтурботным жыццём, што бурліла, плыло, абганяла яго. Вучонага мала краналі планы і падзеі надзённасці — змалку ён адасобіўся ад усяго, што не складала чароўнай прывабы мастацтва. З гэтай, відаць, прычыны ён не разумеў і не дужа цікавіўся братам — інжынерам-канструктарам самалётаў. З юнацтва яшчэ яны ўзаемна аддаліліся, сустракаліся рэдка і па духу былі адзін аднаму чужыя. Апошні раз яны з’ехаліся гады два назад на пахаванне бацькі і тады ж пару дзён правялі разам.
Брат быў зусім не такога, як ён, характару. Энергічны, жвавы, учэпістага, вёрткага розуму, ён ва ўсякай справе адчуваў сябе звыкла і ўсё разумеў з ходу. Тады яны збіраліся ўжо расстацца і ў апошні той вечар паціху ішлі па праспекце. Было парна і душна, з Фантанкі прыемна патыхала прахалодай, адна за адной на яе сярэдзіне выслізнулі з-пад Анічкава моста тры байдаркі. Браты спыніліся ля трэцяй статуі клодтаўскага ўтаймавання і лена пазіралі на згодныя рыўкі грабцоў.
— Вось так і ў нас з немцамі, — працягваў ранейшую раз-мову брат. — Быццам і згода, і дружба, і мір, а на самай справе…
Ён не скончыў, змаўчаў, глядзеў у рачную каламуць, а Барыс, думаючы аб тым, не мог зразумець, што азначала гэтае «на самай справе». Яму здавалася, што брат утрыруе, бо даўняя варожасць з Германіяй уладжана, дагавор заключаны, газеты друкуюць германскую інфармацыю аб вайне на Захадзе, ва ўсю развіваецца гандаль. Чаму ж тады гэтае «на самай справе»?
Ён сказаў аб тым брату, а той толькі ўсміхнуўся, зацягнуўшыся папяросай. Пасля, памаўчаўшы, ён растлумачыў:
— Адстаў ты, Барыс, ад часу. Занафталініўся ў старажытнасці. Вядома, твая справа, але ў наш час гэта нават дзіўна. Свет коціцца к вялікай вайне, зразумей, брат.
Ён тады не паверыў, а яна неўзабаве накацілася, гэтая страшная вялікая вайна. Усчалася нечакана, неспадзявана, знянацку — Фішар прыпыніў на 48-й старонцы новую сваю манаграфію і ўжо болей не ўзяўся за яе.
Апынуўшыся ў войску, ён адчуў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх у гэтай гаманлівай, асаблівай, ні на што вядомае яму не падобнай грамадзе разнастайных людзей. Ён ніяк не мог навучыцца хадзіць у нагу, хутка ўскакваць на пад’ёме, няўклюдна пад рогат таварышаў аддаваў чэсць, заняткі па штыкавому бою ўшчэнт знясільвалі яго. Спярша ён горка перажываў, балюча зносіў уціск крыклівых сяржантаў, каяўся за няўвагу да вайсковай справы ў інстытуце і думаў, што ён самы няздольны чалавек на зямлі. Пасля трохі асвойтаўся, трапіў на фронт, іншыя, большыя страхі і клопаты зацямнілі яго кволае інтэлігенцкае самалюбства. Ён быў чалавек удумлівы і разумеў, што гэта пакутна і марудна нараджаўся ў ім той, на каго ён менш за ўсё рыхтаваў сябе, — нараджаўся баец. I яшчэ Фішар з вялікай тугой заўважаў, як усё меней і меней заставалася ў ім ад яго былога — ад мастацтвазнаўцы Фішара. Грубае, страшнае жыццё штодзённа і няспынна сцірала з яго душы вялікае значэнне мастацтва, якое ўсё болей і болей саступала сваё месца інстынктам барацьбы — выходзіла, што тое высокае і нязменнае, чым дыхаў ён трыццаць гадоў, цяпер проста было непатрэбным у гэтым страшным хаосе вайны. I тады прыйшло гэтае таемнае сумненне, у якім ён сёння ўрэшце прызнаўся сабе: ці сапраўды яно — тое адзіна вялікае і вечнае, чаму ён аддаў свае лепшыя маладыя гады? Ці не памыліўся ён, узяўшы яго за адзіны свой крыж, ці не лепш зрабіў брат, які аддаў веку і людзям свае намаганні іншага парадку — намаганні, што ўвасобіліся цяпер у рэальную сілу, здольную ўратаваць свет?
Читать дальше