Ад паспешнай хады Пшанічны разагрэўся, расшпіліў каўнер шыняля і трохі суцішыў крок. Тым часам ранак ужо разагнаў цемру, можна было выбіраць дарогу, і ён, абыходзячы лужыны, ішоў па абочыне. Аднастайнасць хады ўжо зусім суняла яго кароткую ўзрушанасць, Пшанічны захацеў есці і, падумаўшы, што трэба скарыстаць спакой і адзіноту, на хаду развязаў свой мяшок. Тут ён нядобрым словам яшчэ раз памянуў Свіста, які выцягнуў яго сала, але хлебны акраец з цукрам здаўся яму смачным, і Пшанічны, жуючы, паглыбіўся ў свае думкі.
Перш за ўсё цікавіла, як да яго паставяцца немцы. Добра, калі б адразу сустрэўся які інтэлігентны, разумны афіцэр, уцякач паказаў бы яму нямецкі пропуск-лістоўку, некалі знойдзеную ў полі і рупліва прыхаваную на ўсякі выпадак. Пасля ён папрасіў бы адвесці яго ў штаб і там расказаў бы якому начальніку, хто ён і чаму добраахвотна здаўся ў палон. Калі б патрабавалі даць звесткі пра свой полк, ён не таіўся б. Навошта? Усё роўна раней ці пазней полк разаб’юць канчаткова, гэта зусім не залежыць ад таго, пасведчыць аб ім Пшанічны ці не. Калі запатрабуюць яшчэ чаго, ён зробіць усё, бо ўсё гэта будзе для яго і супраць тых, ад каго ён досыць напакутаваўся на сваім вяку. Не можа быць, каб немцы не ацанілі як трэба яго шчырасці і не аддзячылі яму. У лагер яго як добраахвотнага перабежчыка не павінны адправіць, відаць, адпусцяць на волю, а можа, нават паставяць на якую кіраўнічую пасаду ў горадзе ці сельскай мясцовасці. Гэта было заманліва. О, тады Пшанічны паказаў бы свае здольнасці, даказаў бы яго апекунам, што яны не памыліліся ў ім. Ён бы не пашкадаваў ні сябе, ні людзей, гэтых пакорлівых працаўнікоў, якіх немцы за некалькі месяцаў прымусяць скарыцца. Немцам, вядома, патрэбны адданыя людзі, каб кіраваць вялізным абшарам заваяванай Расіі, і Пшанічны, калі добра возьмецца, магчыма, дарасце да якіх чыноў. Скончыцца вайна, і тады няблага было б прыдбаць невялікую ды ладную сядзібу і ў спакоі па-людску зажыць хоць на старасці год.
У сярэдзіне гэтых мараў-разваг блізка наперадзе пачуўся нечы адрывісты голас. Пшанічны насцярожыўся, да болю ў вачах імкнучыся пранікнуць у затуманены прасцяг дарогі, што-кольвечы ўбачыць у ім, і паціху ішоў над канавай. Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў, пасля плот з забытай анучай на жардзіне. За рогам крайняй хаты, куды паварочвала дарога, чулася прыглушаная туманам прысутнасць людзей, і Пшанічны яшчэ болей устрывожыўся ад думкі — хто там? Яму страшна было зноў напаткаць сваіх, рускіх, якія невядома як аднесліся б да яго, бяззбройнага. Зноў жа — стала боязна і немцаў, Пшанічны на момант упершыню адчуў невыразную прыкрасць ад свае паспешнасці, але ўжо было позна.
З-за рога хаты раптам высунуўся танклявы, падпяразаны, у казыркастай шапцы салдат; упіраючыся нагамі ў зямлю, ён ускаціў на сухое матацыкл і, не выпускаючы з рук руля, паставіў нагу на завадны педаль. Пшанічны не адразу зразумеў, хто перад ім, і спыніўся ад нечаканага страху. Матацыкл тым часам загыркатаў, і тады немец убачыў разгубленага Пшанічнага. Салдат устрапянуўся, крыкнуў, схапіўся за аўтамат, што боўтаўся на яго грудзях. З-за хаты выбег яшчэ адзін немец у плямістым, як жаба, камбінезоне, і Пшанічны, адчуўшы, як у грудзях яго нешта абарвалася, няспрытна і з нейкай раптоўнай нязладнасцю ў душы ўзняў рукі.
Немцы сталі ля матацыкла, трымаючыся за аўтаматы, а ён, ледзьве перастаўляючы замлелыя ногі, боязна ішоў да іх. Яны не стралялі, толькі гыркнулі злосна і варожа нешта незразумелае, і адзін, той, што заводзіў матацыкл, — белатвары, з абвіслай губой мужчына, — ступіў да яго насустрач. Ён нешта закрычаў па-свойму, Пшанічны не зразумеў і, не апускаючы рук, паспрабаваў вытлумачыць:
— Я — плен, плен. Рус капут…
Ён апусціў адну руку, спрабуючы дастаць з-за пазухі недаравальна забыты ў такую хвіліну пропуск-лістоўку, але немец пагрозліва крыкнуў і тыцнуў яму аўтаматам у грудзі.
Другі, маладзейшы, стаяў зводдаль і, наставіўшы на яго зброю, цікаўна аглядаў перабежчыка сваімі лянівымі вачыма.
Так Пшанічны стаяў з узнятымі рукамі пад скіраванымі на яго аўтаматамі. На гоман з двароў яшчэ выбягалі немцы, падкаціла некалькі матацыклаў з каляскамі, з якіх тырчалі ручныя кулямёты. Той, маладзейшы, салдат і яшчэ адзін падступілі да яго, сцягнулі з плячэй рэчавы мяшок, абмацалі кішэні, бесцырымонна сарвалі з ланцужка ножык. Пшанічнаму не шкада было свайго барахла, яго прыгнятала толькі гэтая беспрычынная злосць у іх рухах і тварах, насцярожаная падазронасць да яго. Ён усё спрабаваў пераканаць то аднаго, то другога, што ён не мае дрэннага намеру і па сваёй волі здаецца ў палон, пры гэтым крыва ўсміхаўся з незатухлым страхам у вузкіх вачах і бубніў:
Читать дальше