Калі ўрэшце ў канцы дарогі з дымчатай завесы туману выніклі невыразныя прыземістыя сілуэты матацыклаў, Фішар упёр локці ў гразь бруствера і прыцэліўся. Але ад доўгага напружання зрок яго ўсё болей мутнеў, туман і праклятая блізарукасць не давалі як трэба разгледзець цэль. Фішар перавёў дыханне, прыклаўся яшчэ раз і тады сцяміў, што трапіць у ворагаў зусім няма шанцаў.
Тое адкрыццё было жахлівае, баец спалохаўся і зноў разгубіўся. А матацыклы тым часам, усё болей набіраючы хуткасць і штораз выразней акрэсліваючыся ў тумане, шпарка сунуліся па гразі дарогі.
Не ведаючы, што зрабіць болей, каб як спыніць ворагаў, баец усё ж сяк-так прыцэліўся і стрэліў. Прыклад балюча штурхнуў у плячо, у твар патыхнула гаркатой пораху, а матацыклы на дарозе каціліся далей. Перажыўшы нядоўгае змярцвенне, Фішар хуценька перазарадзіў і зноў стрэліў, пасля яшчэ і яшчэ.
Выпусціўшы абойму, ён шырока расплюшчыў вочы і ўгледзеўся. Нідзе ва ўсёй калоне не было ніякага знаку яго стрэлаў — ніхто не спыніўся, не паглядзеў у той бок, дзе сядзеў Фішар. Пярэдні матацыкл ужо шпарка набліжаўся к бярозам, і байцу трэба было ўцякаць ці стаіцца. Але тут яму з незвычайнай выразнасцю ўявіўся строгі скуласты Карпенкаў твар, і Фішар амаль наяве чуў яго звычайны зняважлівы вокліч: «Разява». Гэта балюча сцебанула па яго пачуццях; не ведаючы яшчэ, што ён зробіць, Фішар увапхнуў у магазін новую абойму і скіраваў вінтоўку ў бок недалёкіх бяроз.
Гэта было самае пэўнае і самае небяспечнае з усяго магчымага ў тых надзвычайных абставінах. За нядоўгі час, пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера і вёў, вёў ствалом за матацыклам, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Ён канчаткова страціў тады са свайго адчування і жыццё, і мастацтва, і развагі аб годнасці свае асобы — увесь свет у той час абмежаваўся для яго толькі дакорлівым позіркам злосных старшыновых вачэй і гэтым імклівым ланцужком матацыклаў.
Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыны і не дужа імкліва, але ўсё шпарчэй набліжаўся. Ужо стаў відаць плячысты вадзіцель у шынялі і казыркастай шапцы, які, ні разу не варухнуўшыся, здавалася, зліўся ў адно з машынай; ніжэй, у калясцы, бачны быў другі немец — на ім высока тырчала фуражка і цямнеў чорны каўнер шыняля. Баец не думаў тады, што яго могуць расстраляць раней, чым паспее стрэліць ён сам, ён не дужа хаваўся ў акопе і ўсё вёў, вёў ствалом за тым блізкім пярэднім ворагам, пакуль ён не параўняўся з бярозамі, і тады стрэліў. Той, што сядзеў у калясцы, адразу хіснуўся на сядзенні, аберуч ухапіўся за грудзі і размашыста дзябнуў ілбом аб жалеза каляскі. Нейкім абвостраным, ненатуральным слыхам Фішар учуў у грукаце матораў той гук, і зараз жа страшэнны гром вострым болем расшчапіў яго галаву. Баец выпусціў з рук вінтоўку і, абцярушваючы рукамі мокрую зямлю, споўз на дно акопа.
Нейкі час ён яшчэ быў жывы, але ўжо не адчуваў нічога. Не бачыў баец Фішар, як кінуліся немцы да першага і адзінага забітага ім ворага, як беражна ўклалі яго, акрываўленага, у люльцы, як двое ці трое саскочылі з матацыклаў, шастаючы ў іржышчы ботамі, падбеглі да акопчыка і разрадзілі ў яго свае аўтаматы. Малады аўтаматчык у плямістым разведчыцкім камбінезоне з раўнадушнымі вачыма нагнуўся над ім, ірвануў за мокры каўнер яго шыняля і гідліва кінуў, мякка стукнуўшы скроняй аб мокрую сцяну акопа. Ён пастаяў над забітым, не ведаючы, што зрабіць яшчэ, і пасля з абыякавасцю піхнуў ботам процівагазную сумку, звечара забытую на брустверы. З сумкі вылецеў кавалак счарсцвелага хлеба, некалькі абоймаў патронаў і пашкуматаная старая кніжка ў чорнай вокладцы — «Жыццё Бенвенуто Чэліні, фларэнційца, напісанае ім самім». Адляцеўшы ў іржышча, яна расхінулася, і ранішні вецер, які пачаў ужо разганяць туман, паціху заварушыў яе зачытаныя, пашкуматаныя старонкі…
Учуўшы далёкую, знаёмую па тэмпу чаргу нямецкага кулямёта, Карпенка рвануў дзверы і зычным голасам, здольным узняць полк, закрычаў у старожку:
— У ружжо!!!
Глечык і Свіст, жмурачы заспаныя вочы на замурзаных, нямытых тварах, кінуліся ў дзверы. Свіст спрасонку не мог трапіць у рукаў шыняля, няспрытна распінаў яго і так выскачыў са старожкі, няўцямна азіраючы абшар. Аўсееў бліснуў спалохам на раптоўна збялелым твары, хуценька скочыў у траншэю і прытуліўся ў ячэйцы. Карпенка тым часам таксама заняў сваё ўкрыццё і залязгаў затворам, зараджаючы кулямёт.
Читать дальше